Калісьці прачытаў бы і забыў, ні за якую крамолу вока не зачапілася б: верш як верш, лірыка, шчыра, выразна і пераканаўча выказаныя думкі і пачуцці аўтара, шмат хто з чытачоў убачыць у іх адлюстраванне ў тым ліку і свайго ўнутранага свету — свайго душэўнага стану і поглядаў на той ці іншы аспект рэчаіснасці. Цяпер жа, у маніякальна чыстаплюйскую, стэрыльна паліткарэктную і паталагічна абазнаную эпоху, калі кожная малапісьменная нікчэмнасць упэўнена казырае законам увогуле і сваімі правамі ў прыватнасці і калі ў кожным адрасаваным публіцы слове хто-небудзь з гэтай публікі абавязкова ўбачыць мову варожасці, аб'ектывацыю, сэксізм, знявагу рэлігійнага пачуцця, парушэнне правоў жывёлы і яшчэ чорт ведае на якую святыню замах, чытаеш і спатыкаешся, зноў і зноў адзначаючы, што калі б сучасны аўтар меў неабачліваць або рызыкнуў стварыць такі вобраз, ужыць такі мастацкі прыём, выказаць такую ідэю і г.д., то ў інтэрнэце на яго вывалілі б тону гною, а ў рэальным жыцці нацкавалі б якіх-небудзь праваабаронцаў, а то і праваахоўнікаў паспрабавалі б уцягнуць у свой шабас.