13.11.2024

Не гнявіце заможных — жывіце таксама прыгожа

(Замалёўка з правінцыяльнай аптэкі)

Зачухана-дэпрэсіўнага выгляду і няпэўнага ўзросту дробны дзядзечка са спалоханым і вінаватым тварам зніякавеў і замуляўся, калі аптэкарка, мажнаватая цётка сярэдніх гадоў, не знайшоўшы ў касе рэшты на яго дзесяцірублёўку, папрасіла схадзіць у краму размяняць купюру, а таблеткі, якія ўжо аддала, назад не запатрабавала:

— Дык я ж, гэта, ну, як яго, таблеткі адразу забіраць, не пакідаць, пакуль грошы прынясу?

— Ай, не дурыце галаву, павешуся я праз нейкую пяцёрку! — раздражнёна, пыхліва і грэбліва адмахнулася дабрадзейка і запытальна зірнула на наступнага наведніка, знешнім выглядам даючы зразумець, што з папярэднім размова скончана, а ўбачыўшы ў руцэ гэтага чарговага кліента банкаўскую картку, не стрымала задаволенасці і засведчыла пашану да яго: — Вось, разумныя і добрыя людзі ходзяць з пластыкам і не робяць праблем на роўным месцы!

Гэтай ацэнкі дзядзечка з дзясяткай не пачуў, таму што быў ужо на дварэ: атрымаўшы дазвол забраць яшчэ не аплачаныя таблеткі, з пасвятлелым ад радасці і ўдзячнасці за давер тварам кінуўся давер апраўдваць — ледзь не выбег з аптэкі, каб хутчэй размяняць грошы і вярнуцца (адкуль упэўненасць, што менавіта размяняць і вярнуцца, а не ўцекчы? Адтуль, што праз дзесяць хвілін ён сапраўды прынёс доўг).

Кажуць, у фармацэўтычнай сферы высокія заробкі. На карысць праўдзівасці гэтага сцверджання — міжволі прадэманстраваныя аптэкаркай адносіны да грошай: пяць рублёў для яе нікчэмная драбяза. Нядзіўна, што ў птушкі такога высокага палёту хтосьці інфантыльны і жабракаваты, народжаны поўзаць, выклікаў прыкрасць і пагарду: ці то няздара і няўдаліца беспрацоўны, ці то зарабляе так мала, што карткавы рахунак ужо спустошаны, ці то прапойца.

Але ўсё ж дзіўна і недарэчна гэта выглядае, калі блізкая да медыцыны службовая асоба, як і ўрачы, носьбіт белага халата, называе свайго наведніка дурнем і благім чалавекам, няхай сабе нават завочна і мудрагеліста-іншасказальна — супрацьпастаўляючы яму кагосьці «разумнага і добрага».

© Сяргей Абрамовіч, 2024