05.06.2019

Салдаты ў генеральскіх мундзірах

(Водгук на тры кнігі трох сучасных беларускіх пісьменнікаў сталага ўзросту)

Трапілі мне ў рукі адразу тры кнігі, выдадзеныя з 2012 па 2014 год у серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі». Невялікага фармату (13 на 17 см), з колькасцю старонак ад 320 да 448, тыражом па 1000 экзэмпляраў кожная, адна на беларускай мове і дзве на рускай. Айчынных аўтараў я не купляў ужо з паўтара дзясятка гадоў (за выключэннем рэдкіх, адзінкавых выпадкаў), таму што надакучыла зноў і зноў адчуваць сябе падманутым, штораз атрымліваючы стопрацэнтную халтуру, у тым ліку і ад тытулаваных персон — лаўрэатаў прэмій, членаў творчых аб'яднанняў, галоўрэдаў літчасопісаў. І вось цяпер, ухапіўшы гэтыя тры кнігі задарма як бонус у дадатак да некалькіх іншых купленых (у краме праходзіла нейкая акцыя), я рызыкнуў зноў здзейсніць экспедыцыю ў свет слоўнай творчасці сваіх землякоў. Хто ведае, а раптам у мяне змяніўся густ? Або нават калі застаўся ранейшым, то не выключана, што дзякуючы шчасліваму збегу абставін усё ж знойдзецца ў гэтым халяўным наборы хаця б адна рэч, якая прыйдзецца мне даспадобы.

Дарэчы, наконт густу і суб'ектыўных схільнасцей удакладню: ніякіх звышнатуральных патрабаванняў аўтарам я не прад'яўляю і паводле нейкіх завышаных ці мудрагелістых, вычварных крытэрыяў творы не ацэньваю. Тэкст прыносіць мне задавальненне, калі ён, па-першае, не скалечаны мноствам лінгвістычных памылак (граматыка, арфаграфія, пунктуацыя) і, па-другое, напісаны добрым, гарманічным стылем, які, зачароўваючы лірычнай мелодыяй ці захапляючы бадзёрым рытмам, цалкам завалодвае маёй увагаю і, прымусіўшы забыць пра ўсё, нясе мяне па хвалях расповеду ў створаную пісьменнікам рэальнасць. Калі ж перад маімі вачамі апынаецца бездапаможная, нягеглая, жалю вартая крэмзаніна коснаязыкага і малапісьменнага прымітыўнага калялітаратурнага рамесніка, то яе грэбліва адкідваю пасля першых абзацаў ці старонак.

Не знайшлі раўнавагі паміж раскошаю і сціпласцю

Акцыйныя кнігі здзівілі мяне вельмі ўжо строгімі, паважнымі, афіцыйна-дзелавымі вокладкамі: цёмна-сіні фон і залатыя літары выклікаюць асацыяцыі з нейкім ваенным мундзірам часоў Расійскай імперыі ці з сучасным пракурорскім кіцелем, а эмблема Саюза пісьменнікаў нібыта імкнецца быць падобнаю да Дзяржаўнага герба і надае кнізе выгляд якога-небудзь кодэкса ці статута. Магчыма, тым самым заснавальнікі серыі хацелі сцвердзіць асаблівую каштоўнасць кніг, маўляў, гэта вам не хухры-мухры, а залаты фонд, культурны здабытак краіны!

Здзіўленне ўзмацнілася, калі я ўбачыў, што папера старонак — рыхлая жоўта-карычневая газетная, а пераплёт — клеявы і ў момант раскрыцця кнігі на 180 градусаў пагражае разваліцца. З якой прычыны такі кантраст? Вокладка ўслаўляе на ўвесь свет сабраныя пад ёю шэдэўры, а старонкі выглядаюць так, нібыта гэта нейкі штогадовы аднаразовы даведнік сярэднеспецыяльных навучальных устаноў для абітурыентаў.

Шэдэўры, бясспрэчна, не перастануць быць шэдэўрамі, нават калі іх надрукаваць на дрэннай паперы (галоўнае ж не форма, а змест, не знешні выгляд і ўражанне ад яго, а сутнасць), так што эканомія на паліграфічных матэрыялах бачыцца мэтазгоднаю, бо, збярогшы такім чынам лішнюю капейку, можна надрукаваць крыху больш асобнікаў і ашчаслівіць крыху большую колькасць чытачоў, якія прагнуць высакаякаснай духоўнай ежы, прыгатаванай непераўзыдзенымі майстрамі слова, але ў такім разе паўстае пытанне: чаму тады і праз вокладку не знізілі кошт кнігі? Зрэшты, што ўжо зроблена, тое зроблена, не буду жангліраваць сваімі здагадкамі і дапушчэннямі, перайду да аналізу кантэнту, апранутага ў генеральскія мундзіры.

