09.06.2023

Падпольная партыя ў школе і змова супраць генсека ў дзіцячым садзе

Сёння згадваю гэтыя эпізоды свайго савецкага дзяцінства з іроніяй і настальгіяй, а тады мае паводзіны і паводзіны маіх сяброў у ніжэйапісаных сітуацыях былі сапраўднай крамолай — непаслушэнствам перад бацькамі і дыскрэдытацыяй апошняга генсека ЦК КПСС.

Дзве двойкі ў партбілеце

Быўшы трэцякласнікам, я пачуў у не прызначанай для маіх вушэй гутарцы дарослых анекдот са згадваннем яўрэя і партбілета. Гумару не зразумеў, ды і ўвогуле нічога ў тым сюжэце не ўцяміў, таму, напэўна, і не запомніў надоўга — не магу цяпер пераказаць. Але тады фабула, проста як набор сур'ёзных, салідных, «дарослых» слоў (ды яшчэ і прамаўляных прыцішаным голасам і жулікавата-асцярожлівым тонам, а значыць — забаронных і таму асабліва прывабных), засела ў маёй памяці трывала, і я стаў пры выпадку распавядаць той анекдот, капіруючы тую шкодніцка-змоўніцкую інтанацыю, сваім сябрам — механічна паўтараў паслядоўнасць зусім неспасцігальных для нас выказванняў, цешачыся сваёй датычнасцю да свету дарослых, смакуючы забаронены плод і ўзвышаючыся над слухачом — дэманструючы яму сваю перавагу, пасвечанасць у справы старэйшых.

Слухачы, як і я, нічога не разумелі і таму не смяяліся, але мяне тое не засмучала: галоўнае — я паказаў, з якімі нежартоўнымі з'явамі знаёмы, якімі мудрагелістымі звесткамі аперырую, у якіх высокіх сферах лунаю.

Значэнне слова «партбілет» таксама было для нас таямніцаю, і я, магчыма, нават вымаўляў яго няправільна, ва ўсялякім разе адзін мой сябар пачуў яго з маіх вуснаў і перадаў пісьмова (навошта — зразумееце, чытаючы далей) з дэфісам замест літары «т»: «пар-білет».

Быў ён інтэлектам, як і я, мацнейшы за большасць нашых аднагодкаў. Пераўзыходзіў мяне начытанасцю (у размовах сыпаў імёнамі літаратурных персанажаў), а я яго — жывасцю розуму, творчым ладам і самастойнасцю мыслення (на хаду фантазіраваў усялякую лухту — і ён мне верыў, а калі я нечакана, паддаўшыся нейкаму імпульсу, прапаноўваў што-небудзь рызыкоўнае накшталт залезці на будоўлю ці на калгасны мехдвор, то ён без ваганняў кідаўся ў авантуру, бы ў вір з галавою, а пасля меў прачуханца ад бацькоў за падранае ды запэцканае адзенне і соты ці двухсоты раз атрымліваў наказ не сябраваць са мною, які ўжо назаўтра соты ці двухсоты раз парушаў, бо са мною было цікава — цікавей, чым з сярэднестатыстычнымі прадстаўнікамі шэрай масы; у дарослым жыцці ён зрабіўся юрыстам, а я вось — журналістам і літаратарам).

Пачуўшы ад мяне анекдот, ён, як і ўсе, не засмяяўся і нічога істотнага не прамовіў, але, відаць, моцна задумаўся і думаў увесь вечар і ўсю ноч, бо назаўтра, хоць я ўжо і не прыгадваў анекдота, змоўніцкім тонам, азіраючыся па баках (справа была на дварэ, мы ўдваіх ішлі ў школу), паведаміў, што зрабіў сабе «пар-білет», і дастаў з кішэні шатноў складзены накшталт службовага пасведчання кавалак альбомнага аркуша памерам з дзве пакладзеныя побач запалкавыя скрынкі. На вонкавым баку «ксівы» была напісана чорным стрыжнем яе назва — «Пар-білет», а ўнутры на абедзвюх старонках роўна ў цэнтры кожнай з іх стаяла па адной лічбе «2», нанесенай тым самым стрыжнем. Карацей, слова «партбілет» ён успрыняў як штосьці звязанае з ідэяй двойнасці, парнасці, а ўдакладняць у бацькоў, мабыць, не адважыўся, бо тым самым рызыкаваў прагаварыцца, што парушае забарону зносін са мною.

Дзіцячы мітынг супраць сухога закону

А яшчэ раней, з'яўляючыся выхаванцам старэйшай групы дзіцячага сада, я дзесьці пачуў перайначаны куплет папулярнай у тыя часы рускамоўнай песенькі «Комарово», змест якога быў (у перайначаным варыянце) накіраваны супраць арганізаванай уладамі краіны на чале з генеральным сакратаром кампартыі Міхаілам Гарбачовым антыалкагольнай кампаніі:

На недельку до второго
Закопаем Горбачёва,
Откопаем Брежнева —
Будем пить по-прежнему.

Не могучы спасцігнуць сваім дзіцячым розумам усю непрымальнасць, недапушчальнасць і нядобранадзейнасць гэтых радкоў, не бачачы ў іх нічога вартага асуджэння (мацюкоў жа няма — значыць, усё добра), я праспяваў куплет, гушкаючыся падчас прагулкі перад абедам на арэлях удваіх са сваім аднагрупнікам. Ён падхапіў, і мы разам, разгойдваючы арэлі на ўсю моц, узлятаючы да нябёсаў, зноў і зноў гарлалі на ўсю пляцоўку антыдзяржаўны заклік.

Увечары дома мая маці спалохана даводзіла мне, што за гэтую песню могуць пасадзіць у турму, бо Гарбачоў — самы галоўны начальнік, і закопваць яго — злачынства. Як відаць, выхавальніцы праінфармавалі яе пра маё небяспечнае свавольства, хаця чамусьці адразу падчас прагулкі не спынілі нашы з аднагрупнікам ганебныя паводзіны, не адрэагавалі належным чынам на нашу ідэалагічную дыверсію.

Чым растлумачыць іх патуранне нашаму адхіленню ад генеральнай лініі партыі? Не іначай як змоваю: яны знарок далі малалетнім дысідэнтам волю, каб астатнія дзеці пачулі і паспелі міжволі запомніць шкодніцкую песню.

© Сяргей Абрамовіч, 2023