03.10.2021

Дарэмна я выжыльваўся, калі рабіў настаўнікам

Сённяшняе свята (Дзень настаўніка, першая нядзеля кастрычніка) я адзначаў тройчы — у 2001-м, 2002-м і 2003-м, калі выкладаў беларускую мову і літаратуру ў вясковай школе па заканчэнні ўніверсітэта. А пасля ўцёк з педагогікі ў журналістыку. Чаму? Ды вядома, чаму, старая песня пра нягоды настаўніцкага жыцця: бясконцая паказуха, кучы паперы, навязванне педагогам неўласцівых ім функцый (дзяжурства на дыскатэках, сельгасработы і г.д.) — і ўсё тое на фоне такога ўзроўню аплаты працы, пры якім дзеля больш-менш годнага жыцця даводзілася валакчы дзве стаўкі (а ў рэспубліканскай газеце, куды я ўладкаваўся пасля ўцёкаў са школы, плацілі столькі, што здымаў у сталіцы кватэру, не галадаў і абадранцам не хадзіў і пры гэтым яшчэ адкладваў — долары купляў).

Сімвалічна, што нават першы мой працоўны дзень у школе аказаўся няўдалым: напярэдадні я грунтоўна падрыхтаваўся да ўрокаў, напісаўшы разгорнуты план кожнага з іх і пракруціўшы ва ўяўленні ход заняткаў, а сталася так, што ці то я пераблытаў расклад, ці то завуч у апошні момант штосьці змяніла (у пачатку навучальнага года з раскладам звычайна блытаніна і бязладдзе), — і да мяне прыйшлі іншыя класы, таксама мае, але не тыя, з якім я чакаў сустрэчы. Давялося імправізаваць, а праз хваляванне і прыкрасць атрымлівалася тое слаба, і ў выніку ўрокі прайшлі абы-як, скамячана, невыразна, я не здолеў зрабіць на дзяцей моцнае першае ўражанне.

(Дарэчы, знакавая падзея, якая нібыта падказала мне, што педагагічная кар'ера мяне не надта чакае, адбылася раней, яшчэ да майго ўладкавання ў школу, і мае пастаянныя чытачы ведаюць пра яе з апавядання «Дваццать гадоў таму я адмовіўся стаць фізруком».)

На працу даводзілася ездзіць за дваццаць кіламетраў прыгарадным аўтобусам, які адпраўляўся ў 6.40, а значыць, пад'ём быў у 5.30. Такі рэжым знясільваў і не спрыяў творчаму падыходу да прафесійнай дзейнасці, але я напінаўся, выціскаў з сябе ўсе сокі: планы складаў заўсёды, для кожнага ўрока, удумліва, добрасумленна, заседжваючыся да ночы, спрабуючы сфантазіраваць што-небудзь неардынарнае (прыгадайце, напрыклад, маю методыку навучання вершаскладанню, пра якую я вяду гаворку ў артыкуле «Як складаць добрыя вершы і выпраўляць няўдалыя»), вырабляў раздатачны матэрыял — карткі ўсялякія ад рукі пісаў (камп'ютара ў мяне тады не было, а што такое інтэрнэт, я нават яскрава не ўяўляў). Планы, зразумела, таксама пісаў ад рукі, а адпрацаваўшы іх, складваў рукапісы ў стосік, мяркуючы, што змагу гэты плён сваёй інтэлектуальнай працы зноў выкарыстаць, калі навучальны працэс пойдзе па коле (г.зн. калі ў будучыні да мяне зноў прыйдуць навучэнцы адпаведных класаў).

Перыядычна школьная адміністрацыя дурыла нам, настаўнікам, галовы так званымі новымі тэхналогіямі — вымагала, каб мы асвойвалі ўсялякія ідыёцкія замежныя методыкі навучання, дзеля паказухі ператвараючы ўрокі ў недарэчныя шоу. Праўда, моцна на нас не насядалі: відаць, начальства само разумела, што ўся гэтая бязглуздзіца патрэбна толькі дзеля справаздачы ў райаддзел адукацыі, а ўмацаванню ведаў навучэнцаў падобная клаунада не толькі не спрыяе, а хутчэй нават шкодзіць. На мяне, напрыклад, спакойна, без эксцэсаў (не выклікаўшы нездаволенасці і пратэстаў з майго боку), павесілі цяпер ужо дарэшты забытыя мною (не памятаю, у чым іх сутнасць) «Французскія майстэрні» — далі прачытаць нейкі артыкульчык пра гэтую методыку, сказалі ў планах урокаў пазначаць, што прымяняецца менавіта яна, адрапартавалі ў райаддзел, што ў нашай школе цяпер практыкуецца тэхналогія «Французскія майстэрні», рэалізуе яе настаўнік Абрамовіч, — і на гэтым адчапіліся.

Нядаўна я пачуў расповед аднаго вопытнага педагога пра тое, як ён у сёлетнім навучальным годзе прысутнічаў на ўроку гісторыі ў маладога спецыяліста. Новаспечаны сейбіт разумнага, добрага і вечнага 35 хвілін запар чытаў уголас падручнік, пасля апытаў двух вучняў і паставіў ім адзнакі, пасля задаў хатняе заданне, і пасля празвінеў званок на перапынак.

— Мяне некалькі разоў ахоплівала парыванне выгнаць яго з класа і самому давесці ўрок, — з прыкрасцю гаварыў апавядальнік.

А я, слухаючы яго, успамінаў свае гады працы ў школе і таксама адчуваў прыкрасць — да самога сябе за тое, што быў непамерна адказным і добрасумленным: стараўся, рваўся, вытанцоўваў, бісер рассыпаў перад кіраўніцтвам і навучэнцамі, а дзеля каго і чаго? Лепей бы за тыя самыя грошы падручнік зачытваў, высыпаўся і процьму вольнага часу меў.

© Сяргей Абрамовіч, 2021