Летнім вечарам ішоў я, размінаў суставы пасля двухгадзіннага сядзення ў электрычцы, па роднай вёсцы, прыехаўшы на выхадныя са сталіцы, дзе ў той час жыў. Вёска мая вялікая, некалькі тысяч жыхароў і дзясяткі са два пяціпавярховікаў. Якраз каля аднаго з такіх дамоў на нефарбаваных і пашарэлых ад часу драўляных лавачках, укапаных літараю «П» вакол гэткага самага пашарэлага стала, сядзеў мой аднакласнік з нейкім, відаць, сваім сябрам. На стале радаваў вока нацюрморт наступнага зместу: адпітая паўлітроўка гарэлкі (праз хвіліну-другую, сядаючы за стол, я ўбачыў пад ім, на зямлі, яшчэ адну такую самую, толькі пустую), два пластыкавыя стаканчыкі, даўжынёю з паўбутэлькі абгрызак каўбасы накшталт хатняй пальцам піханай і абкрышаны, абскубены паўбохан чорнага хлеба (не маючы нажа, адхоплівалі ад яго рукамі).
Я хацеў мінуць гэтую пачэсную бяседу, але аднакласнік мяне заўважыў і радасна паклікаў. Не бачыліся мы з ім даўно, са школы: я вучыўся ва ўніверсітэце, пасля выкладаў мову і літаратуру ў іншай вёсцы (тамсама і жыў), пазней перабраўся ў сталіцу і стаў журналістам-газетчыкам, а ён адслужыў у войску, навучыўся на кіроўцу тралейбуса і атрымаў інтэрнат — таксама ў сталіцы, прыжаніўся да гараджанкі з кватэраю, зрабіўся бацькам, развёўся, вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся шафёрам у калгас. Сабутэльнік яго аказаўся і калегам — круціў абаранак у тым самым сельгаспрадпрыемстве.
Толькі што я спрабаваў застацца незаўважаным, але імгненна паддаўся прыўзнятаму настрою старога знаёмага і ахвотна далучыўся да кампаніі. У савецкія часы і гадоў дзесяць пасля іх у вёсцы дзейнічала, як называлі яе ў народзе, «апорка» (слова ўтворана паводле аналогіі з формамі «вучэбка», «пажарка» і інш.) — апорны пункт міліцыі ад раённага аддзела ўнутраных спраў, размешчаны ў будынку музычнай школы ў двух кабінетах з асобным уваходам (кругласутачна там дзяжурыў хаця б адзін міліцыянер), — але цяпер таго пункта ўжо не было, і, седзячы з бутэлькаю ў грамадскім месцы, ніхто нічым не рызыкаваў (ішла сярэдзіна двухтысячных, эпоха смартфонаў, сацсетак і масавай распаўсюджанасці сістэм відэаназірання яшчэ не настала, ва ўсялякім разе ў правінцыі).
Бутэльку апаражнілі хутка, і крошкі хлеба падабралі, і ад каўбасы толькі пах на кончыках пальцаў застаўся. Схадзілі ў краму і ўзялі яшчэ — зноў літр і закускі крыху.
Слова да слова, сябар майго аднакласніка паскардзіўся на бязладдзе і несправядлівасць у калгасе: начальства, маўляў, вычаўпляе што хоча, маёмасцю казённаю нібы ўласнаю распараджаецца (зерне, будматэрыялы, паліва цягне, тэхніку эксплуатуе), прэміі сабе налічвае астранамічныя, а працаўнікоў шараговых за людзей не мае, працаваць прымушае без перадыху, плаціць капейкі і з затрымкамі, і ўсе слова насуперак прамовіць баяцца, і сам ён, хлопец гэты, язык за зубамі трымае, бо калі рот раскрые, яму тады жыцця не дадуць.
— А што канкрэтна табе могуць благога зрабіць, чым да сценкі прыперці? — пацікавіўся я. — Можа, звольніць пагражаюць?
— Не, звальняць яны самі не зацікаўленыя, — упэўнена адказаў суразмоўца. — Людзей не хапае, на маё месца адразу не знойдзеш каго пасадзіць.
— Дык што тады, як не звальненне? — дапытваўся я.
— Ну, напрыклад, буду я везці зерне ад камбайна і дзесьці рассыплю крыху. А яны тады на мяне такія нястачы павесяць, што заробку не ўбачыш.
— Але гэтага ж можна пазбегнуць, — разважыў я. — Табе даручылі сыпучы груз, дык пакрый яго брызентам і вязі далікатна, на ямках прытарможвай, на паваротах хуткасць збаўляй — карацей, выконвай абавязкі належным чынам, і не будзе да чаго прычапіцца. Хіба не так?
— Ну, так.
— Добра, і якія ў такім разе яшчэ ў іх козыры супраць цябе?