Блог са спазненнем на некалькі гадоў

Першым з набыткаў я прачытаў беларускамоўны зборнік апавяданняў Івана Стадольніка «Сёмае неба». Ужо знаёмячыся з анатацыяй, засумняваўся ў добрасумленнасці і прафесіяналізме асоб, якія рыхтавалі кнігу да выдання, паколькі знайшоў у гэтым няхітрым тэксціку лінгвістычную памылку — слова «перапетыі». Некалькімі памылкамі ўкамплектавана і прадмова за подпісам даволі тытулаванага беларускага літаратара Генадзя Пашкова: «Паўка Каргагін», «праз ўсё жыццё», «фельшара» і інш. Некаторыя з гэтых агрэхаў могуць аказацца тэхнічнымі (памылкі, зробленыя ў ходзе набору тэксту), але некаторыя ляпы адназначна выдаюць слабаватае валоданне (аўтара? Рэдактара? Карэктара?) беларускай моваю. Напрыклад, фраза «ён усяму жывому спагадае дабра»: «спагадае» значыць «спачувае, суперажывае», а дабра ў вышэйпрыведзеным кантэксце можна жадаць, або зычыць.

Разбягаюцца вочы ад памылак і ў саміх творах Івана Стадольніка. Не магу сцвярджаць, якія з іх зроблены аўтарам, а якія — іншымі асобамі, датычнымі да выдання кнігі, але ў любым выпадку факт застаецца фактам: тэксты пісьменніка адчувальна папсаваныя малапісьменнасцю, стракацяць мноствам лінгвістычных хібаў. Прывяду некалькі прыкладаў. На стар. 7 імя Анжаліка двойчы пададзена ў форме давальнага склону, але кожны раз па-рознаму: русізм «Анжаліке» і правільны варыянт «Анжаліцы». На стар. 305 красуецца яшчэ адзін русізм — «рэгістратарке». Часта сустракаецца блытаніна з літарамі «у» і «ў», правіла іх напісання месцамі прымяняецца з дакладнасцю да наадварот. Так, на стар. 129 сустракаем паслядоўнасць слоў «продажу удалося», а на стар. 161 — «сутаргавым ўсхліпам». Шмат памылак на суцэльнае/асобнае/злучковае напісанне: «усёткі» (стар. 183), «цёмначырвоны» (стар. 184), «што сілы» ў значэнні «з усяе сілы» (стар. 287), «на што» ў значэнні «навошта» (стар. 298).

Мастацкі ўзровень твораў, сабраных у гэтай кнізе, сярэдні з уздымамі крыху вышэй і спадамі крыху ніжэй. Тэксты прысвечаны ў асноўным жыццю простых людзей, пры гэтым у галерэі створаных пісьменнікам вобразаў паказаны ледзь не ўсе ўзроставыя катэгорыі і сацыяльныя групы: дзеці, дарослыя, старыя, вяскоўцы і гараджане, працаўнікі і інтэлігенцыя, законапаслухмяныя грамадзяне і асацыяльныя элементы. Здарэнні, канфлікты, трагічныя лёсы, настальгія, непаразуменні, кур'ёзы, камічныя сітуацыі — старонка за старонкаю, расповед за расповедам перад чытачом праплывае жыццё народа ва ўсёй сваёй разнастайнасці, і нібыта ўсё гэта цікава, пазнавальна і павучальна, але ў нейкі момант пачынаеш пазяхаць і ўсведамляеш, што не складваюцца шматлікія апавяданні ў нейкую сістэму, не трансліруюць нейкую ідэю, не вымалёўваецца з іх якая-небудзь арыгінальная карціна свету, філасофія. Гэта проста выхапленыя з бясконцай штодзённасці кадры, нейкі асабісты блог Івана Стадольніка, напісаны са спазненнем на некалькі гадоў: блогер звычайна піша пра тое, што з ім адбылося сёння/учора/пазаўчора, а ў кнізе Івана Стадольніка сабраны сюжэты з яго жыцця (перажытае самім ці ад кагосьці пачутае) розных гадоў. Ён нават часта распавядае ад першай асобы або гаворыць пра сябе ў трэцяй асобе пад іншым імем. Напрыклад, у некаторых сюжэтах прысутнічае вобраз маладога вясковага ўрача, у якім няцяжка пазнаць самога Стадольніка ў гады яго маладосці. Як мінімум у адным апавяданні ён вядзе гаворку пра сябе цяперашняга — сталага чалавека, бацьку і дзеда (такую выснову я раблю, праз збег абставін ведаючы адну дэталь з асабістага жыцця пісьменніка).

