Прачытаў чатырохтомнік Івана Пташнікава (1932 — 2016), знакамітага адсутнасцю пачуцця меры ў выкарыстанні дыялектызмаў: пісьменнік шчодра напаўняў свае тэксты словамі, распаўсюджанымі сярод насельніцтва яго малой радзімы, не клапоцячыся, ці зразумеюць значэнне гэтых лексічных адзінак людзі з іншых рэгіёнаў.
Такая бесцырымоннасць у адносінах да чытача раздражняла мяне, калі сэнс таго ці іншага слова заставаўся для мяне невядомым (што значыць «аблешчылася неба»? А што за такое дрэва тофель? Няхай бы хоць зноску аўтар зрабіў, як, напрыклад, я ў апавяданні «Жывуць небагата, чубяцца заўзята»!). Некаторыя з ужытых Іванам Пташнікавым дыялектных слоў я зразумеў прыблізна, з кантэксту: туляг — гэта, відаць, вялізная хмара (так, у адным эпізодзе воблакі сцягваюцца ў туляг); бальшанка — дзяўчына пэўнага ўзросту ці сацыяльнага статусу (якога канкрэтна, не здагадаўся: магчыма, падлетак, магчыма, крыху старэйшая, бо ў адным творы бальшанкі сядзяць на вяселлі разам на асобнай лаве, а пасля скачуць на ёй, пакуль не зламаюць); пэйчык — бізун ці нейкая аналагічная прылада, якою вершнік паганяе каня, і інш.
А наступныя чатыры словы я ўпадабаў і, калі б меў такія паўнамоцтвы, увёў бы іх у слоўнік (дакладней, увёў бы тры, а адно ў ім ужо ёсць — у пяцітомным тлумачальным, але размешчана яно там з пазнакаю «абл.», і гэтую пазнаку я выкінуў бы, а таксама змяніў бы дэфініцыю, аб чым распавяду ніжэй):
1) акрамэсак — абрывак, абрэзак, шматок паперы, тканіны, скуры і іншых падобных матэрыялаў. Пташнікаў вядзе гаворку пра акрамэскі абгарэлых штаноў лётчыка са збітага самалёта;
2) дапаганяць — патрабаваць, вымагаць. У Пташнікава паліцаі дапаганяюць у людзей гарэлкі;
3) шваргатаць — выдаваць лёгкі (не надта моцны) працяглы аднастайны гук, які спараджаецца чаргаваннем мноства розных кароткіх гукаў. У Пташнікава шваргочуць ручай і матор машыны, якая выехала з бездарожжа на роўную дарогу (г.зн. гук матора зрабіўся цішэйшым і роўным, прыемным у параўнанні з натужным завываннем на ямках ды купінах). Думаю, можна гаварыць пра шваргатанне і тады, калі смажыцца сала, і калі хтосьці набірае нумар на дыскавым тэлефоне;
4) і нарэшце — слова са слоўніка, зняважанае пазнакаю «абл.»: хлебястаць. Тлумачыцца яно ў слоўніку наступным чынам: «Стракатаць, трашчаць (пра работу машын, механізмаў і пад.)». Але ў Пташнікава хлябешчуць трактар, кулямёт і дождж (не механізм), таму сэнс слова я раскрыў бы праз наступную дэфініцыю: выдаваць працяглы аднастайны і звычайна моцны гук, які спараджаецца рытмічным чаргаваннем некалькіх розных кароткіх гукаў або гукаў і момантаў цішыні. Таксама ў слоўніку замацавана адценне значэння гэтага слова: «Балбатаць, шмат гаварыць», і мне такая прыпіска здаецца неабгрунтаванаю, не асацыіруецца ў мяне хлебястанне з маўленнем, да таго ж і ў Пташнікава я не прыгадваю каб хлебястаў хто-небудзь (хаця хто ведае, можа, я проста не запомніў).
Спадабалася мне яшчэ адно слова з чатырохтомніка, толькі прызнаваць яго вартым увядзення ў слоўнік не спяшаюся, бо з ім у мяне ўзнікаюць двухсэнсоўныя асацыяцыі. Акруціцца — развярнуцца (пра транспартны сродак). У літаратуры і ў жывым маўленні мне сустракаліся словы акрутны ў сэнсе «жорсткі, нястрымны, раз'юшаны» (у прыватнасці, у слоўніку «Старабеларускі лексікон», 1997, укладальнікі Мікалай Прыгодзіч і Галіна Ціванова), кручаны ў сэнсе «шалёны, звар'яцелы», скруціцца ў сэнсе «ашалець, звар'яцець». Калі сказаць, што акруцілася машына, то двухсэнсоўнасці не ўзнікае, але калі назваць гэтым словам дзеянні кіроўцы, то можна падумаць, што ён неадэкватна сябе паводзіць.
Нягледзячы на адчуванне прыкрасці ў тых выпадках, калі слова з радзімы Івана Пташнікава заставалася для мяне незразумелым, у цэлым я ўсё ж ухваляю папулярызацыю мясцовай лексікі любым пісьменнікам. Я згодзен з навукоўцам у галіне філалогіі і педагогікі Васілём Протчанкам (1930 — 2002), які, прымаючы ў мяне ў 2001 годзе экзамен па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры, адхіліўся ад тэмы і распавёў мне пра сваю спрэчку з нейкім лінгвістам наконт ужывання аднаго слова: лінгвіст-фармаліст нудзеў, што такога слова няма ў слоўніку і яно выходзіць за рамкі літаратурнай нормы, а Васіль Ульянавіч штыля́ў (слова з лексікону маёй бабулі, значыць «рэзка калоў, тыркаў») яму ў вочы той праўдаю, што не слова выходзіць за рамкі нормы, а норма жалю вартая, недаробленая, не ахоплівае ўсяго багацця мовы.
© Сяргей Абрамовіч, 2022