24.08.2023

Выкшталцоная помста ці няўдалы брэндынг?

Калі чую пра кроплі для носа «Рузана» (напрыклад, у лякарні або ў рэкламе па тэлевізары), то думаю, што гэта нейкая жанчына, якую так завуць, пакрыўдзіла кагосьці, хто мае ўплыў у фармацэўтычнай прамысловасці (можа, чыйгосьці жаніха адбіла ці, наадварот, адрынула нейкага залётніка), і гэты хтосьці ў якасці помсты назваў імем крыўдзіцельніцы сродак ад саплей. Калі такая фантазія адпавядае рэчаіснасці, то крыўда ўплывовай персоне ўчынена не самая страшная, іначай увасобілі б Рузану ўвогуле ў якіх-небудзь свечках супрацьгемаройных ці ў таблетках ад паносу. Зрэшты, існуе верагоднасць, што проста на той момант вытворца (ТАА «Рубікон», г. Віцебск) не меў на бліжэйшы час планаў па выпуску адпаведных прэпаратаў, а пацярпеламу боку нясцерпна карцела адпомсціць тут і зараз, вось і выбраў пакутнік штосьці самае гідкае з усяго даступнага.

© Сяргей Абрамовіч, 2023