04.07.2024

Рашэнне рэбуса — праз чужую хваробу

Неяк улетку на ўскраіне маленькага і ціхага, невыразнага, нічым не адметнага, не знакамітага райцэнтрыка, забудаванага ў гэтым месцы зусім па-вясковаму — прыватныя сядзібы з агародамі і хлявамі ды стары цагляны двухпавярховік на некалькі кватэр, — пачаліся перабоі з вадою: у любы час, нечакана і без відавочнай прычыны, з рознай частатою (калі раз на суткі, калі два, калі пяць) рабіўся вельмі слабым напор. З ім не маглі працаваць пральныя машыны і не атрымлівалася схадзіць у душ, кран скупа, бы самагонны апарат ці падсечаная вясною бяроза, выпускаў вадзяную нітачку, а на другім паверсе і ў некалькіх дамах, што стаяць на ўзгорку, увогуле з трубы толькі сіпела ды булькатала.

Вяртаўся напор сам па сабе, гэтак, як і знікаў, неспадзявана, бессістэмна, звычайна праз якіх паўгадзіны-гадзіну.

Насельніцтва зноў і зноў падавала заяўкі ў камунальную службу, а сантэхнікі паціскалі плячыма і разводзілі рукамі: парываў нідзе няма, электрычнасць на павышальную станцыю паступае бесперабойна (вада ў гэты мікрараён ідзе не наўпрост са свідравіны, а праз помпавую станцыю, прызначаную для павышэння ціску) — значыць, сістэма нібыта функцыянуе ў штатным рэжыме. Жыхары злаваліся на камунальнікаў, вінавацілі іх у бесталковасці, тэлефанавалі на ўсялякія прамыя ды гарачыя лініі па пытаннях жыццезабеспячэння — скардзіліся, выказвалі абурэнне, пагражалі запрасіць тэлебачанне або напісаць у высокія сталічныя інстанцыі.

Пару разоў на месца выязджала раённая камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і энергетыкі, але закон подласці, у адрозненне ад водаправоднай сістэмы, працаваў дасканала, беззаганна, проста ідэальна: да моманту прыбыцця камісіі на ўскраіну напор стабілізаваўся.

Адказны за водазабеспячэнне горада інжынер (афіцыйна ён зваўся начальнікам ВКГ — водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, структурнае падраздзяленне мясцовага жыллёва-камунальнага прадпрыемства, або, па-простаму, камунгаса) не знаходзіў сабе месца, страціў сон і апетыт. Яму заставалася пару гадоў да пенсіі. З безлічы ўсялякіх цяжкіх, заблытаных, безнадзейных на першы погляд сітуацый знаходзіў ён выйсце на працягу свайго працоўнага шляху ў розных арганізацыях, а цяпер вось, трэці год робячы ў камунгасе, ужо два тыдні не мог дабіцца ладу на сваім да драбніц вывучаным, вядомым, здавалася, як уласныя пяць пальцаў, участку адказнасці. Нават не на ўсім, а на невялікім яго лапіку. Асноўны масіў горада бяды не ведаў, і толькі гэтую перыферыю апанавала містыка: свідравіна працуе, павышальная станцыя — таксама, лета не засушлівае (агароды паліваць асаблівай патрэбы няма), а прыродны рэсурс, без якога ні туды ні сюды, дражніцца — знаходзіцца зусім блізка, але ў рукі не даецца.

Блытаючыся ў сваіх і прапанаваных кім-небудзь версіях, роспачна кідаючыся ад адной здагадкі да другой, безвынікова спрабуючы сістэматызаваць выпадкі падзення напору і вывесці заканамернасць, інжынер прыйшоў да высновы, што гэта хтосьці ў прыватным сектары выкапаў на сваім прысядзібным участку вялізную сажалку, нелегальна ўрэзаўся ў вадавод (тоўстая цэнтральная труба, ад якой адгаліноўваюцца танейшыя ў кожны дом) і перыядычна адкрывае вентыль, папаўняючы рукатворны вадаём.

Толькі як выкрыць зламысніка? Рабіць агляд падворкаў без згоды іх уладальнікаў камунальнікі не маюць права, беспілотнікаў у іх арсенале няма (ва ўсялякім разе не было менавіта ў тым камунгасе падчас вышэй- і ніжэйапісаных падзей)...

