11.03.2025

Да Бога на перакур

Сонечнай, але па-зімоваму калючай сакавіцкай раніцай, паміж дзевяццю і дзесяццю гадзінамі, маючы ў запасе хвілін сорак, я няспешна адмерваў крокамі сталічную вуліцу, з асалодай і настальгіяй пазіраючы навокал: на сярэдзіне жыццёвага шляху мне пашчасціла з месяц ізноў пажыць у горадзе свайго студэнцкага юнацтва, няздзейсненых мар і няспраўджаных спадзяванняў.

Людзей амаль не было: такой парою большасць на працы. На паўхвіліны-хвіліну тратуар спераду па маім курсе аказаўся нават зусім пустым. А пасля з’явілася жаночая постаць — гэтак сама няспешна прагульвалася мне насустрач. Невысокая і таўставатая, можа, крыху маладзейшая за мяне, з кароткімі светлымі валасамі, у шырачэзных, аж падмяталі дол і не давалі разгледзець абутак, чорных джынсах і таго самага колеру майцы без рукавоў (я ў той дзень яшчэ толькі думаў, ці не пераапрануцца падчас паездкі на выхадных дахаты з зімовай курткі ў лёгкае паліто).

Левай рукою, уздоўж якой ад пляча да запясця распаўзлася нейкая арнаментальнага характару татуіроўка, падносіла да рота электронную цыгарэту.

Спынілася каля культавага будынка з крыжамі, павярнулася да яго тварам, апусцілася на калені, села сабе на пяты, малітоўна склала рукі, трымаючы паміж далонямі электрасоску, схіліла галаву і знерухомела.

Калі паміж намі засталося два-тры маіх крокі, паціху паднялася і, смактануўшы сваю цацку ды выпусціўшы струмень пары, пакіравала ў храм.

© Сяргей Абрамовіч, 2025