Тут нас перабіў мой аднакласнік, які дагэтуль моўчкі дыміў цыгарэтаю:
— А я вам вось што скажу, — урачыста, пафасна, катэгарычна і пыхліва-аўтарытэтна, нібыта абясцэньваючы, адхіляючы нашы некампетэнтныя развагі і адкрываючы нам, невукам, вочы на ісціну, абвясціў ён. — Як пісаў Пікуль у сваім рамане «Порт-Артур», парадку ў Расіі не было, няма і не будзе!
— «Порт-Артур» напісаў Сцяпанаў, — паправіў я і хацеў яшчэ дадаць колькі слоў пра недарэчнасць атаясамлівання сучаснай Беларусі з Расіяй пачатку мінулага стагоддзя, але не паспеў, бо аднакласнік паспяшаўся запярэчыць:
— Не, Пікуль напісаў!
— Дык тады, можа, ты «Нячыстую сілу» маеш на ўвазе? — прапанаваў я версію. — У гэтым рамане Пікуль сапраўды паказвае дэградацыю царскай улады незадоўга да бальшавіцкага перавароту.
— Не, Пікуль я табе кажу, і «Порт-Артур»!
Што ж, прозвішча Пікуль у параўнанні з няхітрым Сцяпанавым гучыць салідна, нават загадкава і містычна, піковую масць нагадвае, і, відаць майму аднакласніку было прыемна яго прамаўляць, тым самым смакуючы сваю далучанасць да чагосьці высокага, мудрагелістага, элітарнага, таму я не стаў адбіраць у яго гэтае задавальненне:
— Добра, — прамовіў, — Пікуль дык Пікуль, «Порт-Артур» дык «Порт-Артур». А хто канкрэтна ў гэтым творы гаворыць пра адсутнасць парадку — сам аўтар, ад свайго імя, ці якісьці персанаж, а то я штосьці не памятаю, даўнавата чытаў.
— Я таксама не памятаю, паручнік нейкі. Гэты, як яго… Не, палкоўнік. Той, ну…
Я ўзяўся пералічваць прозвішчы персанажаў «Порт-Артура», якія памятаў. Пасля кожнага аднакласнік адмоўна хітаў галавою: не, не ён. Калі адпаведныя персанажы ў маёй памяці скончыліся, я стаў называць дзейных асоб «Нячыстай сілы» пад выглядам порт-артураўскіх. Суразмоўца не заўважыў падмены, але постаці, якую мы шукалі, у прадстаўленай мною галерэі не адзначыў.
Карацей, без паўлітра не разбярэш, і мы вырашылі наліць, але тут высветлілася, што наліваць ужо зноў няма чаго.
— Пойдзем возьмем яшчэ, і пасля мы з табою паспрачаемся! Пра жыццё! — прамовіў ён рашуча і запальчыва, прагнучы барацьбы, бескампрамісна і ультыматыўна, выпрастаўшы над сталом правую руку і накіраваўшы ўказальны палец мне ў грудзі (сядзелі мы насупраць адзін аднаго).
Я ўлавіў у яго тоне неадэкватныя ноткі, жаданне ачмурэлага ад гарэлкі і курыва чалавека справакаваць канфлікт на роўным месцы, і насцярожыўся, але тут умяшаўся і прыняў на сябе ўдар трэці з нашай кампаніі. Пакуль мы з аднакласнікам дыскутавалі, яго сябар і калега высмактаў пару цыгарэт і абмяк, задрамаў, заківаў галавою, ледзь не дзюбаючы носам у стол, а пры словах пра дабаўку схамянуўся (не ведаю, супадзенне гэта, ці менавіта змест пачутага абудзіў у ім нейкія імпульсы), абвёў нас няўцямным асалавелым позіркам, пацягнуўся абедзвюма рукамі да майго аднакласніка, ухапіўся за яго вопратку, штосьці замармытаў, пускаючы па барадзе сліну.
— Адчапіся! — адштурхнуў яго той, замест слова «адчапіся» ўжыўшы нецэнзурны дзеяслоў.
Абслінены мармытун ускіпеў, напружыўся і памкнуўся да аднакласніка больш энергічна, парывіста, а інтанацыя яго мармытання стала выразна абуранаю і агрэсіўнаю (словаў па-ранейшаму было не разабраць).
— Я сказаў адчапіся! Што табе трэба?! — цяпер ужо мой аднакласнік не адштурхоўваў яго, а схапіў загрудкі і прыцягнуў да сябе, тварам да твару.
Пачалі дужацца, намагаючыся падняцца і не могучы, бо кожны выкарыстоўваў іншага ў якасці апоры.
— Гэй, што вы робіце, суніміцеся, хадземце лепш па дабаўку, пакуль крама не зачынілася! — паспрабаваў я вярнуць іх да розуму, але не быў пачуты і змоўк.
Крыху павалтузіўшыся, кульнуліся з лаўкі і працягвалі тузацца доле, качаючыся па траве (лавачкі са сталом размяшчаліся на дзірваністым участку сярод маладых ліп). Я падхапіўся і спешнай хадою пакіраваў дахаты: «апоркі» ў вёсцы няма, але народ весяліць я не наймаўся.
© Сяргей Абрамовіч, 2022