Жанчына-загадка маіх студэнцкіх гадоў (1996 — 2001), дагэтуль мною не разгаданая. Чытала нам лекцыі па псіхалогіі. Тэмпераментная, эмацыйная, схільная да публіцыстычнага, палкага, мітынговага стылю маўлення (з улікам гэтых асабовых адметнасцей мяркую, што практычны псіхолаг з яе наўрад ці атрымаўся б). Дацэнт, г.зн. персона ўжо не юная, але яшчэ і не пенсіянерка (дакладна вызначаць узрост паводле знешнасці не ўмею).
Я заўважыў, што пасля кожнай яе лекцыі ў нашай аўдыторыі знікае крэйда, прычым толькі ў тых выпадках, калі гэта быў свежы, доўгі, не карыстаны брусок, толькі што прынесены з вахты: на наступнай лекцыі выкладчык хоча што-небудзь на дошцы напісаць, а няма чым, і даводзіцца камусьці зноў бегчы на першы паверх. Аднойчы я пільна паназіраў за дацэнткаю напрыканцы лекцыі і ўбачыў, што яна крадком паклала крэйду ў сумку. Сказаў пра ўбачанае аднакурсніку, які сядзеў побач, — той адмахнуўся, падумаў, што жартую.
Да наступнага прыходу нячыстай на руку псіхалагіні я вырашыў падпусціць ёй таемную кпіну — прынёс з вахты свежы брусок крэйды, напісаў ім у самым нізе дошкі (над планкаю, на якой ляжаць крэйда і ануча) нумар нашай аўдыторыі (здаецца, 218) і паставіў пад ім (пад нумарам) на планку гэты самы брусок (прыхіліў да дошкі), такім чынам даўшы зразумець, што гэтая крэйда належыць гэтай аўдыторыі.
Калі лектарка працягнула руку да крэйды, каб нешта напісаць, то на імгненне зніякавела, але хутка авалодала сабою і не падала выгляду, а далей у працэсе лекцыі дастала са сваёй сумкі яшчэ адзін брусок крэйды, загорнуты ў паперку (скрадзены з нейкай іншай аўдыторыі?), пісала то ім, то нашым, і калі пасля званка выйшла, то на планцы пад дошкаю засталіся два брускі — наш і яе. І з таго часу крадзяжы не паўтараліся. Дарэчы, аднакурснік, які раней мне не паверыў, здзіўлена пераканаўся ў праўдзівасці маіх спачатку адрынутых ім слоў: я папярэдзіў яго пра задумку з напісаннем нумара і ён таксама цікаваў за лектаркаю.
Мяркую-разважаю-варажу: калі яна забірае крэйду ў нас, а тым часам у сумцы ў яе ляжыць яшчэ брусок, то ці адзін ён там, ці колькі лекцый прачытала, столькі крэйды назбірала? І навошта? Можа, у яе на лецішчы глеба кіслая была? Клептаманка-крэйдаманка.
© Сяргей Абрамовіч, 2023