03.01.2024

Эўтаназія чытаннем

На ўскраіне вёскі майго дзяцінства (а вёска вялікая: некалькі тысяч жыхароў і статус аграгарадка) размяшчаўся невядомы і загадкавы для нас, дзяцей, вытворчы аб'ект, схаваны ад чужых вачэй дзесьці сценамі раскіданых па яго перыметры будынкаў, а дзесьці — густым кустоўем і дрэвамі, парослымі вакол высокай, з чалавека, жалезнай пруцяной агароджы. Сёння на яго тэрыторыі знаходзіцца, калі не памыляюся, прыватная лесапільня, а тады… Усе ў вёсцы называлі гэты аб'ект блыхарняю, і дакладна мне вядома толькі тое, што ён быў падведамасны саўгасу.

Мы часта міналі яго, кіруючыся да нейкага старога, пакрытага драўнінна-кустоўевай расліннасцю катлавана за вёскаю, дзе палілі вогнішчы і дурэлі-свавольнічалі, а часам і вычаўплялі штосьці недазволенае, у тым ліку курылі і нават, здаралася, ужывалі алкаголь. На тэрыторыю блыхарні шляху нам не было: каля ўваходу (побач з варотамі для транспарту і весніцамі для людзей) сядзелі вартаўнік у дзяжурцы і сабака ў будцы, а пералезці агароджу не ставала рашучасці.

Хтосьці казаў, што там захоўваюцца саўгасныя аграхімікаты. Магчыма, былі і нейкія сродкі ад паразітаў жывёлы, таму і «блыхарня».

Мы дакладна ведалі б, што гэта за аб'ект, калі б там працаваў хто-небудзь з нашых бацькоў, але ўсе таты і мамы маіх сяброў штораніцы спяшаліся хто на трактарарамонтны завод, хто ў дзіцячы сад, хто ўвогуле ездзіў на працу ў райцэнтр, а на блыхарні ці хаця б у якім-небудзь іншым структурным падраздзяленні саўгаса свайго чалавека ў нас не было.

Персанал блыхарні, хутчэй за ўсё, быў нешматлікі: вартаўнікі, яшчэ, напэўна, кладаўшчыкі якія-небудзь, і толькі ездзілі туды-сюды праз прахадную саўгасныя машыны ды трактары (аднак гэта быў дакладна не мехдвор, паколькі захоўваліся машыны з трактарамі ў іншым месцы, на тэрыторыі вёскі).

Але аднойчы я ўсё ж там пабываў. І атмасфера, у якой адбыўся мой візіт туды, аказалася не пазбаўленай таямнічасці і містыцызму.

Недалёка ад блыхарні грамадзянам, якія жылі не ў індывідуальных дамах з прысядзібнымі ўчасткамі, а па-гарадскому — у пяціпавярховіках, нарэзалі агароды, шнуры па дзве соткі. Вырашылі ўзяць там палоску зямлі і мае бацькі. Масіў агародаў межаваў з саўгаснай малочнай фермаю, і па ваду агароднікі хадзілі ў бліжэйшы кароўнік. А неяк там сапсаваўся водаправод і ўсіх пусцілі на блыхарню: расчынілі насцеж і падперлі цаглінаю весніцы, падкарацілі ланцуг сабаку.

Мы з бацькам (ён таксама раней там не быў і не ведаў, што гэта), памахваючы пустымі вёдрамі, увайшлі ў весніцы і спыніліся, не ведаючы, куды кіравацца: перад намі ляжаў невялікі асфальтавы пляц, вакол яго стаялі ўсялякія будынкі, раслі старыя дрэвы і таксама старыя дэкаратыўныя, але даўно нястрыжаныя і таму дзікія на выгляд, неўтаймоўныя ў сваім імкненні раскідвацца ўшыркі і ўзносіцца ўвышыню, кусты.

Спыніліся ненадоўга. Аднекуль з глыбіні двара, з-за кустоў, нас гукнуў нізкі і хрыпаты, пракураны мужчынскі голас, уладальнік якога нас бачыў, а мы яго — не. Мы рушылі на вокліч і апынуліся каля нейкага доўгага аднапавярховага белацаглянага будынка без вокнаў, са сцяны якога бліжэй да зямлі тырчала жалезная водаправодная труба з кранам. Побач на траве ляжаў мужык з доўгімі русымі валасамі, што звісалі вакол лысіны, з такога самага колеру барадой, у басаножках на босую нагу, у сініх спартыўных штанах з трыма вузкімі, як лычкі на пагонах сяржанта, белымі лампасамі, у расшпіленай на грудзях стракатай кашулі з кароткім рукавом. Ён ляжаў на баку, падпёршы галаву пад скроню даланёй сагнутай у локці рукі, а перад ім — разгорнутая тоўстая, старонак на шэсцьсот, пажоўклая і пацёртая кніга без вокладкі.

