25.07.2025

Жанр замалёўкі ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы

Я часта пішу ў ім (прыклады: «Пераблытаў халтуршчыка з падхалімам», «Эстэтычнае пачуццё без мацюкоў не перадаць», «Да Бога на перакур») і на старонках блога пазначаю гэтыя тэксты адпаведным тэгам. На жаль, мой зварот да замалёвак абумоўлены ў першую чаргу неспрыяльнымі абставінамі: гэта кароткія творы, а паколькі я працую журналістам-газетчыкам, то пісаць для сябе (праз уласную творчую патрэбу, а не дзеля службовай неабходнасці) атрымліваецца толькі похапкам паміж казённымі (грамадска-палітычна-эканамічна-юрыдычна-канцылярска-дзелавымі) і пагарджанымі мяшчанскімі, гаспадарча-побытавымі тэкстамі, або ўвечары, калі мозг дасягнуў сутачнага ліміту тэкстатворчасці і хоча адпачынку ці любой іншай, акрамя пісання, дзейнасці. Часам нават адольвае адчуванне трагізму: раблю не тое, чаго хачу, марную свой патэнцыял дзеля сціплага рэпарцёрскага кавалка хлеба і вырвацца з гэтага зачараванага кола не бачу магчымасці.


У літаратуразнаўчых крыніцах можна знайсці розныя азначэнні тэрміна «замалёўка». Болей за дваццаць гадоў таму, збіраючы матэрыял для дыпломнай работы па літаратуры, я вывучыў асноўныя падыходы да вызначэння жанраў кароткіх празаічных тэкстаў, і сярод іх фігуравала замалёўка. Цяпер не буду заглыбляцца ў філалагічныя нетры: тое, што спасцігнуў калісьці праз навуковыя крыніцы, у памяці выцвіла і пакрылася пылам, а тое, што пераліваюць з пустога ў парожняе сучасныя даследчыкі і псеўдадаследчыкі (падносчыкі старых страў у новым посудзе), мяне не цікавіць. Растлумачу, што я маю на ўвазе пад замалёўкай, — паводле якіх крытэрыяў пазначаю свае тэксты аднайменным тэгам.

Замалёўка — кароткі (ад некалькіх радкоў да некалькіх абзацаў) твор лірычнага ці філасофскага характару з сюжэтам або без яго, заснаваны на назіраннях і роздумах аўтара; імпульсам да стварэння замалёўкі і яе фактычным напаўненнем становяцца выпадкова ўбачаныя адметныя падзеі (здарэнне, чыесьці незвычайныя або, наадварот, канцэнтравана тыповыя паводзіны і г.д.), міжволі пачутае выказванне (у чарзе, натоўпе, ад мінака), асацыятыўна ўзніклы ўспамін (штосьці з навакольнай рэчаіснасці нагадала аўтару істотныя для яго падзеі мінулага) і іншыя з'явы.

Здараецца, што мая замалёўка вырастае ў апавяданне або, наадварот, апавяданне рэдукуецца ў замалёўку, і злавіць момант такой трансфармацыі бывае няпроста. Завяршу тэкст і сумняваюся, да якога жанру яго аднесці: гэта нібыта штосьці пабудаванае на эмоцыях і разважаннях, адлюстраванне майго псіхалагічнага стану ці поглядаў, але ў той жа час набор канстатаваных мною фактаў складваецца ў сюжэт з завязкай, кульмінацыяй і развязкай, хаця тэкст і кароценькі, паўстаронкі, старонка, паўтары; або распавядаю пра падзеі, але ў рэшце рэшт атрымліваецца проста зрэз будзённасці, зафіксаванае імгненне нашага штодзённага існавання. Прыклады тэкстаў, якія мне хочацца аднесці і да замалёвак, і да апавяданняў: «Ці доўга студэнту да пенсіі?», «Не гнявіце заможных — жывіце таксама прыгожа», «Вінаватыя не тэхналогіі, а чыесьці мазгі».

Накідваючы замалёўку, я часам адчуваю сябе непаўнавартасным як пісьменнік, бо яна магла б стаць эпізодам маштабнага твора, кропляю ў моры глыбакадумнасці і досціпу, а я замест гэтага спяшаюся пахваліцца перад чытачамі сваёй сырой, збольшага апрацаванай творчай знаходкаю. Акрамя таго, у замалёўцы рызыкую дапусціць гіпербалізацыю і генералізацыю — міжволі праінтэрпрэтаваць адзінкавы факт як праяву тэндэнцыі (паводле ўчынку маладога чалавека ахарактарызаваць усю моладзь і г.д.).

Сярод матываў стварэння замалёвак у кантэксце маёй творчасці можна назваць наступныя: 1) згаданы ў першым абзацы дэфіцыт часу; 2) сумесь імпульсіўнасці (нецярплівасці), самалюбства і журналісцкага імкнення да аператыўнасці (прафесійная звычка): маючы цікавыя звесткі, хочацца хутчэй апублікаваць іх, звярнуць на сябе ўвагу чытача, заявіць пра сябе; 3) уласцівы сучаснаму чалавеку прыярытэт дробных асабістых інтарэсаў цяперашняга імгнення перад глабальнымі доўгатэрміновымі грамадскімі.

Мне не даспадобы жанр замалёўкі, але я цешуся ім у тых выпадках, калі аказваюся перад выбарам, разменьвацца на дробязі ці зусім не пісаць.

© Сяргей Абрамовіч, 2025