15.04.2026

Рэдактура і карэктура — праблемы беларускага кнігавыдання

Я маю не самае аддаленае ўяўленне пра выдавецкую кухню ў Беларусі: звярстаў тры кнігі (не свае), дзве з якіх ужо выдадзеныя, узаемадзейнічаў па розных пытаннях не меней чым з дзясяткам выдаўцоў — юрыдычных асоб розных формаў уласнасці (пераважна прыватных) і індывідуальных прадпрымальнікаў. З улікам гэтага досведу ў спалучэнні са шматгадовым досведам чытацкім канстатую масава распаўсюджаную з’яву: літаратурнай і лінгвістычнай падрыхтоўкай тэкстаў да друку большасць суб’ектаў выдавецкага рынку займаецца фармальна, безадказна, непрафесійна, у выніку кнігі выходзяць з морам арфаграфічных, пунктуацыйных і граматычных памылак, фактычных супярэчнасцей, стылёвых агрэхаў.

Некаторыя выдавецтвы, выпускаючы кнігу за сродкі аўтара, патрабуюць, каб у ёй было пазначана імя рэдактара, і няважна, сапраўды гэта рэдактар ці фіктыўна ўпісаная асоба, галоўнае для выдавецтва — зняць з сябе такім чынам адказнасць за змест і якасць тэксту. Іншыя ставяць пазнаку накшталт «Кніга друкуецца ў аўтарскай рэдакцыі» (усе прэтэнзіі — да аўтара). Хтосьці прапаноўвае за дадатковую плату рэдагаванне і карэктуру, але, чытаючы такое выданне, спатыкаешся аб памылкі не радзей, чым у кнізе аўтарскай рэдакцыі (грошы за вычытку з кліента выцягнулі, а тэкст да ладу не давялі).

З аднаго боку, гэтая нядбайнасць выдаўцоў мне падабаецца: чытач бачыць, хто ёсць хто, разумее, чаго варты аўтар — коснаязыкі непісьменны графаман і мегаламан. З іншага, яна выклікае прыкрасць, раздражняе: каравы тэкст абражае мой літаратурны густ і філалагічны прафесіяналізм, трымаць у руках такую недакнігу — тое самае, што гутарыць з якімсьці нявыхаваным боўдзілам, гідка.

Безадказнае стаўленне да рэдактуры і карэктуры я заўважаў і ў сумніўных суб’ектаў (усялякія шарагі), і ў паважных кампаній. Згадайце, напрыклад, з маіх публікацый, як сем рэдактараў буйнога выдавецтва прапусцілі ў друк кнігу са словам «блізарукасць» у значэнні «дальназоркасць», або як з-пад пад прэтэнцыёзна аформленых вокладак прэстыжнай серыі пасыпалася безліч моўных памылак.

Не падабаецца — не чытай? Але часам здаецца, што калі пазбягаць абы-як напісаных і бесталкова выдадзеных кніг, дык увогуле чытаць не будзе чаго.

© Сяргей Абрамовіч, 2026