15.12.2023

Хто такія шангеры?

У гады майго дзяцінства (1980-я) у гаворцы той мясцовасці, у якой яно прайшло, для характарыстыкі вельмі занядбанага, даўно не прыбіранага (нямеценага і нямытага) памяшкання, а таксама ў выпадку з перапоўненым праз ляноту гаспадароў смеццевым вядром, якое даўно трэба вынесці, і ў іншых аналагічных сітуацыях ужываўся складаны эпітэт (я вырашыў менавіта так абазначыць гэтую моўную канструкцыю) «хутка ша́нгеры папаўзуць». «У кватэры так брудна, што хутка шангеры папаўзуць», — адзначалі, перамываючы косці якой-небудзь неахайнай сям'і, ці проста: «У іх у хаце хутка шангеры папаўзуць».

Я пытаўся ў дарослых, што такія гэтыя шангеры, але растлумачыць мне ніхто не здолеў: моўцы самі не ведалі, чаму яны так гавораць (дарэчы, адсюль я раблю выснову, што гэты выраз можна разглядаць яшчэ і як фразеалагізм).

На мой густ, гэтаму слову ўласціва нейкае нямецкае ці польскае гучанне. Выклікае яно ў мяне асацыяцыі і з ідыш. Вымаўлялі яго ў нашай мясцовасці з выбуховым [g], нават тыя, хто размаўляў на трасянцы і аддаваў перавагу фрыкатыўнаму [h].

Цяпер, праз дзесяцігоддзі, слова прыйшло мне на памяць, і я ўзяўся шукаць яго ў інтэрнэце. Уводзіў у пошукавікі, набіраў лацінкаю ў анлайн-перакладчыку, суадносячы наўздагад з рознымі мовамі, г.зн. спрабаваў перакласці яго нібыта з нямецкай, з польскай, з літоўскай і інш. — усё безвынікова.

Перакладаў анлайн-перакладчыкам на вышэйзгаданыя мовы найменні ўсялякіх насякомых і паўзуноў (прусак, клоп, вош, яшчарка...), але прапанаваныя сэрвісам эквіваленты не былі сугучныя слову «шангер». Зачапіўся толькі за змяю па-нямецку: пішацца «schlange», а гучыць у выкананні таго самага анлайн-перакладчыка ці то як «шля́нне», ці то як «шля́ньге» з ледзь улоўным выбуховым [g'] або назальным [ŋ'].

А гэта, здаецца, версія! Магчыма, слова ўзнікла ў Беларусі ў гады нямецкай акупацыі ці было прывезена кімсьці з беларусаў, хто падчас вайны апынуўся ў Германіі, а па сканчэнні вярнуўся. Кажуць жа пра бардак, пра абы-як пакіданыя рэчы, што «хутка змеі папаўзуць». Хтосьці малапісьменны (ці дзіця) пачуў назву змяі з вуснаў немца, вымавіў яе скажона, і да наступных пакаленняў слова дайшло адарваным ад свайго першапачатковага значэння і моцна змененым фанетычна, граматычна.

Яшчэ адну версію можна вывесці ад слова «шанкер», што абазначае язву, узніклую праз венерычную хваробу. Болькі, вядома ж, не поўзаюць, але менавіта гэтая іх разнавіднасць, «шанкер», выклікае асацыяцыі з чымсьці ганебным, асацыяльным, з дэградацыяй. Сцэнарый той самы: хтосьці малапісьменны ці дзіця маглі пачуць, што дзесьці ў нейкага абібока з'явіліся нейкія шанкеры (ці, напрыклад, рассыпаліся або папаўзлі па нейкай частцы цела), і калі пры гэтым было вядома, што дома ў носьбіта хваробы заўсёды бруд і бязладдзе, то вось вам і перадумова ўзнікнення незразумелага, загадкавага і экспрэсіўнага (выразнага, зараджанага эмоцыяй) слова.

Родную вёску наведваю не радзей, чым раз на месяц, але выслоўя «хутка шангеры папаўзуць» даўно не чуў. Зрэшты, калі прыязджаю, сяджу ў бацькоў, ніякіх стасункаў з іншымі насельнікамі не маю, усе былыя сувязі страчаны, так што хто яго ведае, можа, гэты фразеалагічны эпітэт яшчэ жыве?