У вясковай школе ў адзін дзень не прыйшло на заняткі шмат дзяцей, прычым большасць адсутных аказаліся прадстаўнікамі каларытнай нацыянальнай меншасці індыйскага паходжання, якая ўжо дзесяцігоддзямі жыве ў той мясцовасці. Высвятляючы прычыну масавага нез'яўлення навучэнцаў, дырэктар, завуч і сацыяльны педагог звярнуліся да пяцікласніка з ліку гэтай этнічнай супольнасці, і хлопчык спакойна, як пра зусім звычайную з'яву, паведаміў, што яго суродзічы цэлымі сем'ямі паехалі ў райцэнтр, дзе таксама ёсць іх дыяспара, святкаваць канец свету.
У той час СМІ актыўна пералівалі з пустога ў парожняе чыёсьці чарговае прадказанне нейкай сусветнай катастрофы, якая па стане на дзень адсутнасці дзяцей у школе павінна была адбыцца паслязаўтра. Пад святкаваннем канца свету хлопчык, як высветлілася з далейшых роспытаў, меў на ўвазе развітальнае застолле: чым чорт не жартуе, а раптам і праўда канец — вось і вырашылі людзі ці то проста гульнуць апошні раз, ці то зняць такім чынам эмацыянальную напружанасць у чаканні апакаліпсісу, палегчыць душэўныя пакуты асуджаных і пазбаўленых надзеі, забыўшыся ў алкагольным ачмурэнні і ў гарачцы скокаў.
Выслухаўшы тлумачэнні, педагогі пасмяяліся, а заканчваючы гутарку з хлопчыкам, між іншым зрабілі заўвагу, што ён даўно ўжо не стрыжаны.
Той зусім сур'ёзна адказаў:
— Добра, пастрыгуся, але толькі пасля канца свету, калі ён не настане, бо калі настане, то навошта тады стрыгчыся?
© Сяргей Абрамовіч, 2020