Студэнтка з’едліва распавядае сяброўцы, як адшывала несамавітага хлопца, калі той спрабаваў падбіваць пад яе кліны. Падмятала вестыбюль інтэрната (правіламі студгарадка прадугледжана, каб жыхары выконвалі на працягу года пэўны аб’ём усялякай гаспадарчай працы), і тут з’явіўся ён — нязграба, няўклюда, недарэка:
— Прыхіліўся такі да сценкі, чэраўца сваё вываліў і стаіць задаволены, залівае мне штосьці. Я яму кажу: «Ідзі ты ўжо, не ганьбі мяне, я і так падмятаю».
Сышла б за прыгнечаную прозай жыцця вытанчаную эстэтку, калі б не мат пасля кожнага слова ў яе маўленні.
© Сяргей Абрамовіч, 2025