28.03.2022

Не веру пісьменнікам, бо добра іх ведаю

Недавер мой тычыцца не зместу твораў (навуковай ці дакументальнай дакладнасці ад паэзіі і прозы я не вымагаю), а іх аўтарства: сумняваюся, што якасныя (пісьменныя і высокамастацкія) тэксты на самай справе належаць таму, з-пад чыйго пяра яны нібыта выйшлі. Спарадзілі гэтае сумненне наступныя выпадкі з маёй практыкі.

* * *

2004 год. Я, правінцыял, адбыўшы пасля ўніверсітэта размеркавальны тэрмін настаўнікам у вясковай школе, вярнуўся ў сталіцу — горад свайго студэнцкага юнацтва — і працую карэспандэнтам у рэспубліканскай дзіцячай газеце, якая знаходзіцца ў стане глыбокага заняпаду: нізкі аўтарытэт у мэтавай аўдыторыі (навучэнцы школ і, ускосна, але непазбежна, педагогі), мізэрны тыраж, непрафесіяналізм калектыву, стратнасць і г.д. (праз няпоўныя два гады я адтуль сышоў, а сёння яе ўжо няма: ліквідавана з прычыны незапатрабаванасці).

57-гадовы паэт і крыху празаік, член Саюза пісьменнікаў, дыпламаваны, як і я, філолаг, вядзе ў гэтай газеце ў якасці пазаштатнага супрацоўніка рубрыку накшталт «Школа паэзіі» (не памятаю дакладна, як яна называлася) — завочна вучыць дзяцей складаць вершы і аналізуе дасланыя імі ў рэдакцыю рыфмаванкі.

З'яўляючыся пазаштатнікам, ён дзесьці раз на месяц прыходзіць у рэдакцыю забраць адрасаваныя ў яго рубрыку лісты і аддаць свае прызначаныя для апублікавання тэксты, напісаныя з морам граматычных памылак няўклюдным, дубовым, прыгнечаным, пык-мык, стылем. Каб паставіць гэтае ўбоства ў друк, даводзіцца грунтоўна яго правіць.

* * *

2006 год. Я па-ранейшаму працую карэспандэнтам у той самай газеце. Рэдакцыя наша выдае яшчэ і часопіс (таксама дзіцячы; выходзіць ён і сёння, але ўжо з рук іншага калектыву іншай юрыдычнай асобы). Неяк мая галоўная рэдактарка, жанчына 37-мі гадоў (на 10 старэйшая за мяне), дае мне рукапіс фантастычнай аповесці знакамітай пісьменніцы (59 гадоў, піша прозу і вершы, узначальвае салідны літаратурны часопіс) і просіць вычытаць гэты твор для апублікавання ў нашым часопісе — выправіць граматычныя памылкі, падкарэкціраваць пры патрэбе змест і падшліфаваць стыль (каб не было фактычных супярэчнасцей і мастацкіх хібаў). Ставячы мне гэтую задачу, начальніца дадае, што аповесць увойдзе ў зборнік прозы пісьменніцы.

Я здзіўляюся: будуць жа неадпаведнасці, калі ў часопісе выйдзе варыянт, адрэдагаваны мною, а ў зборніку — нейкі іншы. Рэдактарка ўхіляецца ад шчырага адказу, няўпэўнена гаворыць, што часопісны варыянт будзе сам па сабе — часопісным, а кніжны — кніжным, і я разумею, што на самай справе тэкст дзеля таго і далі на вычытку мне, адзінаму ў рэдакцыі філолагу, каб пасля ўвесці ў зборнік са спакойнай душою, ведаючы, што опус прайшоў праз рукі прафесіянала. Да таго ж вычытваць мне далі папяровы варыянт, а не, як звычайна, камп'ютарны — яўна маючы намер супаставіць пасля мае праўкі з праўкамі рэдактараў ды карэктараў выдавецтва і прыйсці такім чынам да адзінага варыянта аповесці.

Бяруся, чытаю. Выпраўляю безліч граматычных памылак і нямала стылістычных хібаў, знаходжу дзве-тры фактычныя супярэчнасці.

* * *

Той самы 2006-ты. З газетна-часопіснай рэдакцыі я ўцёк (невыносная атмасфера: інтрыгі, зайздрасць, злараднасць, шкодніцтва) і шукаю працу — таксама ў друкаванай журналістыцы.

Прыйшоў на гутарку ў нейкі прававы часопіс. Са мною размаўляюць галоўны (мужчына) і стылістычны (жанчына) рэдактары, абодва дзесьці маіх гадоў. Тое ды сёе — і раптам, адступіўшы ад галоўнай тэмы нашай сустрэчы, стыль-рэдактарка пытаецца (проста, відаць, праз цікаўнасць), ці меў я на папярэдняй працы справу са знанымі пісьменнікамі. Адказваю сцвярджальна.