— Вам пашанцавала, што Дзік заняты, так што не бойцеся, хадзіце, колькі трэба, яму сёння занятку да ночы хопіць, — кіўнуў ён кудысьці ўбок, і мы, зірнуўшы ў тым напрамку, убачылі, што пад своеасаблівым шатром, які ўтварылі акацыя і навіслая на яе плакучая вярба, стаіць яшчэ адна сабачая будка, а побач ляжыць вялізны мядзведзепадобны сабака з доўгім і густым футрам прыкладна такога колеру, як валасы мужыка, і грызе, заціснуўшы паміж пярэднімі лапамі, нейкую буйную, грувасткую, мудрагеліста разгалінаваную і закручаную (як толькі што звернутае да нас выказванне наконт нашай бяспекі) костку (напэўна, так мог выглядаць, да прыкладу, тазасцегнавы сустаў каровы з прылеглымі да яго элементамі і таза, і сцягна).

Наш суразмоўца аказаўся аматарам пагутарыць, а дакладней — пагаварыць і каб яго паслухалі, раскрыць душу. Рабіў ён гэта ў той самай манеры, у якой папярэджваў наконт сабакі: ускладнена, кручана, іншасказальна, пачынаючы весці да галоўнай думкі здаля і ў рэшце рэшт крышачку так і не даводзячы на яе, пакідаючы слухачу здагадацца самому.

Мяркую, псіхааналітык сказаў бы, што гэты чалавек носіць у глыбіні душы нейкую асабістую трагедыю і хоча падзяліцца ёю, але не адважваецца і сублімуе свае пакуты ў шматслоўнасць, у пляценне маўленчых карунак, замяняе якасць колькасцю, г.зн. замяшчае жаданы для яго канкрэтны змест выказвання (скарга на прычыну пакут) красамоўствам на адцягненыя тэмы. А яшчэ гэты чалавек мог бы падацца багемнікам ці інфантыльным інтэлігентам, які не ўладкаваўся ў жыцці або не вытрымаў нейкага ўдару лёсу накшталт развітання з жанчынаю і стаў дэградаваць — пакрыўдзіўся на ўвесь свет, страціў кар'ерныя амбіцыі, трапіў у алкагольную залежнасць і г.д.

Пра сваю адукацыю, вопыт працы ці творчыя дасягненні ён нічога нам не паведаміў, а вось расчараванасць жыццём, поўную адсутнасць баявога духу і схільнасць да дэградацыі засведчыў, кіўнуўшы на кнігу:

— А я паміраць сабраўся, кніжку чытаю. Гэта такая кніжка, што хто яе прачытае, той памрэ. Мне адзін чалавек даў, а таго, хто яму даў, ужо няма, бо прачытаў. І іншыя, хто раней чытаў, таксама ўжо на тым свеце. Тут так і напісана ў пачатку, што калі маеш намер усю прачытаць, то рыхтуйся да заканчэння зямнога шляху. Чытаць цікава, тут пра ўсё: пра ўзнікненне Зямлі, пра паходжанне чалавека, пра сэнс яго жыцця. Праўда, наконт сэнсу для мяне ўжо неактуальна, у сваім жыцці я яго не бачу, таму і чытаю. Хутчэй бы да канца дапяць, шкада, што тоўстая, чытаць жа, каб спрацавала, трэба ўважліва і асэнсавана.

Агаломшаныя такімі прызнаннямі, мы не сталі выпытваць назву і аўтара кнігі ці прасіць зачытаць што-небудзь з яе, жаданне ў нас было адно — хутчэй развітацца з гэтым суразмоўцам.

Калі ж мы, выліўшы свае вёдры на грады, прыйшлі па ваду другім рэйсам, яго ўжо не было, а Дзік па-ранейшаму захоплена, самазабыўна грыз костку, не зважаючы ні на што і ні на кога вакол.

Пра кнігу-эўтаназію я болей ніколі не чуў, засталася яна для мяне загадкаю дзяцінства, як і вядомы маім пастаянным чытачам экстрасэнс-кілер.