Показаны сообщения с ярлыком гумар. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком гумар. Показать все сообщения

26.12.2025

Апавяданні пра канец свету

Твораў, што апісваюць гэтую тэарэтычна магчымую падзею, у мяне няма, бо і як аўтар, і як чытач я прыхільнік рэалізму, на фантастыку ці якую-небудзь іншую прыдуманую лухту (прыгодніцтва напрыклад, або забаўляльную падачу гісторыі) мне шкада часу, аддаю перавагу праўдзе жыцця — пішу на мяжы мастацкай літаратуры і журналістыкі, такога самага характару тэксты ахвотна спажываю.

30.10.2025

На карчы заехаў у вышэйшы свет

Трактарыст і даярка адправілі свайго сына пасля заканчэння школы ў далёкі горад вучыцца ў машынабудаўнічым каледжы на зваршчыка — каб меў шанц уцячы з вёскі, а калі што якое, дык заўсёды знайшоў бы запасны аэрадром у родным калгасе (спецыяльнасць — запатрабаваная і прамысловасцю, і будоўляй, і сельскай гаспадаркаю).

14.10.2025

Хуліганска-асветніцкі варыянт сентыментальнага верша

Памятаеце маю «Чыгуначную элегію»? Каб разагнаць журбу, якой здольны напусціць той верш (нагадаю, гэта не проста верш, а вершаваны каментарый да фотаздымка двух цягнікоў), я перарабіў яго на дураслівы лад. Штуршком да перайначвання стаў дасланы ў маю рэдакцыю міліцыяй прафілактычны ліст (для апублікавання) пра неабходнасць абачлівых паводзін на чыгунцы.

02.06.2025

Грэхападзенне тэкстароба

Страціў я цноту прыгожапісьменскую — упершыню скарыстаўся штучным інтэлектам дзеля рашэння задачы літаратурнага характару. Не ў творчасці, што над убоствам жыцця ўздымае і да высокіх матэрый узносіць, а ў рамястве — у рэпарцёрстве пагарджаным дзеля хлеба надзённага, але гэтая акалічнасць не апраўдвае мяне: пакаштаваў плода забароненага (персоны, ад мастацтва слова зусім далёкія, у чым забароннасць, могуць не зразумець).

Спатрэбілася прыдумаць агульную рубрыку для трох газетных публікацый, рознымі кампанентамі зместава-ідэйнай структуры датычных тэмы працы, і так, каб слова «праца» ў рубрыцы не фігуравала, бо яно прысутнічае ў загалоўку аднаго з гэтых трох тэкстаў. Падумаў-падумаў, нічога ў галаву не прыйшло (настрой нулявы, думкі рая́цца больш пра адну асабістую праблему, што ўжо доўга вісіць каменем на шыі маёй), а час падціскае, трэба нумар здаваць у друк, і прыгадаў я, што існуюць жа гэтыя самыя нейрасеткі.

Адучванні пасля першага вопыту — п'яна-палётныя (зямля з-пад ног) і супярэчлівыя, карусель эмоцый: захапленне і эйфарыя (вось яно, аказваецца, як можна! Эх, цяпер дам сабе волю — зраблюся заўсёднікам гэтага саромнага месца з лёгкадаступнымі рашэннямі складаных задач), расчараванне і прыкрасць (нікчэмны я аўтар, калі не абышоўся без дапамогі), ганьба і раскаянне (ведалі б чытачы, што не сам я змайстраваў падсунутае ім ад майго імя...).

© Сяргей Абрамовіч, 2025

01.03.2025

Ачуньвайце, куміры натоўпу

Нягледзячы на ўсю прэтэнцыёзнасць, манернасць, загадкавасць і гламурнасць слова «інфлюэнсер», у маім уяўленні гэтае абазначэнне ўплывовай персоны выклікае вобраз не самазакаханага балбатуна-блогера ці знакамітага спецыяліста па чым-небудзь, а смаркатага ды слязлівага небаракі, які ляжыць, спацелы пасля аспірыну, ссунуўшы коўдру ад барады да жывата, праз боль у горле няздольны ні есці, ні гаварыць, і не адчувае, ці то нюх страціўшы, ці то прызвычаіўшыся, прэла-задушлівага смуроду, утворанага выпарэннямі недагледжанага цела (падчас прастудных захворванняў некаторыя мужна ўстрымліваюцца ад мыцця да поўнага ачуньвання), вільготнай пасцелі і накрышанага ў сподачак часнаку: фальклорны правобраз бактэрыцыднага рэцыркулятара паветра стаіць побач з ложкам на табурэтцы разам са шклянкамі ды флаконамі і дае пакуль што здаровым сужыхарам гаротніка надзею на тое, што не заразяцца яны грыпам, іншым найменнем якога, калі хтосьці яшчэ не зразумеў сэнсу маіх асацыяцый, з'яўляецца «інфлюэнца».

