21.07.2025

Пераблытаў халтуршчыка з падхалімам

Дробненькі дзядок, мой выпадковы суразмоўца з ледзь чутным сіпла-пісклявым, мышыным галаском, паскардзіўся на занядбанасць грунтавой дарогі ў яго вёсцы:

— Неяк прасунуўся грэйдар — адчапнога, толькі мільгануў: што ён быў, што не было яго — бы языком па […], — на месцы шматкроп'я дзядок назваў частку цела, якая фігуруе ў метафарычным абазначэнні падхалімажу.

Для сітуацыі з нядбайнай, нядобрасумленнай, неэфектыўнай працай сэнсава такое параўнанне зусім не падыходзіць, але прагучала змястоўна і пераканаўча — перадало крыўду і абурэнне моўцы з той прычыны, што коўш грэйдара ледзь дакрануўся да грунту і пакінуў на ім усе ямкі ў першапачатковым выглядзе.

© Сяргей Абрамовіч, 2025