Мова твораў — прэсная, сухая, бясколерная, нуднае пералічэнне паслядоўнасці падзей, канстатацыя фактаў.

Пра доўгія цяжкія выпрабаванні — хутка і лёгка

А вось наступная кніга — аповесць* Аркадзя Шустарава «Человеки» (на рускай мове) — таксама нібыта напісана да прымітывізму проста, па прынцыпе пералічэння падзей, учынкаў герояў, але пры гэтым вельмі жывая і захапляльная. Магчыма, гэты феномен спароджаны значнасцю апісаных у творы рэалій, бо кніга — пра вайну, ды яшчэ і анатацыя падагрэла маю цікаўнасць: у ёй паведамляецца, што аўтар піша пра падзеі, удзельнікам якіх быў сам.

Апавядальная плынь вельмі насычаная, канцэнтраваная, у мінімум слоў уціснуты максімум падзей і высноў, ідэй. На 440 старонках (нагадаю, невялікага фармату) аўтар апісвае перыяд жыцця сваіх герояў пачынаючы з эвакуацыі іх горада перад наступленнем нямецкіх войскаў і заканчваючы яго вызваленнем. Асноўная частка сюжэту прысвечана партызанскай барацьбе. Прысутнічаюць таксама разважанні на грамадска-палітычныя тэмы (рэлігія, антысемітызм, фашызм, сталінізм і г.д.). Не абышлося і без кахання.

Граматычных памылак і стылістычных хібаў, на жаль, мноства. «Хлопотали у стола, расставляя посуду, ложки, вилки», — так апісвае аўтар на стар. 174 падрыхтоўку да застолля, хоць лыжкі і відэльцы раскладваюць, а не расстаўляюць. На стар. 298 прысутнічае словазлучэнне «сказать «спасибо»» (слова «спасибо» без патрэбы ўзята ў двукоссе), а вось на стар. 328 знаходзім выраз «скажи спасибо» (ужо без двукосся). На стар. 331 — незакончаны сказ: «Попадая в него, они, пытаясь сбросить с себя парашюты и оружие, все глубже погружаясь в чмокающую, засасывающую бездну» (гаворка ідзе пра выкінуты над балотам дэсант. Магчыма, сказ усё ж закончаны, але замест дзеепрыслоўя «погружаясь» павінен стаяць дзеяслоў «погружались»). Няправільныя граматычныя формы: «предавать доктора, спасшему ему жизнь» (стар. 301), «дадут свидиться с матерью» (стар. 424).

Нягледзячы на прыкрасць ад гэтых і шматлікіх іншых памылак, чыталася кніга лёгка, на адным дыханні, з усіх яна спадабалася мне найбольш (праўда, у адносінах да дзвюх іншых слова «спадабалася», відаць, выглядае недарэчна).

Кропля паэзіі ў моры ныцця і тугі

Менш за ўсё прыхільнасці выклікаў у мяне зборнік вершаў, публіцыстыкі, успамінаў і разважанняў Валерыя Грышкаўца «Я из тех...» (таксама на рускай мове).

У вершах занадта шмат голых эмоцый (пераважна негатыўных: туга, боль, скруха і інш.), невядома чым выкліканых, не прывязаных ні да якіх падзей, або прывязаных, але незразумела да якіх.

Постыдно, малодушно и трусливо
Я уходил. Вослед смотрели вы.
Я шел, я озирался торопливо,
Не поднимая тяжкой головы.

Все кончено! И нет пути обратно.
(Его напрасно буду я искать.)
И жизнь прошла. И понят я превратно.
И нужно ли об этом размышлять...

Ад каго сышоў аўтар? Ад жанчыны? Ці з нейкага калектыву? З сям'і? На любую з гэтых сітуацый можна спраецыраваць вышэйпрыведзеныя рыфмоўкі. І чаму сышоў, таксама застаецца толькі здагадвацца.

Часам вершавальніку ўсё ж удаецца дасягнуць збалансаванасці эмоцый і падзей, абстракцый і канкрэтыкі — і тады з-пад яго пяра выходзяць цалкам дастойныя радкі, яркія, вобразныя, выразныя, даступныя для разумення і здольныя крануць пачуцці. Такіх вершаў, паводле маёй ацэнкі, у паэтычным блоку зборніка (а гэта крыху больш за 100 старонак з агульнага аб'ему крыху больш за 370) працэнтаў пяць.

Публіцыстычная частка кнігі прасякнута настальгіяй па Маскве, якую Валерый Грышкавец (ён правёў там не адзін год) з глыбокай пашанай называе Першапрастольнаю.