© Сяргей Абрамовіч, 2025

08.01.2025

Тры песні пра бясколы грузавік. Перапрацоўка фальклорнага сюжэта

У школьныя гады, класе ў восьмым (гэта былі 90-я), я пачуў ад сяброў дураслівую песеньку на рускай мове пра грузавік без колаў: на ім ехалі розныя інваліды (бязрукі сядзеў за рулём, бязногі націскаў на педалі і г.д.), грузавік спынілі бандыты, але інваліды далі ім добры адпор, і… І нічога, песенька аказалася незакончанай: развязкі не адбылося, сюжэт не меў фіналу, апошнія радкі гучалі наступным чынам:

Остальная банда разбежалась,
Но безногий быстро всех догнал.
А безрукий карты раздавал,
А беззубый семечки щелка́л (менавіта так, з няправільным націскам, гучала апошняе слова — щелка́л).

04.07.2024

Рашэнне рэбуса — праз чужую хваробу

Неяк улетку на ўскраіне маленькага і ціхага, невыразнага, нічым не адметнага, не знакамітага райцэнтрыка, забудаванага ў гэтым месцы зусім па-вясковаму — прыватныя сядзібы з агародамі і хлявамі ды стары цагляны двухпавярховік на некалькі кватэр, — пачаліся перабоі з вадою: у любы час, нечакана і без відавочнай прычыны, з рознай частатою (калі раз на суткі, калі два, калі пяць) рабіўся вельмі слабым напор. З ім не маглі працаваць пральныя машыны і не атрымлівалася схадзіць у душ, кран скупа, бы самагонны апарат ці падсечаная вясною бяроза, выпускаў вадзяную нітачку, а на другім паверсе і ў некалькіх дамах, што стаяць на ўзгорку, увогуле з трубы толькі сіпела ды булькатала.

08.02.2024

Невыязная элегія

Бядую, што праблемы з тэхаглядам:
Я не прайду яго з маім карчом.
Для ўсіх інспектар — з жэзлам паласатым,
А для мяне — з дамоклавым мячом.

Я не прайду. Гляджу я праўдзе ў вочы
І ведаю, што шанцаў роўна нуль:
Сігнал маўчыць, ручнік трымаць не хоча,
Глушак дзіравы, і люфтуе руль...

На СТА тарыфы для буржуяў,
Я сам сабе зрабіў бы задарма,
Ды гаража не маю — і сяджу я
І лынды б'ю, бо на дварэ зіма.

Паездзіў з месяц, а далей — баюся:
Спынілі і, хоць штрафу не далі*,
Зафіксавалі факт, зноў пападуся —
Папоўняць дзяржбюджэт мае рублі.

Стаіць панура хворы конь жалезны.
Лячыць яго не буду да вясны.
Хоць крыўдна мець машыну і не ездзіць,
Але пакуль што я невыязны.

__________

* У адпаведнасці з арт. 18.11 КаАП за язду без тэхагляду прадугледжаны штраф, але калі на працягу года перад гэтым кіроўцу не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па вышэйзгаданым артыкуле і ён прызнае віну, то замест штрафу толькі выносіцца папярэджанне.

__________

Гэты верш я складаў адначасова на дзвюх мовах — беларускай і рускай (менавіта так, паралельна, крыху на той, крыху на гэтай, таму не магу сказаць, што напісаў на адной, а пасля пераклаў на іншую). Ніжэй прыводжу рускамоўны варыянт.

Невыездная элегия

Увы, на техосмотр свое корыто
Я не гонял: в нем есть и люфт, и течь.
И все дороги мне теперь закрыты*,
Мне полосатый жезл — дамоклов меч.

Клаксон молчит. Ручник держать не хочет.
Глушак дырявый. Непослушен руль.
Я техосмотр пройти желаю очень,
Но ясно и глупцу, что шансов нуль.

