24.04.2021

Алканаўт збіўся з курсу і просіць дапамогі

Тым жнівеньскім вечарам я лёг раней, бо заўтра мяне чакаў хоць і захапляльны, але няпросты, напружаны дзень, які вымагаў нямала энергіі: пад'ём а палове на пятую, пешшу ў цэнтр горада — на месца збору групы, пераезд аўтобусам за пару сотняў кіламетраў, прысутнасць на масавым мерапрыемстве, зваротны шлях з прыпынкам на пікнік...

Заснуў даволі хутка, але спачываць да моманту спрацоўвання будзільніка не атрымалася. Апоўначы прачнуўся ад грукату і крыку пад акном. Жыву на першым паверсе, праблем з правапарадкам у маім квартале хапае, таму не здзівіўся, калі, прадраўшы вочы і апрытомнеўшы, зразумеў, што гэта хтосьці барабаніць мне па бляшаным адліве і шкле і крычыць п'яным голасам:

— Людзі, гэй, людзі, дзе вы, ёсць вы ці не?!

Нацягнуўшы шорты і ўступіўшы ў чаравікі, поўны рашучасці размазаць зараз кагосьці па сцяне, я выскачыў на двор. Аднак рашучасці адразу паменела, калі ўбачыў лядашчага сівога барадатага дзядзечку ростам метр у падскоку. Пры такой розніцы ў вагавай і ўзроставай катэгорыях рука на яго не падымалася.

— Гэта што такое?! — пачаў я даваць выйсце эмоцыям праз голас, калі ўжо праз рукі не атрымалася, і збіраўся абрынуць на нягодніка лавіну ўсялякіх зняваг і прагроз, але дзядзечка падхапіў маё пытанне і надзіва разумна, асэнсавана, не так ужо і п'яна, залапатаў ліслівым тонам:

— Я сам не разумею, што гэта такое, бо ўчора было маё прафесійнае свята, Дзень марака [мабыць, ён меў на ўвазе Дзень ваенна-марскога флоту, які на той момант быў ужо не ўчора, а заўчора, у апошнюю нядзелю ліпеня], і цяпер я не ведаю, у якім горадзе знаходжуся. І, як на тое, ніводнага чалавека, пустата і цемра. Скажыце, які гэта горад.

Ад абурэння мне заняло мову, я падумаў, што ён здзекуецца: няхай бы, гад, спытаў яшчэ, дзень зараз ці ноч! Але гаротнік, відаць, і сапраўды не ведаў, дзе знаходзіцца, бо пакуль я, сціскаючы кулакі і зубы, меркаваў, як далей сябе паводзіць, ён працягваў сакатаць, сыпаць скорагаворкаю, даверліва і з надзеяй гледзячы мне ў твар:

— Скажыце, дзе я. Я тут упершыню і не памятаю, як тут апынуўся, нічога не разумею. Як завецца гэты горад?

Я прымусіў сябе выціснуць назву, і суразмоўца, пачуўшы яе, з палёгкаю ўздыхнуў:

— О-о, дзякуй богу, значыць, я ўсё ж такі дома! А як мне прайсці да вуліцы ... [тут ён вымавіў яе назву]? Я там жыву, у тым баку яшчэ школа і аўтавакзал, а тут, сярод вашых дамоў, ніколі не бываў і заблудзіў.

Такое тлумачэнне гучала праўдападобна: на месцы нашага дома і на прылеглай да яго тэрыторыі параўнальна нядаўна панаваў шанхай — масіў незаконных гаражоў, хлявоў, агародаў і сметнікаў, так што пасля ўсіх пераўтварэнняў апошніх гадоў жыхару іншага мікрараёна ноччу, ды яшчэ заліўшы вочы, тут сапраўды можна згубіцца. Я паказаў яму напарамак, у якім трэба рухацца.

— Дзякуй, братка! — узрадавана крыкнуў марак (дакладней, на той момант — алканаўт) і, падскочыўшы, павіс у мяне на шыі (не іначай падводнікам быў, з такім ростам. Праўда, у іх асобнае свята, у іншы дзень).

Хаця я ўжо астыў, падстаў для гарачых сяброўскіх абдымкаў з гэтым суб'ектам зусім не бачыў, таму адразу яго з сябе страсянуў.

— Не бойся, я не … ! — паспяшаўся ён апраўдацца, вымавіўшы на месцы шматкроп'я нецэнзурнае абазначэнне прыхільнікаў вясёлкавага сцяга, і, не затрымліваючыся, узняў ветразі, рушыў, як да маяка, да бачных удалечыні агнёў аўтавакзала.

© Сяргей Абрамовіч, 2021