Многія сюжэты ўспамінаў прысвечаны расійскім і айчынным калегам па пяры, пры гэтым асобныя эпізоды вельмі ўжо асабістыя: хто з кім выпіваў, хто ў каго начаваў, хто каму што падараваў і г.д. Наконт этычнасці вынасу падобных звестак на публіку ў мяне штораз узнікала сумненне (хіба што аўтар усё ўзгадніў і на ўсё атрымаў дазвол?).

Эмацыянальны фон кнігі цяжкаваты, нават, рызыкну сказаць, дэструктыўны, таксічны. Палітра настрояў, знаходзячыся ў якіх аўтар прадуцыраваў тэксты, багатая на цёмныя таны: меланхолія, расчараванне, безвыходнасць, незадаволенасць жыццём і г.д. Напрыклад, Валерый Грышкавец з горыччу гаворыць пра распад СССР, няўхвальна выказваецца пра сучасных палітыкаў, лае сваіх ідэалагічных (палітычных) апанентаў, наракае на цяжкасці літаратараў з прапіхваннем твораў у друк і г.д. Часта аўтар дэманструе рэлігійнасць: то з цеплынёю адгукнецца пра якога-небудзь царкоўніка, то папракне сябе за няправедны лад жыцця, то ўключыць маралізатара і прыпалохае чытача тым, што, маўляў, усіх нас чакае Страшны суд, і г.д.

Памылак лінгвістычнага характару, як і ў папярэдніх двух выданнях, не злічыць. Стар. 246: «Но когда все произошло на поэтов стали смотреть как на что-то умное и ненужное» (прапушчана коска). Стар. 249: «Эти стихи с отрочества я знал, как «блатную» песню» (коска не патрэбна). Стар. 250: «Вскоре после операции начат писать новую прозу» (можа, «начал», ці «начать»?). Стар. 278: «Теперь, почти всегда с телевизора начинается и телевизором заканчивается мое дежурство» (непатрэбная коска). Стар. 286: «И тут, чтобы я ему ни говорил, он принимает как лукавство» (у дадзеным кантэксце замест злучніка «чтобы» патрэбны займеннік «что» і часціца «бы»). Стар. 358: «Эдакий трус, ропщущий перед сильными мира сего» («роптать» значыць «скардзіцца, выказваць нездавальненне, абурацца». Відаць, аўтар хацеў напісать не «ропщущий», а «робеющий», ці «раболепствующий», ці яшчэ штосьці, што абазначае страх, прыніжэнне, прыгнечанасць).

Карацей, кніга Валерыя Грышкаўца ўяўляе сабою сумесь рэфлексій, перажыванняў і ўспамінаў прыватнай асобы, якія хоць і адлюстроўваюць эпоху, але ўсё ж грамадскай каштоўнасці не маюць, таму што заўважна суб'ектыўныя, не заўсёды паслядоўныя (туга па СССР і разам з ёю рэверансы ў бок царквы), сумніўныя з этычнага пункту гледжання (раскрыццё занадта асабістых звестак пра сваіх знаёмых).

Вокладкі — на стагоддзі, старонкі — на гады, тэксты — на хвіліну

Звесткі, атрыманыя мною з усіх трох кніг, не надта ўзбагацілі мой унутраны свет, што, праўда, нядзіўна: мне ўжо 40 — убачана, перажыта і прачытана нямала, ёсць што і з чым параўнаць. Магчыма, ад гэтых твораў была б карысць школьнікам і студэнтам (пашырэнне кругагляду), але не выключаю і верагоднасць шкоды: насычаныя памылкамі тэксты маглі б дэзарыентаваць падлеткаў і юнакоў, няправільныя варыянты напісання адклаліся б у іх падатлівых, яшчэ несфарміраваных свядомасцях як правільныя. На чытанне маладымі журналістамі і літаратарамі дзеля шліфоўкі стылю, удасканалення слоўнага майстэрства яны таксама не прыдатныя: пісаць прыгожа на іх не навучышся, саміх іх трэба шліфаваць і шліфаваць.

Вялікага жалю з прычыны загубленага на гэтыя выданні часу не адчуваю, хацеў жа даведацца, што там, пад шматабяцальнымі, саліднымі вокладкамі, вось і задаволіў сваю цікаўнасць. Хаця мог бы яшчэ ў краме здагадацца, што калі кнігі прастаялі столькі гадоў і цяпер іх бясплатна раздаюць, то гэтым усё сказана, кошт ім — дарма не трэба.

_______________________

* Дазволю сабе самавольна назваць гэты тэкст аповесцю, паколькі звестак наконт яго жанравай прыналежнасці ў кнізе не знайшоў.