— Але я ўсё ж дабяруся, дабяруся да яго! — трос інжынер кулаком, пагражаючы камусьці нябачнаму. — Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе, усё таемнае калі-небудзь робіцца відавочным! Знайду, высачу, вылічу гада! Пабегаю, памераю ціск усюды, куды доступ маю, супастаўлю расход вады на свідравіне і паводле лічыльнікаў спажыўцоў, з людзьмі пагутару, падкажа ці прагаворыцца хто-небудзь — і вылічу!

Летам камунальная служба заўсёды рыхтуецца да ацяпляльнага сезона (у нарматыўна-прававой дакументацыі ён фігуруе як АЗП — асенне-зімовы перыяд). Трэба ажыццявіць мноства ўсялякіх дакументальных працэдур і тэхнічных мерапрыемстваў, у тым ліку дэманціраваць і завезці на дзяржаўную паверку манометры, тэрмометры і цеплалічыльнікі, што выкарыстоўваюцца ў кацельнях і ў будынках спажыўцоў цеплаэнергіі, праз месяц усе гэтыя сродкі вымярэння забраць ды ўсталяваць на ранейшыя месцы, а тыя, што паверку не прайшлі, адрамантаваць або замяніць.

У такі адказны перыяд інжынера-цеплатэхніка, таксама чалавека сталага ўзросту, зваліў на бальнічны ложак гіпертанічны крыз. Перспектыва вяртання яго ў строй выглядала няпэўна, таму некаторыя тэрміновыя мерапрыемствы ў рамках падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду, за якія адказваў страчаны кадр, па меры неабходнасці ўзвальвалі на плечы розных іншых спецыялістаў, у тым ліку і водаправодніка-каналізацыйніка (мала яму было свайго галаўнога болю! Няхай бы лепей у водаправодзе ціск падскочыў, а не ў артэрыях цеплатэхніка!).

Звязаныя з АЗП клопаты прывялі начальніка ВКГ у Цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі (ЦСМС), размешчаны ў іншым, таксама раённым, але значна буйнейшым, прамысловым горадзе. У Цэнтр звычайна вазілі з усіх суседніх раёнаў на паверку манометры і тэрмометры. Цеплалічыльнікі здавалі ў гэтым самым горадзе ў іншую арганізацыю: ЦСМС непасрэдна імі не займаўся, толькі пасля завяршэння паверкі вывучаў пратакол працэсу і ставіў на прыбор кляймо аб яго прыдатнасці або выпісваў заключэнне аб няспраўнасці.

У водаправодна-каналізацыйнай гаспадарцы таксама выкарыстоўваюцца разнастайная сродкі вымярэння, але займацца пытаннямі іх паверкі начальніку за тры гады, як і падчас працы ў іншых месцах, не даводзілася, і цяпер гэта быў першы яго візіт у ЦСМС. Разгаварыўшыся тут з інжынерам-метролагам, госць між іншым паведаміў пра свае турботы з напорам вады. Суразмоўнік пацікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі начыння павышальнай станцыі і, пачуўшы, што ўсё яно вельмі старое, стаіць з незапамятных часоў, яшчэ калі водаправоднік-каналізацыйнік там не працаваў, параіў правесці выпрабаванні помпы (вызначыць, ці дае яна патрэбны ціск у розных рэжымах функцыянавання). Болей за тое, даў кантакты фірмы, якая магла аказаць такую паслугу (сам ЦСМС помпамі, як і цеплалічыльнікамі, не займаўся).

Выдаткоўвацца на выпрабаванні начальству камунгаса не хацелася, але не маючы ўласных канкрэтных планаў дзеяння (акрамя намеру выкрыць кагосьці гіпатэтычнага шпіёнска-матэматычным спосабам), заставалася толькі выканаць параду.

Выпрабаванні паказалі, што помпа не здольная няспынна ўтрымліваць патрэбны напор. Яе замянілі — і перасталі спыняцца пральныя машыны, заставацца намыленымі ў ваннах людзі і нямытым у ракавінах посуд. А як жа верылася ў чыёсьці шкодніцтва і як гарэла душа даць шкодніку па руках! І якая прыкрасць брала, калі даводзілася запрагацца ў чужы воз, не здагадваючыся, што тым самым міжволі ступаеш на шлях да выхаду з тупіка.

© Сяргей Абрамовіч, 2024