04.05.2025

Ці доўга студэнту да пенсіі?


Сустрэў я чалавека, з якім не бачыўся пару гадоў: знік ён з поля майго зроку ў невядомым напрамку, а цяпер вось неспадзявана з'явіўся, я нават не пазнаў, ледзь не мінуў. Праўда, мая ўвага адрэагавала на яго так слаба хутчэй не таму, што я забыў яго, а таму, што знаходзіўся пад уражаннем ад гутаркі з маладой і прывабнай асобай супрацьлеглага полу, — нічога дзіўнага: калі перад вачыма стаіць такі вобраз і ў вушах чуецца такі голас, то прыдатнага табе ў бацькі сівога дзядзечку можна ва ўпор не ўбачыць.

Дарэчы, пры нашым знаёмстве 17 гадоў таму ён папярэдзіў, каб ніякіх «вы», і я гэтае ўказанне старанна выконваю, штораз сябе змушаючы: так і не прызвычаіўся, зноў і зноў хочацца засведчыць субардынацыю належнай формаю звароту.

— Ты па-ранейшаму там, у рэдакцыі? — спытаў ён.

— Там. А ты?

— Я на пенсіі, пенсіянер з рэзаным сэрцам, аперацыю мне зрабілі. А табе доўга яшчэ?

— Што доўга?

— Да пенсіі.

Ад такога жудаснага пытання, якога мне яшчэ ніколі ніхто не задаваў, я ледзь не грымнуўся. Няўжо маю гэткую старажытную знешнасць — выраз твару, паставу, паходку?


— Ну, мне 46, — прамармытаў засмучана і зніякавела (мроіў юную прыгажуню, а мяне запрасілі ў пенсіянеры). Але адразу схамянуўся і ачомаўся, прыгадаўшы некаторыя цудоўныя акалічнасці, якія перыядычна асвятляюць маё ў цэлым панылае жыццё: — І ўвогуле, я яшчэ студэнт! Мяне ад працы другую вышэйшую накіравалі атрымліваць завочна, бо першы дыплом у мяне не журналісцкі. Вучуся, на сесіі езджу, па сталіцы шпацырую, у інтэрнаце лынды б'ю — словам, юнацтва паўторна пражываю. Цяпер вось курсавую пішу, увосень ізноў паеду, на цэлы месяц! Карацей, у мяне яшчэ ўсё жыццё наперадзе!

Суразмоўца стомлена (цяжка, мабыць, хадзіць з рэзаным сэрцам) пажадаў мне моцнага здароўя, і мы пакіравалі кожны сваім шляхам.

© Сяргей Абрамовіч, 2025