23.01.2024

Угнявіў баксёра, але застаўся цэлым

Як і ўсе правільна выхаваныя савецкія юнакі, павестцы з ваенкамата ён узрадаваўся. Праўда, і магчымасці ўхіліцца ад выканання якіх заўгодна абавязкаў, сачкануць ды закасіць ён ніколі не прапускаў, і выкананне ганаровай місіі па нясенні тэрміновай службы таксама пачаў з сабатажніцкіх выкрутасаў.

На шляху ад ваенкамата да часці, які заняў болей за суткі (маршрут пралёг з роднай БССР у РСФСР), сустрэў земляка, хлопца з суседняй вёскі. Той служыў ужо доўга, шмат у чым быў абазнаны, таму мог даць добрую параду. І даў — растлумачыў, як лацвей уладкавацца, каб мець меней клопатаў і болей адпачываць:

— Калі хочаш, каб служба здавалася мёдам, рабі вось што. Прыбудзеш на месца — ротны камандзір спытае, ці ёсць сярод вас шаўцы. Кажы, што ты. Дарма, што не вучыўся, навука тут не вялікая: у кірзачах толькі падэшвы адвальваюцца, іншай ніякай бяды з імі не здараецца, так што будзеш цвічкі малаточкам заганяць і ліха не мець, розуму на гэта шмат не трэба, калі рукі з правільнага месца растуць. Усе будуць па пляцы маршыраваць, у нарадах бульбу абіраць ды ў акопах зямлёю на зубах храбусцець, а ты — малаточкам пастукваць, пакуль камандзір глядзіць, а калі адвернецца — сваімі клопатамі займацца ці бібікі біць.

Параду клапатлівага земляка ён узяў на ўзбраенне і зрабіўся шаўцом-самазванцам. Але пайшло ўсё насуперак плану: муштру давялося адбываць лічы што ў агульным парадку, амаль нароўні з усімі, а пасля, калі ўсе ў шашкі гулялі ды лісты дахаты пісалі, калупацца ў чужых смярдзючых ботах.

І абяцанай прастаты стукання малаточкам не сустрэў: адмаўляліся падэшвы, непрафесійнымі рукамі праз пень-калоду прымацаваныя, належным чынам трымацца. Корпаецца, мардуецца, сяк-так дасць рады прычапіць, а праз дзень-другі той самы салдат тыя самыя боты зноў яму нясе.

Ратунак прыйшоў нечакана. Прыбег.

Роту выправілі на марш-кідок. Камандзір — спартыўны мужык, баксёр — пабег таксама, у канцы, пасля ўсіх.

Стаяла пыльная летняя спёка.

У нейкі момант шаўца хтосьці дагнаў і сказаў, што ззаду яго чакае камандзір. Павярнуўся, пабег. Бачыць: сядзіць камандзір доле, побач з ім валяюцца дзве падэшвы, а з ботаў і абы-як абвіслых ануч тырчаць ногі, запэцканыя крывёю і пылам.

Шавец наблізіўся і, ад жаху ледзь рухаючы языком, далажыў аб сваім прыбыцці. Камандзір падняўся:

— Дык што, сволач, лёгкай службы захацеў?!

Самазванец, маральна гатовы да накаўту, маўчаў.

— Які памер?! — кіўнуў камандзір на яго ногі.

— Сорак другі…

— Скідай!

Пераабуўся і пабег даганяць роту.

__________

Чытайце таксама: «Не выканаць абы-які загад хопіць розуму, але ці хопіць духу?», «Салдату патрэбен штат абслугі», «У дзяцінстве я баяўся загінуць на вайне», «Дэмбельская пыха не накорміць і не сагрэе».