— Ну, і якія ўражанні? — цікавіцца.

— Шок і расчараванне, — кажу як ёсць. — Ніколі раней не думаў, што майстры слова на самай справе такія недарэкі і няздары.

— Вось-вось! — узрадавана, бы сустрэўшы земляка на чужыне, падтрымлівае мяне суразмоўніца, і яе першапачаткова адчужаны, сухі, афіцыйны тон з гэтага моманту становіцца і да канца гутаркі застаецца вельмі цёплым, прыязным. — Я некаторы час рабіла ў выдавецтве, і мы там рыхтавалі да друку кнігі масцітых аўтараў, і ў мяне тады таксама былі шок і расчараванне. З тых часоў я ведаю, што кнігі ў большасці выпадкаў на 80% зроблены рэдактарам, а не тым чалавекам, чыё імя красуецца на вокладцы.

* * *

2013 год. Працую ў раённай газеце (стаміўшыся туляцца па здымных кватэрах, вырашыў пашукаць шчасця ў глыбінцы, дзе і асеў, атрымаўшы адразу пасля ўладкавання на працу інтэрнат, праз паўгода — службовую кватэру, а праз 7 гадоў пабудаваўшы ўласную).

У суседнім раёне жыве пісьменнік (празаік і паэт, 57 гадоў), які выдае кнігі за ўласны кошт і прадае іх, каму і як атрымаецца: прапаноўвае бібліятэкам набыць для папаўнення фонду, шукае ахвочых раскашэліцца сярод сваіх знаёмых, не грэбуе прыпадабняцца да нахабных надакучлівых распаўсюджвальнікаў усялякага шырспажыву — цягаецца з сумкаю на плячы па кабінетах розных устаноў і г.д.

Наш галоўны рэдактар (равеснік пісьменніка) прыкарміў яго — кожную новую кніжку прэзентуе на старонках газеты, а мяне папрасіў даваць тэлефон свайго пратэжэ ўсім, хто будзе цікавіцца магчымасцю набыцця яго твораў (праўда, ніхто да мяне з такім пытаннем ні разу не звярнуўся).

І вось пісьменнік прынёс у рэдакцыю чарговае сваё выданне, і мне даручана напісаць пра гэтую кнігу, пагутарыўшы з аўтарам. Гутарым. Пісьменнік між іншым скардзіцца: эх, няма дзе знайсці талковага, пісьменнага рэдактара, каб кніжку перад друкаваннем да ладу давёў. Я, наіўны, не навучаны вопытам, выкладзеным у вышэйпрыведзеных эпізодах маёй журналісцкай біяграфіі, у думках здзіўляюся: дык ты ж пісьменнік, уладар слова, навошта ж табе рэдактар, я б, наадварот, да сваёй кніжкі ніякіх рэдактараў ды карэктараў не падпусціў, бо іх, сапраўды, пісьменных і талковых не сустракаў. Але агучваць гэтыя думкі я не стаў, каб не пачалася дыскусія і размова наша не зацягнулася, бо асалоды я ад яе не меў (субяседнік — спецыфічны кадр: напружаны, калючы, незадаволены лёсам, пакрыўджаны на ўвесь свет).

Дамовіліся, што на некалькі дзён ён пакіне мне кнігу, каб я атрымаў пра яе больш яскравае ўяўленне і напісаў больш асэнсавана, чым паводле вынікаў паўгадзіннай гутаркі. Чытаю. Фактычных супярэчнасцей не знаходжу. Стыль банальны, але ўпэўнены, цвёрды. А вось граматыка — як у школьніка-двоечніка: памылак — безліч.

* * *

Да мяне як журналіста не аднойчы звярталіся ўсялякія сумніўныя і адыёзныя асобы (экзальтаваныя летуценнікі і дзівакі, малапісьменныя прайдзісветы, нікчэмныя ганарыстыя зануды) і прасілі, або нават патрабавалі напісаць з іх слоў і апублікаваць у газеце тэкст за іх подпісам, або напісаць нібыта ад майго імя, але, зноў жа, з іх слоў — г.зн. данесці іх ідэі да чытача праз мой аўтарытэт (я не выхваляюся, гэта аб'ектыўная рэальнасць: журналіст за шмат гадоў працы ў адным выданні набывае пэўную рэпутацыю, і ў мяне яна не самая дрэнная, хаця, вядома, ёсць і нядобразычліўцы, бо ўсім не дагодзіш). Такіх просьбітаў і патрабавальнікаў я адшываў і буду адшываць.

А пісьменнікам не веру. Чытаючы любога з іх, маю на ўвазе, што тэкст можа належаць як яму, так і на 80% рэдактару.