03.01.2022

Штукаркі-гарэзніцы, жулікі і міласэрныя даносчыкі

З жыцця малодшых школьнікаў


* * *

Чарадзейства-блазенства, усур'ёз успрынятае


Чацвёртакласнікі ведалі, што на матэматыцы ў іх сёння будзе кантрольная, і нічога добрага ад гэтай падзеі не чакалі.

На перапынку перад непажаданым урокам дзве баявыя і знаходлівыя сяброўкі-штукаркі, нефармальныя лідаркі класа, зазірнулі ў смартфоны і знайшлі нейкі магічны абрад на непрыход настаўніцы: здзейсніш яго — і настаўніца з той ці іншай прычыны не дойдзе да класа (захварэе, тэрмінова выклічуць яе куды-небудзь і г.д.).

— Давайце, рабіце хутчэй! — ухапіліся аднакласнікі за апошнюю надзею.

Гарэзніцы намалявалі на дошцы кола з пяціканцовай зоркаю ўсярэдзіне, на зорцы — распасцёртага чалавека, паміж крыламі зоркі — па запаленай свечцы і сталі чытаць замову. У гэты момант увайшла настаўніца. Абрад сарваўся, кантрольная адбылася. А настаўніца, якой дзеці з ліку нястрыманых на язык растлумачылі прызначэнне малюнка на дошцы, расхвалявалася, пакрыўдзілася і ўвечары патэлефанавала бацькам чараўніц — паскардзілася, што яны хацелі яе са свету звесці:

— Я, — казала, — не забабонная, але сам факт, што яны на такое пайшлі, красамоўны, характарызуе іх адносіны да мяне.

Бацькі не ведалі, як рэагаваць, ці то смяяцца, ці то прасіць прабачэння за свавольствы дзяцей, каб настаўніца яшчэ мацней не засмуцілася: яна ж, відавочна, узяла ўсё надта блізка да сэрца.

Першакласнікі-вымагальнікі


У першакласніка ў падоўжанцы знік смартфон. Прэстыжны і даражэнны, але з трэснутым шклом і таму куплены ледзь не задарма з рук. Бацькі ўсё абяцалі здаць яго ў рамонт, ды так і не паспелі.

Хлопчык плакаў, выхавальніца хвалявалася, і бацькі, калі даведаліся, засмуціліся. А назаўтра смартфон знайшлі сярод цацак два яго аднакласнікі.

— Ты згубіў — значыць, згубіў, а мы знайшлі — значыць, ён наш, — разважылі яны. — Калі хочаш, каб аддалі, прынясі нам па шакаладцы, пачку чыпсаў і жуек.

Законны ўладальнік знойдзенай прапажы ўспрыняў выстаўленыя яму ўмовы як належнае і прастадушна згадзіўся, сказаў, што папросіць бацькоў купіць патрэбныя пачастункі. Але да таго, як дзяцей пачалі забіраць, пра знаходку даведалася выхавальніца, і смартфон вярнуўся да хлопчыка за проста так.

Выратаванне юнага вэйпера


Пяцікласнік пахваліўся сябру-аднакласніку, што курыць электронную цыгарэту, купленую на ашчаджаныя кішэнныя грошы таемна ад бацькоў у санаторыі, куды яны ездзілі ўсёй сям'ёй і дзе на першым паверсе ў фае кожны дзень камерсанты разгортвалі гандаль усялякім шырспажывам. Сябар не стрымаў языка перад аднакласніцай, тая — перад іншымі аднакласніцамі і аднакласнікамі, а яны таксама не збераглі сакрэту...

Калі дзяліцца таямніцаю ўнутры дзіцячага калектыву не засталося з кім, г.зн. усе ўжо ведалі пра курца, паміж дзецьмі на перапынку разгарэлася дыскусія наконт таго, ці не даць гэтай інфармацыі далейшы ход. Большасць крычала, што трэба далажыць класнай кіраўніцы дзеля яго ж, курцовай, карысці: летась жа папярэдняя класная, тая, што вяла іх на працягу пачатковай ступені адукацыі, наказвала паведамляць пра сумніўныя ўчынкі таварышаў, а наконт курэння палохала, што гэта вельмі небяспечна для здароўя, асабліва дзіцячага, аж да смяротнага зыходу.

— Каб ён не памёр! — аргументавала сваю пазіцыю дзяўчынка з ліку тых, каму карцела пашырыць кола датычных да сітуацыі асоб фігураю настаўніцы.

— Гэта яго жыццё, і ён ім распараджаецца, няхай хоць з пятага паверха скочыць, адчапіцеся ад яго! — парыравала ўпэўненая ў тым, што рабіць таямніцу здабыткам кагосьці акрамя тых, хто ёю ўжо валодае, непрымальна.

У выніку кожны лагер застаўся пры сваім меркаванні, і тыя, хто не жадаў трымаць рот на замку, разбегліся па школе: хтосьці кінуўся з дакладам да дырэктара, хтосьці — да завуча па вучэбнай частцы, хтосьці — па выхаваўчай, а хтосьці нават злётаў на першы паверх да мінулагодняй класнай і пахваліўся, як верна выконвае яе запаветы наконт клопату пра здароўе аднакласнікаў.

Але расколу ў калектыве не адбылося, ніхто ні з кім не пасварыўся, ніхто ні на каго смяротна не пакрыўдзіўся, толькі юны вэйпер пасля прафілактычнай гутаркі ў кабінеце дырэктара на некаторы час замкнуўся, пару дзён быў панурым і негаваркім.

© Сяргей Абрамовіч, 2022