Цягнік «Брэст — Санкт-Пецярбург» прыйшоў у Мінск у складзе дзевяці вагонаў, а я меў білет у чатырнаццаты. «Зараз прычэпяць. Зараз прычэпяць. Зараз прычэпяць», — ледзь паспявала паўтараць правадніца дзявятага, да якой звярталіся новыя і новыя будучыя пасажыры дзясятага, адзінаццатага, дванаццатага і г.д. аж да шаснаццатага.
Цягнік сапраўды неўзабаве нарасцілі. Паводле раскладу ён ужо мусіў пакінуць вакзал, але прычэпленая частка яшчэ не паспела паглынуць усю чалавечую масу, што імкнулася ў яе, таму адбылася затрымка хвілін на пяць.
Састаў рушыў, акурат калі я нарэшце праціснуўся скрозь бязладдзе людзей і іх багажу (усе яшчэ толькі рассаджваліся ды раскладвалі рэчы, таму было тлумна і цесна) да свайго сорак восьмага месца — верхняй бакавушкі, на якой збіраўся падрамаць пару гадзін — да гарадка, у якім выйду. Каля маёй паліцы таўкліся, перакрыўшы шлях, трое: жвавы пенсіянер са сваёй стомлена абыякавай да ўсяго пенсіянеркаю і дзяўчына. Пажылой пары належалі два грувасткія чамаданы на колцах і бітком набітая буйнагабарытная бясформенная тэкстыльная сумка.
Пенсіянерка мела адсутны выраз твару і маўчала, а дзядзечка ветліва і ўсмешліва даводзіў дзяўчыне, што размешчанае пад маім сорак сёмае месца, на якое тая заявіла правы, прызначана не для яе:
— Гэта памылка, вам прадублірвалі адно з нашых месцаў. Мы бралі білеты ў касе, папяровыя — вось яны, на руках, а вы — праз смартфон, так што ў вас атрымаўся нейкі тэхнічны збой.
Думку пра тое, што гэта, наадварот, яму памылкова надрукавалі ў білеце нумар чужога месца, ён, відавочна, не падпускаў да сваёй галавы на стрэл гарматы.
Ехала пара далёка, ці не да канцавога пункта маршруту, пра што сведчыла і яе паклажа, і найчысцейшае, найдасканалейшае рускае маўленне дзядзечкі: рь, чь, шшь гучалі паветрана лёгка, беларусы так не гавораць. Інтанацыя — бесклапотна-лянотна-замаруджаная і тым раздражняльная, асабліва ў спалучэнні са шчаслівай усмешкаю: моўца быццам не ведае ніякіх турбот і хваляванняў, нікуды не спяшаецца і, маючы асалоду ад увагі да сваёй персоны, цягне ката за хвост — вядзе да сутнасці сваёй думкі, бы слімак паўзе па лісце ў пошуку найбольш сакавітай мясцінкі.
— Праходзьце, калі ласка, — па-ранейшаму самаўпэўнена-самазадаволена ззяючы расцягнутым ва ўсмешцы тварам, адхінуўся ён, як мог у такой цеснаце, даючы мне дарогу.
— Лепей вы прайдзіце куды-небудзь, каб не замінаць мне лезці наверх, тут маё месца, — адхіліў я велікадушную прапанову, не робячы спробы ўсміхнуцца (думкі мае былі невясёлыя, падладжвацца пад суразмоўцу я не збіраўся).
— А, дык і вам наш нумар памылкова ўказалі! — яшчэ мацней запрамяніўся шчасцем галоўны герой непаразумення (яго аўдыторыя папоўнілася мною — папулярнасць расце, пачуццё ўласнай значнасці мацнее і кружыць галаву). — Вы, мабыць, таксама ў электроннай форме бралі білет. Нам з жонкай далі сорак сёмае і сорак восьмае, і вось, як бачыце, прадубліравалі іх вам і дзяўчыне. Усё ж такі ненадзейныя яны, сучасныя тэхналогіі. Падыдзіце да правадніка, няхай разбярэцца і вырашыць, што рабіць, як вам выбавіцца з гэтай сітуацыі.
А правадніца, курсіруючы са сваімі шматлікімі клопатамі з канца ў канец вагона, якраз падышла сама. Зірнула ў паказаныя аматарам старых тэхналогій паперкі і, кіруючыся далей, будзённа кінула:
— У вас чацвёрты вагон.
Валачы дзве скрыні і куль, з якімі далёкія госці нашай сталіцы выправіліся дахаты, нават па шырокай дарозе не надта зручна і лёгка, а тут — вузкія праходы цягніка і дзесяць тамбураў...
— У такім разе прашу прабачэння, — прамовіў дзядзечка ўжо без усмешкі, ні да кога не звяртаючыся, гледзячы не ў вочы дзяўчыне ці мне, а ў пустату перад сабою.
Узваліў на чамадан клунак і пацягнуў гэты воз, а жонка — следам другі. Шчаслівай ім дарогі да іх сорак сёмага і сорак восьмага.
© Сяргей Абрамовіч, 2025