— Чулі? Перадаюць, што ў Маскве ўже канец свету настаў і да нас рухаецца, хутка будзе! Вой-вой, няўжо і праўда канец? Па тэлевізары ж абвясцілі — значыць, праўда, — убягаючы ў хату, сыпанула з парога суседка.
Летам студэнт адпачываў у сваіх дзеда з бабаю ў глухой, акружанай лясамі, абязлюдзелай вёсцы. У тыя дні (ішла другая палова дзевяностых) усе газеты, радыё і тэлебачанне жавалі тэму набліжэння грандыёзнага сонечнага зацьмення і, у прыватнасці, называлі дату і дакладны час, калі можна будзе назіраць яго без асаблівых аптычных прыстасаванняў, ці то праз цёмнае шкло, ці то нават увоглуе няўзброеным вокам. А малапісьменныя старыя, што адзінока дажывалі век удалечыні ад вялікага свету, успрынялі навіну пра адметную астранамічную з'яву як прадказанне канца свету. Толькі пра яго і былі размовы паміж аднавяскоўцамі, а ў дзень зацьмення пачалася сапраўдная паніка.
Студэнт сядзеў з радыёпрыёмнікам, блукаў па эфіры ў пошуку чаго-небудзь цікавага (тэлевізар сапсаваўся, адрамантаваць не было як: глуш, да трасы тры кіламетры лесам). Дзед ляжаў, адпачываў. Бабуля абірала бульбу. Усе трое знаходзіліся разам, у адным пакоі. Выпуск навін у пачатку гадзіны дыктар пачаў з паведамлення пра сітуацыю на нябёсах:
— Сонечнае зацьменне ўжо можна назіраць у Маскве, зусім хутка ўбачаць яго і жыхары Беларусі.
Вось пасля гэтай навіны, якая, відаць, была перададзена таксама па тэлевізары, і прыбегла суседка, каб падзяліцца сваім спалохам і, магчыма, нават развітацца. Але бабуля студэнта адрэагавала млява і абыякава, стомлена махнуўшы рукою, адказала:
— Ай, чорт яго бяры, канец дык канец, мне не шкада. Нажылася, нагаравалася, вайну перажыла, напрацавалася, можна і паміраць. Нічога добрага я ў гэтым жыцці не бачыла і не бачу, каб за яго трымацца.
Праўда, усё ж цікаўнасць яе была закранута, і, калі суседка пайшла, бабуля спытала ўнука:
— Паслухай, ну вось ты ж малады, разумны, у горадзе вучышся, скажы, праўда гэта, што канец свету, усе кажуць, ці што гэта такое?
— Ды не, — з усмешкаю адказаў студэнт, — гэта сонечнае зацьменне, звычайная з'ява, проста сёння яно будзе асабліва добра бачнае, таму пра яго і гавораць так шмат. Але гэта не канец свету.
— А-а, ну, вось і я так мяркую, штосьці тут не тое, — нават нібыта расчаравана прамовіла бабуля, калі ўнук пастараўся як мог растлумачыць ёй сутнасць сонечнага зацьмення. — Не можа быць, каб канец, прыдумкі ўсё гэта... — і пайшла ў калідор мыць абабраную бульбу.
© Сяргей Абрамовіч, 2016