01.03.2025

Ачуньвайце, куміры натоўпу

Нягледзячы на ўсю прэтэнцыёзнасць, манернасць, загадкавасць і гламурнасць слова «інфлюэнсер», у маім уяўленні гэтае абазначэнне ўплывовай персоны выклікае вобраз не самазакаханага балбатуна-блогера ці знакамітага спецыяліста па чым-небудзь, а смаркатага ды слязлівага небаракі, які ляжыць, спацелы пасля аспірыну, ссунуўшы коўдру ад барады да жывата, праз боль у горле няздольны ні есці, ні гаварыць, і не адчувае, ці то нюх страціўшы, ці то прызвычаіўшыся, прэла-задушлівага смуроду, утворанага выпарэннямі недагледжанага цела (падчас прастудных захворванняў некаторыя мужна ўстрымліваюцца ад мыцця да поўнага ачуньвання), вільготнай пасцелі і накрышанага ў сподачак часнаку: фальклорны правобраз бактэрыцыднага рэцыркулятара паветра стаіць побач з ложкам на табурэтцы разам са шклянкамі ды флаконамі і дае пакуль што здаровым сужыхарам гаротніка надзею на тое, што не заразяцца яны грыпам, іншым найменнем якога, калі хтосьці яшчэ не зразумеў сэнсу маіх асацыяцый, з'яўляецца «інфлюэнца».

© Сяргей Абрамовіч, 2025