Твораў, што апісваюць гэтую тэарэтычна магчымую падзею, у мяне няма, бо і як аўтар, і як чытач я прыхільнік рэалізму, на фантастыку ці якую-небудзь іншую прыдуманую лухту (прыгодніцтва напрыклад, або забаўляльную падачу гісторыі) мне шкада часу, аддаю перавагу праўдзе жыцця — пішу на мяжы мастацкай літаратуры і журналістыкі, такога самага характару тэксты ахвотна спажываю.
Але паколькі ў штодзённым жыцці тэма канца свету часам усплывае (хаця б мімаходзь і ўскосна, у балбатні, як выклічнік ці складнік выразу фразеалагічнага характару), то знайшла яна адлюстраванне і ў некаторых маіх нататках. Кожны чалавек калі-небудзь задумваецца пра фінал свайго жыцця, пра непазбежнае заканчэнне жыцця сваіх блізкіх і… пра апошнюю старонку сусветнай гісторыі. Гэты дзень абавязкова надыдзе, бо ўсё заканчваецца, праўда?
Хтосьці ўпэўнены, што планета Зямля і жыццё на ёй вечныя, хтосьці — што раней ці пазней адбудзецца глабальная катастрофа прыроднага ці тэхнагеннага характару, хтосьці — што біясфера планеты знікне паступова як вынік пагаршэння ўмоў існавання арганізмаў…
Пакуль што ў мяне ёсць два тэксты (жанрава іх можна лічыць і апавяданнямі, і замалёўкамі), у якіх я згадаў апакаліпсіс, абодва — гумарыстычныя: «Перапалох напярэдадні канца свету» і «Бессэнсоўна стрыгчыся за дзень да канца свету».
© Сяргей Абрамовіч, 2025