28.12.2025

Начныя фотаздымкі з ліхтарамі

Вулічны ліхтар

Люблю такія за рамантычнасць і… нагадванне дзяцінства.

Альтанка і ліхтар

З рамантыкаю зразумела: начны горад, начны шлях — загадкавыя, узнёслыя, шчымлівыя асацыяцыі ўзнікнуць амаль у кожнага. А вось наконт дзяцінства варта патлумачыць, бо знаходжанне дзяцей ноччу за межамі жытла — з’ява нетыповая (на самай справе, як зараз убачыце, са мною такіх прыгод і не адбывалася).

Ліхтары на ўскраіне горада

Калі мне было гады тры, мая сям’я жыла ў райцэнтры, кватаруючы ў прыватным сектары, і кожную раніцу мяне везлі каляскаю ў дзіцячы сад. Дагэтуль (мабыць, ужо на ўсё жыццё) мне запомніліся познеасеннія маршруты: цемра, ліхтароў ці то няма, ці то не гараць, у хатах, што ўздоўж тратуара, зачыненыя аканіцы, па вуліцы сунецца паток машын ды аўтобусаў, я заварожана гляджу ўслед тым, што абганяюць нас, і мне здаецца, што чырвоныя ліхтары на іх — гэта вуглі. Такую чырвань я бачыў у печы, а пра стоп-сігналы ды габарыты тады яшчэ не меў уяўлення, таму быў упэўнены, што на машынах менавіта вуголле.

Машыны ў вечаровым горадзе

Калі пазней (мы ўжо тады пераехалі ў вёску і жылі ў інтэрнаце) у нас з’явіўся прайгравальнік кружэлак, на канверце адной з іх, вялізнай, з сучаснымі на той момант песнямі, была нейкая абстрактная выява, якая нагадвала мне начны горад: цемра, дарогі і вулічныя ліхтары, бы зоркі ў небе — вылучаюцца кантрастна на цёмным фоне, але не асвятляюць наваколле, а толькі даюць ведаць пра сябе, мігцяць. Я ўглядаўся ў той канверт і фантазіраваў пра язду на машыне па такім горадзе — рассоўваючы цемру святлом фар.

Зялёнае святло ў вокнах

Чыгуначны вакзал ноччу

Аўтастаянка з ліхтарамі

Ліхтар зімовай ноччу

Вулічныя ліхтары ў горадзе

Ліхтары ў тумане

Дом з ліхтаром

Начная вуліца

Начны горад з ліхтарамі

© Сяргей Абрамовіч, 2025

Чытайце таксама мае ўспаміны з дзяцінства і юнацтва пра кішанёвыя ліхтарыкі.