Страціў я цноту прыгожапісьменскую — упершыню скарыстаўся штучным інтэлектам дзеля рашэння задачы літаратурнага характару. Не ў творчасці, што над убоствам жыцця ўздымае і да высокіх матэрый узносіць, а ў рамястве — у рэпарцёрстве пагарджаным дзеля хлеба надзённага, але гэтая акалічнасць не апраўдвае мяне: пакаштаваў плода забароненага (персоны, ад мастацтва слова зусім далёкія, у чым забароннасць, могуць не зразумець).
Спатрэбілася прыдумаць агульную рубрыку для трох газетных публікацый, рознымі кампанентамі зместава-ідэйнай структуры датычных тэмы працы, і так, каб слова «праца» ў рубрыцы не фігуравала, бо яно прысутнічае ў загалоўку аднаго з гэтых трох тэкстаў. Падумаў-падумаў, нічога ў галаву не прыйшло (настрой нулявы, думкі рая́цца больш пра адну асабістую праблему, што ўжо доўга вісіць каменем на шыі маёй), а час падціскае, трэба нумар здаваць у друк, і прыгадаў я, што існуюць жа гэтыя самыя нейрасеткі.
Адучванні пасля першага вопыту — п'яна-палётныя (зямля з-пад ног) і супярэчлівыя, карусель эмоцый: захапленне і эйфарыя (вось яно, аказваецца, як можна! Эх, цяпер дам сабе волю — зраблюся заўсёднікам гэтага саромнага месца з лёгкадаступнымі рашэннямі складаных задач), расчараванне і прыкрасць (нікчэмны я аўтар, калі не абышоўся без дапамогі), ганьба і раскаянне (ведалі б чытачы, што не сам я змайстраваў падсунутае ім ад майго імя...).
© Сяргей Абрамовіч, 2025