Атрымаўшы доўгачаканы працоўны адпачынак, я з'ездзіў у вялікі горад, дзе, акрамя ўсяго іншага, наведаў кніжную краму (у маім гарадку іх няма). Купіў тры кнігі — каб на працягу шчаслівага месяца разбавіць свой вольны час чытаннем. На жаль, адзін з набыткаў аказаўся марным — шкадую, што выдаткаваўся на яго. Раман Зінаіды Дудзюк (нар. у 1950 г.) «Слодыч і атрута» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2013).
У пачатку твора дзеянне адбываецца на тэрыторыі Заходняй Беларусі пад польскай уладай, а дзе і калі разгортваюцца падзеі далей (у сярэдзіне і канцы кнігі), не ведаю, бо не хапіла цярпення чытаць: напісана нуднавата, прымітыўна, наіўна, непераканаўча, недастаткова ўдумліва, эмацыянальнага кантакту паміж аўтарам і чытачом не адбываецца, створаная пісьменнікам мастацкая рэальнасць не палоніць, мяжа паміж ёй і рэальнасцю сапраўднай (нашай, сённяшняй) у працэсе чытання не размываецца — і адолеў я толькі 94 старонкі з 397-мі. Можа, на якой другой-трэцяй сотні старонак аўтару нарэшце ўсё ж удалося раскачагарыцца-разагнацца да чагосьці грунтоўнага, уражвальнага і захапляльнага, але такі прыкра доўгі разагрэў (амаль чацвёртая частка тэксту — бездапаможнае буксаванне) дэвальвуе ўвесь твор: нават калі сярэдзіна і канцоўка атрымаюцца выдатнымі, то з улікам правальнага пачатку сярэдняя адзнака раману — «здавальняюча», моцная тройка ці хісткая чацвёрка паводле пяцібальнай шкалы, і траціць час на такога ўзроўню тэксты я шкадую, жыццё кароткае.
У той порцыі літар, якую я паспеў прымусова ў сябе запіхнуць (так часам сілаю і ўгаворамі кормяць малых дзяцей), выразна абазначыліся і пачалі пераплятацца паміж сабою дзве сюжэтныя лініі: 1) перыпетыі асабістых узаемаадносін персанажаў (пазашлюбная цяжарнасць, безнадзейная закаханасць, заляцанні, сватанне і г.д.); 2) перадумовы нейкіх узрушэнняў грамадска-палітычнага характару (вясковы хлопец уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, а дзве дзяўчыны, адна з якіх некалі мела з ім інтымную блізкасць, дапамагаюць яму весці агітацыю сярод мясцовых жыхароў). Цікава было б даведацца, як далей склаліся лёсы герояў, але мастацкі ўзровень тэксту выклікае ў мяне непрыманне, адштурхоўвае настолькі моцна, што магчымасцю задаволіць сваю цікаўнасць я ахвярую на карысць эстэтычнага пачуцця: літаратурны твор павінен не толькі перадаваць інфармацыю, а яшчэ і прыносіць асалоду, працэс чытання мусіць быць прыемным.
У прыватнасці, няўдалымі атрымаліся шмат якія спробы аўтара намаляваць сцэны зносін дзейных асоб, паказаць іх гутаркі: рэплікі ў дыялогах нярэдка схематычныя, ненатуральныя, не адлюстроўваюць псіхалагічны стан моўцы — проста неяк фармальна, пратакольна, механічна, у адрыве ад эмацыянальнага фону сітуацыі перадаюць сэнс выказвання. Пра псіхалогію і светаадчуванне тагачасных людзей (і, адпаведна, пра ўласцівую ім манеру вядзення гутаркі на тую ці іншую тэму, пра стыль пабудовы выказванняў) мы можам толькі здагадвацца, а таму адпаведныя эпізоды твора лепш было б падаць апісальна — распавёўшы ад імя аўтара, хто каму што сказаў, з якой просьбай да каго звярнуўся, якою была рэакцыя на гэтую просьбу і г.д. (праўда, тэкст з дыялогамі лягчэй чытаецца, выглядае больш дынамічным, але каб ён атрымаўся высакаякасным, дасканалым ва ўсіх адносінах, аўтару неабходна ў тым ліку і дбайна папрацаваць над рэплікамі, адшліфаваць іх, гарманічна ўпісаць у кантэкст).