Услуги СТО не по карману,
Шаманить самому условий нет:
Нет гаража (пускай бы хоть без ямы),
А на дворе зима — и лед, и снег…

Бывало нужно — выезжал, осмелясь,
Но вот попался — и предупрежден:
Еще раз остановят — раскошелюсь**.
Отныне буду соблюдать закон.

Больной, стоит уныло конь железный.
Начну его лечение весной.
Машина есть, и есть охота ездить,
Но я, увы, пока невыездной.

__________

* Комментарий для жителей Российской Федерации: в Беларуси, в отличие от России, для допуска к участию в дорожном движении все автомобили должны периодически проходить государственный технический осмотр.

** За езду на автомобиле без техосмотра статьей 18.11 КоАП Республики Беларусь предусмотрен штраф, но если водитель попался первый раз в течение года и при этом признает вину, то ему только выносится предупреждение.

© Сяргей Абрамовіч, 2024

23.01.2024

Угнявіў баксёра, але застаўся цэлым

Як і ўсе правільна выхаваныя савецкія юнакі, павестцы з ваенкамата ён узрадаваўся. Праўда, і магчымасці ўхіліцца ад выканання якіх заўгодна абавязкаў, сачкануць ды закасіць ён ніколі не прапускаў, і выкананне ганаровай місіі па нясенні тэрміновай службы таксама пачаў з сабатажніцкіх выкрутасаў.

16.09.2023

Усё пад кантролем

І замок сур'ёзны, і ключ у надзейных руках.

24.08.2023

Выкшталцоная помста ці няўдалы брэндынг?

Калі чую пра кроплі для носа «Рузана» (напрыклад, у лякарні або ў рэкламе па тэлевізары), то думаю, што гэта нейкая жанчына, якую так завуць, пакрыўдзіла кагосьці, хто мае ўплыў у фармацэўтычнай прамысловасці (можа, чыйгосьці жаніха адбіла ці, наадварот, адрынула нейкага залётніка), і гэты хтосьці ў якасці помсты назваў імем крыўдзіцельніцы сродак ад саплей. Калі такая фантазія адпавядае рэчаіснасці, то крыўда ўплывовай персоне ўчынена не самая страшная, іначай увасобілі б Рузану ўвогуле ў якіх-небудзь свечках супрацьгемаройных ці ў таблетках ад паносу. Зрэшты, існуе верагоднасць, што проста на той момант вытворца (ТАА «Рубікон», г. Віцебск) не меў на бліжэйшы час планаў па выпуску адпаведных прэпаратаў, а пацярпеламу боку нясцерпна карцела адпомсціць тут і зараз, вось і выбраў пакутнік штосьці самае гідкае з усяго даступнага.

© Сяргей Абрамовіч, 2023

09.06.2023

Падпольная партыя ў школе і змова супраць генсека ў дзіцячым садзе

Сёння згадваю гэтыя эпізоды свайго савецкага дзяцінства з іроніяй і настальгіяй, а тады мае паводзіны і паводзіны маіх сяброў у ніжэйапісаных сітуацыях былі сапраўднай крамолай — непаслушэнствам перад бацькамі і дыскрэдытацыяй апошняга генсека ЦК КПСС.

07.01.2023

Клептакрэйдаманка

Жанчына-загадка маіх студэнцкіх гадоў (1996 — 2001), дагэтуль мною не разгаданая. Чытала нам лекцыі па псіхалогіі. Тэмпераментная, эмацыйная, схільная да публіцыстычнага, палкага, мітынговага стылю маўлення (з улікам гэтых асабовых адметнасцей мяркую, што практычны псіхолаг з яе наўрад ці атрымаўся б). Дацэнт, г.зн. персона ўжо не юная, але яшчэ і не пенсіянерка (дакладна вызначаць узрост паводле знешнасці не ўмею).

