20.05.2021

Дзве байкі з калгасных сенажацяў

У дзяцінстве я заспеў часы, калі калгаснікі масава і арганізавана (у прызначаны дзень) выязджалі з начоўкаю нарыхтоўваць сена ручным спосабам (каса, граблі, вілы) у аддаленыя, сярод лясоў і балот, лугі. Магчыма, датуль не даходзіла тэхніка, а можа, яе гарачай парою не хапала, ці нават увогуле не на калгас людзі выжыльваліся, а дзеля сябе шчыравалі (сабе касілі на выдзеленых калгасам насельніцтву ўчастках), — гэтымі дэталямі не валодаю, бо ў тым узросце яны мяне не цікавілі.

У адной такой экспедыцыі мне неяк давялося прыняць удзел, калі гасцяваў у вёсцы ў бабы з дзедам. Праўда, начаваць у паходных умовах я не застаўся, пад вечар з кімсьці з родных вярнуўся дахаты.

Выехалі мы (чалавек пяць, мужчынская частка радні) досвіткам на кані, па дарозе сустрэлі мноства іншых вазоў, што кіраваліся ў адным з намі напрамку — на далёкую сенажаць. Прыехаўшы, я крыху павучыўся касіць узятаю спецыяльна для мяне невялікай касой, а пасля, стаміўшыся і страціўшы цікаўнасць да працы, купаўся, смажыў сала на вогнішчы і гуляў па лесе.

Падчас такіх масавых сенакосаў і адбыліся два ніжэйапісаныя выпадкі. Даведаўся я пра іх таксама яшчэ ў дзяцінстве, з расповедаў дарослых.

Недарэчная забава з небаракам


Адзін касец не ўмеў як след кляпаць касу. Магчыма, сучаснаму маладому пакаленню, ва ўсялякім разе гарадскому, ужо незразумела, што тут маецца на ўвазе, таму на ўсялякі выпадак збольшага растлумачу (а хто ў гэтай тэме абазнаны, можа наступны абзац прапусціць).

Каб каса лепш зразала траву, напярэдадні касьбы яе кляпалі — паклаўшы на спецыяльнае жалезнае прыстасаванне (называлася яно словам «бабка»), білі малатком па вастрыі, такім чынам робячы яго танейшым. Майстэрствам кляпання не кожны валодаў дасканала, некаторыя колькі ні пацелі (кляпаецца каса даволі доўга: трэба распляскаць кожны міліметр вастрыя), таўшчыня металу заставалася ранейшаю, і, адпаведна, здольнасць касы да рэзання — нізкаю, з-за чаго касцу даводзілася мацней налягаць на яе падчас кашэння, прыкладаць большыя намаганні.

Да ліку такіх недастаткова ўмелых кляпальнікаў адносіўся і галоўны герой гэтага сюжэта. «Лу́піць з-за вуха», — насмешліва казалі аднавяскоўцы пра яго манеру кашэння, маючы на ўвазе, што ён кампенсуе сілаю рухаў дэфіцыт вастрыні касы — адводзіць рукі і адхіляе корпус як мага далей, каб набраць большы разгон, і махае касою як мага больш імкліва. Натуральна, што пры гэтым ён знемагаўся і падчас абедзеннага перапынку, зваліўшыся з ног, імгненна засынаў як забіты.

Аднойчы, калі ён спаў, з яго вырашылі пажартаваць і падмянілі яму касу — знялі з касся яго тупую і прымацавалі чыюсьці вострую. Пасля перапынку небарака звыкла шырока размахнуўся і, укладваючы ў рух усю сілу, «лупануў з-за вуха». У тое ж імгненне пад усеагульны рогат перакруціўся вакол сябе, заблытаўся ва ўласных нагах і зваліўся.

Пашанцавала, што ўсё закончылася добра, бо мог бы і пакалечыцца, і крывёю сысці, разануўшы артэрыю.

Зайздросны імпэт у незайздросным становішчы


У аднаго касца здарылася благое з жыватом, ён часцей дыхання бегаў у кусты. Іншыя ўдзельнікі касавіцы, заўважыўшы яго частыя знікненні, падумалі, што ўхіляецца ад працы, і абурыліся.

Пасля непрацяглай лаянкі касец, не знайшоўшы ўзаемапаразумення з грамадскасцю (людзі не паверылі ў сур'ёзнасць яго становішча), скінуў штаны з трусамі і працягнуў касіць, спраўляючы патрэбу па меры неабходнасці без адрыву ад вытворчасці.

Гэты выкрутас абурыў усіх яшчэ мацней, чым меркаваная раней сімуляцыя, і на няўдаліцу абрынуўся паток шалёнай, раз'юшанай лаянкі.

У рэшце рэшт ён апрануўся, і ўсе пагадзіліся з яго частымі перакурамі (ці як правільна назваць падобныя перапынкі?).

Дарэчы, а што зрабіў бы на яго месцы сучасны чалавек? Хутчэй за ўсё, проста не пайшоў бы на працу, або, калі б нечаканасць заспела ўжо ў працэсе, адпрасіўся б.

© Сяргей Абрамовіч, 2021