Мне было гадоў шэсць (сярэдзіна 80-х), калі я пачуў па тэлевізары сатырычную (так мне цяпер здаецца) песню (на рускай мове), ад якой запомніў тры радкі. Выконваў яе пад гітару малады дзядзечка — па-мойму, не прафесіянал эстрады, а бард ці ўвогуле пачатковец, які спрабуе сілы ў песенным мастацтве (хаця, з другога боку, зусім выпадковага чалавека наўрад ці пусцілі б на экран дзяржТБ). Песня ці то высмейвала п'янства, ці то выстаўляла напаказ непрывабныя аспекты савецкай рэчаіснасці, праз якія чалавеку заставалася толькі заліць свае згрызоты гарэлкаю (фармулюю так неканкрэтна таму, што амаль нічога з таго твора не запомніў). Тужлівым голасам выканаўца вёў расповед пра сваё гаротнае жыццё, і ў прыпеве былі такія радкі: «[...] Трагедию мою Шекспиру не понять. Вот перед вами новый трезвенник [...] и просит гривенник подать».
Загугліўшы і заяндэксіўшы гэтыя акрамэскі*, іх кантэксту я не знайшоў. Таму звяртаюся да чытачоў: магчыма, старэйшыя за мяне людзі бачылі тую перадачу і, быўшы дарослымі, лепш зразумелі змест, ідэю песні, запомнілі словы, аўтара, выканаўцу. Калі такія знойдуцца, не палянуйцеся адгукнуцца, мае кантакты — тут. Навошта мне гэта? Проста цікава, хочацца праясніць туманны эпізод дзяцінства.
Складаць свой варыянт песні з захаванымі ў памяці радкамі, як я зрабіў гэта, даючы жыццё незакончанаму фальклорнаму сюжэту пра бясколы грузавік, немэтазгодна: па-першае, твор аўтарскі, і дзесьці ж ён існуе ў цэлым выглядзе, а па-другое, не ведаючы зместу і ідэі арыгінала, я мог бы стварыць толькі штосьці на 100% сваё. Такім чынам, спадзяюся на чыю-небудзь памяць.
© Сяргей Абрамовіч, 2025
__________
* Акрамэскі — шматкі, абрыўкі. Слова сустракаецца ў творчасці Івана Пташнікава. Падрабязнасці — тут.
__________
Іншыя мае мудрагелістыя, загадкавыя дзіцячыя ўспаміны: «Эўтаназія чытаннем», «Высакародны экстрасэнс-кілер з майго дзяцінства», «Хто такія шангеры?».