30.10.2025

На карчы заехаў у вышэйшы свет

Трактарыст і даярка адправілі свайго сына пасля заканчэння школы ў далёкі горад вучыцца ў машынабудаўнічым каледжы на зваршчыка — каб меў шанц уцячы з вёскі, а калі што якое, дык заўсёды знайшоў бы запасны аэрадром у родным калгасе (спецыяльнасць — запатрабаваная і прамысловасцю, і будоўляй, і сельскай гаспадаркаю).

Праз пару месяцаў студэнт абвясціў бацькам:

— Палова маіх аднагрупнікаў прыязджае на заняткі на ўласных машынах, і мне перад імі сорамна: жабрак.

— Ну, дык яны, мабыць, мясцовыя, з навакольных вёсак, ім гэтак зручней, — разважыў бацька. — А табе навошта машына, калі інтэрнат побач з вучэбнымі карпусамі?

Сын зацяўся і паставіў перад фактам:

— Мясцовыя не мясцовыя, а пачувацца галадранцам я не буду. Не купіце машыну — кіну вучобу.

Калгас, у якім рабілі трактарыст і даярка, быў не самы прапашчы — сям'я мела аўто і магла нашкрэбці яшчэ на якога-небудзь карча для нашчадка. Так і зрабілі.

У хуткім часе будучы зваршчык стаў курсіраваць на выхадных паміж панылай малой радзімай і гламурна-выкшталцонай для сялянскага вока чужынай на старым брудна-шэрым «Опелі», у якім усё бразгала і скрыгатала. Нягледзячы на такі стан тачкі, быў задаволены і ганарыўся: якая ні ёсць, а свая — аднавяскоўцы зайздросцяць, аднагрупнікі маюць за роўнага.

Фотаздымак аўтамабіля

© Сяргей Абрамовіч, 2025