Яскравы прыклад няўдалай рэплікі ў рамане — звернутыя да хлопцаў словы дзяўчыны, якая па заданні камсамольца-падпольшчыка (сама камсамолкаю не з'яўляецца) падчас велікодных гулянняў збірае грашовыя ахвяраванні на патрэбы падпольнай барацьбы. Робіць яна гэта ўпершыню, а значыць, павінна была б хвалявацца і падводзіць суразмоўцаў да сваёй прапановы здаля, праз гутарку на якія-небудзь іншыя тэмы (хлопцы, да якіх яна звяртаецца, таксама не камсамольцы, таму гэты зварот — нечаканасць для іх), але пісьменніца не дала сабе працы паднесці гэты эпізод належным чынам, зрабіць яго псіхалагічна праўдападобным: у яе версіі дзяўчына проста падышла да вясёлай кампаніі моладзі, павіталася і адразу коратка, па-дзелавому, амаль без прадмовы абвясціла, што ёй трэба, — нібыта звыкла звярнулася да прадаўца ў краме ці пачала зачытваць даклад на нейкім пасяджэнні:
— Хрыстос уваскрос, — сказала Зося.
— Сапраўды ўваскрос, — весела адказалі ёй дзецюкі.
— Хлопцы, вось мы тут святкуем, радуемся, а ў свеце ёсць шмат людзей, зусім абяздоленых, у якіх няма грошай на бульбіну. Мне даручылі сабраць, колькі змагу, грошай для тых бедных людзей.
(Стар. 83.)
У кнізе нямала лінгвістычных памылак. Асабліва кульгае пунктуацыя: «Яна пацягнула світку, каб накрыць азяблае плячо і толькі тады зразумела, што зусім распранутая» (стар. 15, адсутнічае коска пасля слова «плячо»); «Нехта з хлопцаў, напэўна з вельмі беднай сям'і сказаў, што ён не ў кожнае свята гэтак харчуецца» (стар. 31, адсутнічае коска пасля слова «сям'і»); «Толькі пасля Каляд, Каця і Зося сабраліся на вячоркі ў Крачкі» (стар. 41, стаіць непатрэбная коска пасля слова «Каляд»); «Ці ты бачыў колькі я за зіму кудзелі напрала?» (стар. 76, адсутнічае коска пасля слова «бачыў») і інш. Нярэдка замест літары «ў» ужыта «у»: «хустку у час» (стар. 9), «сямёра украінак» (стар. 30), «нязграбна ускараскаўся» (стар. 37) і інш. Сустракаюцца і памылкі іншага кшталту, у тым ліку, магчыма, апіскі: «роднёй» (стар. 6, трэба «раднёй»), «пад нагамі зашаргацела ўляжалай салома» (стар. 13, трэба «пад нагамі зашаргацела ўляжалая салома») і інш.
А згарнуў я кніжку, каб болей не разгортваць, натрапіўшы ў ёй вось на які перл: «Зося блізарукая. Ёй цяжка чытаць. Я чытаю ёй услых» (стар. 94). Аналагічны пасаж сустракаецца ў кнізе яшчэ раней, на 33-й старонцы: дзяўчына атрымала ліст, «клапатліва напісаны вялізнымі літарамі, каб ёй, блізарукай, лёгка было чытаць», але на тым этапе знаёмства з творам я быў яшчэ здольны трываць лінгвістычныя, стылёвыя і зместавыя агрэхі тэксту, раздражненне маё тады яшчэ не дасягнула крытычнага ўзроўню.
Дарэчы, калі пісьменнік так напісаў, а рэдактары (іх у выходных дадзеных кнігі значыцца аж сем) прапусцілі, дык можа, шмат хто не разумее, што я тут маю супраць? На ўсялякі выпадак растлумачу: блізарукасць — гэта дэфект зроку, пры якім чалавек дрэнна бачыць здаля, а блізкі дробны тэкст з цяжкасцю чытаюць дальназоркія. Гэтую прапісную ісціну ведаюць не толькі вузкія медыцынскія спецыялісты — афтальмолагі (акулісты), але і шырокія масы насельніцтва, таму маё абурэнне такой недарэчнасцю ў тэксце цалкам абгрунтаванае.
![]() |
| Столькі рэдактараў рыхтавалі гэтую кнігу да друку: проста рэдактар, мастацкі, тэхнічны і чатыры стылістычныя. |
© Сяргей Абрамовіч, 2024


