14.10.2025

Хуліганска-асветніцкі варыянт сентыментальнага верша

Памятаеце маю «Чыгуначную элегію»? Каб разагнаць журбу, якой здольны напусціць той верш (нагадаю, гэта не проста верш, а вершаваны каментарый да фотаздымка двух цягнікоў), я перарабіў яго на дураслівы лад. Штуршком да перайначвання стаў дасланы ў маю рэдакцыю міліцыяй прафілактычны ліст (для апублікавання) пра неабходнасць абачлівых паводзін на чыгунцы.

Фотаздымак двух цягнікоў

Два цягнікі, два цягнікі,
Адзін такі, другі такі,
У супрацлеглыя бакі
Чакаюць старту.
Вісяць над імі правады,
Хто хоча жыць, не лезь туды:
Там недалёка да бяды,
Там не да жартаў.

Бо ў правадах... Што ў правадах? —
Падумаць жах! Не лезь на дах,
Калі парадак у мазгах,
Калі не хворы.
Іначай блісне, затрашчыць,
Гарэлым мясам засмярдзіць,
І не пачуеш, як баліць,
Мэмэнта моры.

© Сяргей Абрамовіч, 2025