03.11.2025

Эгрэгар не горшы за гештальт

Фарсануць гэтым прэтэнцыёзным германізмам любяць і тыя, хто ведае яго значэнне, і тыя, хто мае аддаленае ўяўленне: шкаляр хатняе заданне нявыкананае можа незакрытым гештальтам абвясціць.

А мне штораз, калі назіраю чые-небудзь такія маўленчыя штукарствы, згадваецца эгрэгар: чамусьці гэтым не менш салідным, загадкавым, высокаінтэлектуальным грэцызмам ніхто не казырае, хаця яго таксама можна накласці на шмат якія сітуацыі штодзённасці і тым самым узняць сваю вартасць у вачах суразмоўцы і выпадковых сведак.

Звольніўся з цяжкай нізкааплатнай працы — спыніў асіметрычны энергаабмен з дэспатычным эгрэгарам. Заблакіраваў электронны адрас, з якога табе доўга слалі спам, — перакрыў непатрэбнаму эгрэгару канал падключэння да цябе. Выпадкова пазнаёміўся і пасябраваў з чалавекам, праз якога можаш мець блат у тым ці іншым не для кожнага адчыненым ведамстве, — трапіў у поле ўплыву дабратворнага эгрэгару.

Начная мінская вуліца
Можна сказаць, прыблукаў хтосьці з іншага эгрэгара: фотаздымак зроблены ў Мінску, але нумар найбліжэйшай машыны магілёўскі.

Чаму ж такога кшталту словаблудныя канструкцыі я дагэтуль не сустракаў? Мяркую, таму, што паняцце «эгрэгар» для масавай мяшчанскай свядомасці цяжкаспасцігальнае, у параўнанні з гештальтам яно бы вышэйшая матэматыка для выпускніка базавай школы.

© Сяргей Абрамовіч, 2025

__________

Чытайце таксама: «Ачуньвайце, куміры, лялькаводы і эксперты» (пра слова «інфлюэнсер»).