11.12.2025

Як будзе па-беларуску «коробка передач»?

У акадэмічным слоўніку напісана, што амаль так і будзе — «каробка перадач», але шмат каго бянтэжыць слова «каробка», для якога ёсць самабытны беларускі адпаведнік «скрынка». Тым не менш словазлучэнне «скрынка перадач» лінгвісты назавуць ненарматыўным, ды, напэўна, і некаторыя з моўцаў, якім не даспадобы «каробка», пагодзяцца, што «скрынка» ў такім кантэксце гучыць крыху камічна, недарэчна. Ці, можа, проста нязвыкла (у польскай мове, напрыклад, менавіта яна — «skrzynia biegów», паводле «Гугл-перакладчыка»)? Але нават з улікам гэтай акалічнасці «скрынка перадач» пакуль што не можа ўвайсці ў наш лексікон: лінгвістыка супраць, шырокай распаўсюджанасці ў моўнай практыцы няма.

Асэнсоўваючы гэтую праблему, годнага заменніка лексеме «каробка» ў кантэксце аўтамеханікі я не знайшоў. Слова «каробка» было ў лексіконе маёй бабулі, якая нарадзілася і жыла ў вёсцы і размаўляла амаль на літаратурнай беларускай мове з дамешкам вялікай колькасці дыялектызмаў. Так яна называла авальную фанерную ёмістасць з дашчатым дном і вяроўкай, каб вешаць на плячо. У гэтай ёмістасці насіла бялізну на сажалку (мыць), траву худобе, агародніну.

Каробка перадач аўтамабіля — гэта няпэўнай формы герметычны металічны кантэйнер з шасцернямі ўсярэдзіне. Я толькі што назваў яе кантэйнерам. Мог бы і блокам. Падышло б і слова «вузел»: вузел перадач. Усе вышэйперабраныя варыянты абазначаюць элемент, які прымае круцільны (у слоўніку — «вярчальны», але дазволю сабе такое самавольства) рух ад рухавіка, пераўтварае яго (змяняе колькасць абаротаў) і перадае колам. А яшчэ ў інтэрнэце я натрапіў на чыюсьці (ананімную) прапанову называць каробку перадач перадачніцай — адно слова і не калька з рускай «коробка передач» ці англійскай «gearbox». Але як абгрунтаваць перавагу таго ці іншага варыянта: чаму правільна будзе менавіта «вузел перадач», або «блок перадач», або «трансмісія», або «перадачніца» і г.д.? Розным людзям могуць спадабацца розныя варыянты. Хіба прагаласаваць?

Можа, калі-небудзь дойдзем да таго, што будзем вырашаць лінгвістычныя пытанні праз рэферэндум, а пакуль што я лічу найбольш прымальным варыянтам у дадзеным выпадку прытрымлівацца традыцыі. Замацавана ў слоўніку «каробка перадач». Ёсць у беларускіх гаворках словы «каробка» і «скрынка» як абазначэнні ёмістасці. Лексема «скрынка» асацыіруецца найперш з вялікім і цвёрдым (дашчатым, жалезным) рэзервуарам паралелепіпеднай формы з векам ці без яго — карацей, гэта тое, што ў рускай мове «ящик». Тое, што ў рускай мове «коробка», у нашай таксама абазначаецца словам «скрынка», а яшчэ і словам «каробка». Таму ў вузкім, спецыфічным (у дадзеным выпадку — тэхнічным) сэнсе не бачу прычын пазбаўляць слова «каробка» права на існаванне: няхай сабе будзе «каробка перадач».

© Сяргей Абрамовіч, 2026

_____