Было гэта ў пачатку 90-х. Я, хлапчук гадоў 12-13-ці, планава шпіталізаваны ў абласную дзіцячую бальніцу, ляжаў на нейкай працэдуры, а дзве медсястры лёгка, разняволена, на поўны голас, нібыта акрамя іх тут нікога няма, абмяркоўвалі магчымасць фізічнай ліквідацыі адной нялюбай ім калегі.
З міжволі падслуханай гутаркі я зразумеў, што нейкая іх дробная начальніца накшталт старшай медсястры ці загадчыцы аддзялення затэрарызавала ўсіх падначаленых уедліваю патрабавальнасцю і бясконцымі дробязнымі прычэпкамі на роўным месцы, а даць нягодніцы рады афіцыйна, звярнуўшыся да больш высокага кіраўніцтва, не атрымлівалася: ці то сувязі добрыя крывасмочка дзесьці мела, ці то яшчэ нейкімі козырамі валодала, ужо не памятаю. І вось адна з гэтых дзвюх працэдурных медсясцёр дазналася, што ў горадзе з'явіўся таямнічы мужчына накшталт чарадзея ці экстрасэнса, які на платнай аснове выконвае заяўкі насельніцтва на дыстанцыйнае знішчэнне нядобрых людзей — асоб, чые паводзіны і лад жыцця сістэматычна спрычыняюць пакуты ўсім, каму даводзіцца мець з імі справу. Ён нібыта бескантактна і праз любую адлегласць уздзейнічае на шкоднікаў такім чынам, каб яны самі сабою, без прыкмет умяшальніцтва кагосьці ў іх жыццё, траплялі ў экстрэмальныя сітуацыі без шанцу на выжыванне: хтосьці засне за рулём на вялікай хуткасці, хтосьці забудзе правілы карыстання пячным ацяпленнем і смяротна ўчадзее на лецішчы, хтосьці ўтопіцца, хтосьці загіне на пажары і г.д.
Вядзьмар гэты, тлумачыла апавядальніца, не які-небудзь беспрынцыпны кілер, а выключна адказны, высакародны і справядлівы санітар — пазбаўляе свет толькі ад благіх людзей і пры гэтым дбайна захоўвае баланс жыцця і смерці: выканаўшы чарговую замову, абавязкова чарговы раз робіцца бацькам, каб кампенсаваць неспадзяванае скарачэнне папуляцыі, таму ў яго шмат жонак і дзяцей у розных гарадах, а паколькі ўсіх іх трэба забяспечваць, то паслугі ачышчальніка роду чалавечага нятанныя.
— Невядома, колькі ён папрасіў бы з нас, але паспрабаваць варта, хаця б пацікавіцца. А раптам сума больш-менш пасільная, тады пагутарым з калектывам, растлумачым сітуацыю, скінемся і заплацім, — у такім напрамку разважалі медсёстры.
Часам у мяне ўсплывае ў памяці абрывак якой-небудзь фальклорнай лічылкі, страшылкі, песенькі часоў майго дзяцінства, і я з цікаўнасці і з пэўнай настальгіяй шукаю іх у інтэрнэце — і, калі пашанцуе, знаходжу ўвесь тэкст або нейкі іншы яго варыянт, адрозны ад таго, што быў распаўсюджаны ў маёй мясцовасці. А вось легенду пра ліквідатара недастойных зямлян не ведаю як сфармуляваць, на запыты кшталту «экстрасэнс пазбаўляе жыцця кепскіх людзей» ці «экстрасэнс-кілер» пошукавыя сістэмы нічога канкрэтнага па тэме не выдаюць. Так што не магу сказаць, наколькі гэты від лахатрону быў у тыя незабыўныя часы распаўсюджаны і ці сустракаецца ён сёння.
© Сяргей Абрамовіч, 2020