27.02.2024

Пісьменнік павінен быць добра пісьменным

Аналізуючы творы мастацкай літаратуры, я часта прыцягваю на дапамогу крытыцы лінгвістыку: катастрафічная сітуацыя з колькасцю памылак у тэксце (блудлівая арфаграфія, кульгавая граматыка, звар'яцелая пунктуацыя) зніжае ў маіх вачах вартасць твора, а блізкая да ідэальнай (памылак мала ці ўвогуле няма), вядома ж, павышае (гл., напрыклад, мае артыкулы «Салдаты ў генеральскіх мундзірах», «Расчараваны дзвюма Маргарытамі», «Кніжка для школьнікаў, якой не месца ў школе»). Пры гэтым канстатацыя лінгвістычнай каструбаватасці тэксту выстаўляе аўтара твора ў непрывабным святле і здольная ўвярэдзіць яго самалюбства, але хіба не сам ён вінаваты?

Якія вартыя ўвагі ідэі можа генераваць і трансліраваць грамадству чалавек, няздольны засвоіць (або, зазубрыўшы, прымяніць) асноўныя правілы пісьма? Ці не завуць такога невукам і тугадумам? Калі ж яго опусы і не прэтэндуюць на філасофскую глыбіню ды грамадскую значнасць, а імкнуцца да лірыкі ці забаўляльнасці, то на лінгвістычную аміністыю ўсё ж аўтар таксама няхай не разлічвае, ацэньваць літаратурную каштоўнасць тэксту ў адрыве ад якасці мовы, якою ён напісаны, лічу немагчымым.

Мастацкая літаратура — гэта менавіта мастацкая літаратура, від мастацтва, прыгожае пісьменства, яна павінна і зместам, і формаю цешыць чытача, задавальняць яго эстэтычнае пачуццё і патрэбу ў гармоніі, прыносіць асалоду (у выпадку з трагічным сюжэтам аб'ём атрыманай чытачом асалоды змяншаецца, часткова яна можа замяшчацца катарсісам, задавальненнем ад усведамлення сваёй няўцягнутасці ў трагічныя падзеі і іншымі сумежнымі з асалодаю псіхалагічнымі з'явамі).

Прыгожая мова (мілагучная ў вуснай форме і дасканалая ў пісьмовай) палоніць слухача/чытача, зацягвае яго ў створаную пісьменнікам рэальнасць, у залежнасці ад зместу твора і ад аўтарскага стылю закалыхваючы лірычнаю мелодыяй, захапляючы бадзёрым рытмам, замілоўваючы сваёй выкшталцонасцю…

Безліч лінгвістычных агрэхаў дасягненню гэтага эфекту не паспрыяе. Зноў і зноў спатыкаючыся аб няправільныя знакі прыпынку, памылковыя арфаграмы і недарэчныя граматычныя формы, абазнаны і патрабавальны чытач будзе адчуваць прыкрасць, увага яго будзе адцягвацца на гэтыя хібы, агульнае ўражанне ад твора — псавацца.

Непісьменнасць чытача, які не заўважае памылак, бо сам не ведае, як пісаць правільна, можна паставіць у адзін шэраг з адсутнасцю або па меншай меры прымітыўнасцю густу: рэцыпіент неразборліва спажывае ўсё, што яму падсунулі. Ды і ўвогуле, ці чытае мастацкую літаратуру непісьменная публіка (бульварнае чытво ў разлік не бяром)?

Калі ж чалавек не заўважае памылак, бо чытае хутка, захоплены сюжэтам або вымушаны адолець буйны тэкст за кароткі час (напрыклад, студэнт), то дзе гарантыя, што акрамя памылак ён не прапускае і некаторыя мастацкія дэталі, г.зн. успрымае твор павярхоўна і шмат што страчвае? Такі чытач не смакуе твор, як дэгустатар новую страву, а апантана паглынае, бы згаладалае за дзень беганіны дзіця вячэру (у дасмартфонную эпоху, вядома ж. Цяпер ужо столькі не бегаюць, колькі мы калісьці).

Зрэшты, кожнаму сваё, не ўсе з нас дапытлівыя і прыдзірлівыя гурманы-эстэты. Неяк у мяне завязалася гутарка з маладой (на той момант, каля 2010-га) паэтэсай у яе блогу, і я падзяліўся з ёй назіраннем, што ў выдадзеным нядаўна фаліянце аднаго нашага аксакала шмат моўных памылак, а яна здзівілася: «Праўда? А я дык не заўважыла, бо не ўдумваюся надта, для мяне галоўнае — плынь сюжэта, галерэя вобразаў, палітра эмоцый». Нядзіўна, не была б яна паэтэсаю.

Вядома ж, твор можа быць добра вычытаны рэдактарам і карэктарам, і ў такім выпадку чытач міжволі незаслужана прыпіша аўтару добрае валоданне словам, адчуванне мовы і стараннасць, добрасумленнасць у апрацоўцы тэксту, хаця на самай справе твору далі жыццё іншыя людзі — зрабілі яго з сырой, бездапаможнай, нікчэмнай аўтарскай крэмзаніны, месца якой у макулатуры. Гэтую праблему я закрануў у артыкуле «Не веру пісьменнікам, бо добра іх ведаю». Яна, відаць, невырашальная: не прымусіш жа аўтара прызнацца, наколькі моцна яго кніга адрозніваецца ад рукапісу, застаецца толькі здагадвацца, рабіць высновы на падставе сваёй інтуіцыі і ўскосных звестак (напрыклад, пачуўшы маўленне літаратара дзесьці ў нефармальных абставінах, дзе ён гаворыць без падрыхтоўкі, або наведаўшы яго старонку ў сацсетцы).

І яшчэ адзін нюанс. Сістэма нормаў мовы не бездакорная, не пазбаўленая супярэчнасцей, якія часам уводзяць моўцу (аўтара тэксту) у зман, ставяць у тупік. Чаму, напрыклад, акадэмічны «Граматычны слоўнік назоўніка» (Мінск, «Беларуская навука», 2013) падае найменне віду мастацтва жывапіс і роду прафесійнай дзейнасці маркетынг у родным склоне адзіночнага ліку з канчаткам «у», а найменні відаў спорту (футбол, хакей, баскетбол і інш.) — з «а» (дарэчы, абагульняльнае для іх слова «спорт» — зноў жа, з «у»)? Чаму ў той самай граматычнай форме, у адпаведнасці з тым самым аўтарытэтным слоўнікам і выкладзенымі ў разных падручніках правіламі, назвы сельгаскультур гарох, авёс, лён маюць канчатак «у», а вось авёс — «а»? Болей за тое, нават самі стваральнікі нормаў, заслужаныя, паважаныя мовазнаўцы, укладальнікі слоўнікаў і аўтары падручнікаў, па некаторых пытаннях не маюць агульнай думкі, а ў артыкуле «Шкілет у шафе знакамітага лінгвіста» я апісаў сітуацыю, калі адна такая тытулаваная персона прадэманстравала ўзровень пісьменнасці, адпаведны зусім не яе высокаму рангу. Але ўсё ж паміж непісьменнасцю (калі аўтар тэксту слаба ведае мову) і прынцыповаю пазіцыяй (калі ён свядома адступае ад асобных сумніўных нормаў) заўсёды ляжыць відавочная, выразная мяжа. Ва ўсялякім разе, у выпадку з тэкстам вялікага аб'ёму старонак праз дзесяць зразумееш, майстрам слова з'яўлецца аўтар ці бракаробам.