31.10.2022

Спрэчка пра літаратуру з п'яным шафёрам

Летнім вечарам ішоў я, размінаў суставы пасля двухгадзіннага сядзення ў электрычцы, па роднай вёсцы, прыехаўшы на выхадныя са сталіцы, дзе ў той час жыў. Вёска мая вялікая, некалькі тысяч жыхароў і дзясяткі са два пяціпавярховікаў. Якраз каля аднаго з такіх дамоў на нефарбаваных і пашарэлых ад часу драўляных лавачках, укапаных літараю «П» вакол гэткага самага пашарэлага стала, сядзеў мой аднакласнік з нейкім, відаць, сваім сябрам. На стале радаваў вока нацюрморт наступнага зместу: адпітая паўлітроўка гарэлкі (праз хвіліну-другую, сядаючы за стол, я ўбачыў пад ім, на зямлі, яшчэ адну такую самую, толькі пустую), два пластыкавыя стаканчыкі, даўжынёю з паўбутэлькі абгрызак каўбасы накшталт хатняй пальцам піханай і абкрышаны, абскубены паўбохан чорнага хлеба (не маючы нажа, адхоплівалі ад яго рукамі).

03.01.2022

Штукаркі-гарэзніцы, жулікі і міласэрныя даносчыкі

З жыцця малодшых школьнікаў


* * *

Чарадзейства-блазенства, усур'ёз успрынятае


Чацвёртакласнікі ведалі, што на матэматыцы ў іх сёння будзе кантрольная, і нічога добрага ад гэтай падзеі не чакалі.

31.05.2021

За здраду жонцы заплаціў новай машынай

Жанаты мужык купіў машыну і перш-наперш паехаў да каханкі. Пакуль забаўляўся з ёй, на дах машыны, пакінутай каля пад'езда, дзеці-хуліганы скінулі з даху дома гумовы выраб далікатнага прызначэння, напоўнены вадою (хто не здагадаўся, мужык, напэўна, у тыя хвіліны гэткім самым вырабам карыстаўся). У выніку ад каханкі давялося ехаць адразу да майстра кузаўнога рамонту.

© Сяргей Абрамовіч, 2021

20.05.2021

Дзве байкі з калгасных сенажацяў

У дзяцінстве я заспеў часы, калі калгаснікі масава і арганізавана (у прызначаны дзень) выязджалі з начоўкаю нарыхтоўваць сена ручным спосабам (каса, граблі, вілы) у аддаленыя, сярод лясоў і балот, лугі. Магчыма, датуль не даходзіла тэхніка, а можа, яе гарачай парою не хапала, ці нават увогуле не на калгас людзі выжыльваліся, а дзеля сябе шчыравалі (сабе касілі на выдзеленых калгасам насельніцтву ўчастках), — гэтымі дэталямі не валодаю, бо ў тым узросце яны мяне не цікавілі.

01.05.2021

Галодная праведніца і сыты грэшнік

— Каб ты, сволач, да раніцы не дажыў, каб табе, іраду, свету белага не ўбачыць, як я праз цябе ежы не ўбачыла! — завіхаючыся вечарам у двары (адбывалася гэта ў прыватным сектары ў правінцыйным гарадку), крычала жонка на мужыка так, што чулі насельнікі суседніх вуліц (самога яго побач не было: адчуваў віну і таму стараўся трымацца ад узлаванай спадарожніцы жыцця далей, не трапляць на вочы). — Я ледзьве ногі перасоўваю ад голаду, пост вытрымліваю, сёння можна было рыбу есці, згатавала, не паспела адвярнуцца на хвіліну, як ты, пачвара, праглынуў, каб ты задушыўся! Ну ты же не посцішся, ты ж мясам кожны дзень чэрава набіваеш, ты, жываглот, не мог без той рыбы абысціся?! Я ледзь жывая, думала, хоць крыху сілы набяруся, дык не, крывасмок, апошнія з мяне высмактаў, нервы ўзняў, нелюдзь пракляты, гіцаль, каб цябе разарвала!

З такімі чыстымі і ўзнёслымі думкамі, з такім мірам у душы, з такой любоўю да бліжняга свайго і ўсёдараваннем сустрэла прававерная хрысціянка Вербную нядзелю, калі падчас велікоднага посту праваслаўным даецца палёгка — дазваляецца спажываць рыбу.

© Сяргей Абрамовіч, 2021

24.04.2021

Алканаўт збіўся з курсу і просіць дапамогі

Тым жнівеньскім вечарам я лёг раней, бо заўтра мяне чакаў хоць і захапляльны, але няпросты, напружаны дзень, які вымагаў нямала энергіі: пад'ём а палове на пятую, пешшу ў цэнтр горада — на месца збору групы, пераезд аўтобусам за пару сотняў кіламетраў, прысутнасць на масавым мерапрыемстве, зваротны шлях з прыпынкам на пікнік...