01.05.2021

Галодная праведніца і сыты грэшнік

— Каб ты, сволач, да раніцы не дажыў, каб табе, іраду, свету белага не ўбачыць, як я праз цябе ежы не ўбачыла! — завіхаючыся вечарам у двары (адбывалася гэта ў прыватным сектары ў правінцыйным гарадку), крычала жонка на мужыка так, што чулі насельнікі суседніх вуліц (самога яго побач не было: адчуваў віну і таму стараўся трымацца ад узлаванай спадарожніцы жыцця далей, не трапляць на вочы). — Я ледзьве ногі перасоўваю ад голаду, пост вытрымліваю, сёння можна было рыбу есці, згатавала, не паспела адвярнуцца на хвіліну, як ты, пачвара, праглынуў, каб ты задушыўся! Ну ты же не посцішся, ты ж мясам кожны дзень чэрава набіваеш, ты, жываглот, не мог без той рыбы абысціся?! Я ледзь жывая, думала, хоць крыху сілы набяруся, дык не, крывасмок, апошнія з мяне высмактаў, нервы ўзняў, нелюдзь пракляты, гіцаль, каб цябе разарвала!

З такімі чыстымі і ўзнёслымі думкамі, з такім мірам у душы, з такой любоўю да бліжняга свайго і ўсёдараваннем сустрэла прававерная хрысціянка Вербную нядзелю, калі падчас велікоднага посту праваслаўным даецца палёгка — дазваляецца спажываць рыбу.

© Сяргей Абрамовіч, 2021