На пятым курсе, у 2000 годзе, я праходзіў педагагічную практыку. Як выдатніка, накіравалі мяне весці ўрокі мовы і літаратуры не абы-куды, а ў ліцэй пры нашым універсітэце. Куратарам маім у гэтай установе стала несамавітая, нізкая і хударлявая пажылая настаўніца ў акулярах з тоўстымі лінзамі, Лера Мікітаўна.
— О, табе пашанцавала, на яе фоне ты яўна маеш перавагу ў вачах дзяцей і таму імгненна заваюеш іх сэрцы, — адзначыў мой аднакурснік, які праходзіў практыку ў гэтым самым ліцэі, але пад куратарствам маладой і прывабнай настаўніцы.
Лера Мікітаўна была добрая, простая, душэўная жанчына, захопленая сваім прадметам. Першы праведзены мною ўрок вельмі яе ўразіў, настаўніца нарабіла мне кампліментаў пры дзецях, а пасля яшчэ і з вока на вока, і даверыла весці да канца маёй практыкі ўсе ўрокі ў яе раскладзе ў дзясятым класе (у яе было некалькі класаў, і адзін з іх, дзясяты, яна цалкам аддала мне). Зрэшты, не ведаю, як больш правільна сказаць — даверыла, ці, можа, скарысталася выпадкам: убачыла, што са мною дзеці ад праграмы не адстануць, і пераклала на мяне частку сваіх клопатаў.
Калі я вёў яе ўрокі, яна то сыходзіла кудысьці па нейкіх сваіх справах, то прысутнічала і, цікаўна слухаючы, рабіла нататкі (яўна запазычвала ў мяне нейкія свежыя ідэі і падсілкоўвалася маёй юнай энергіяй). Пасля кожнага наведвання майго ўрока дзякавала мне за цудоўную працу, расхвальвала мяне, узносіла да столі. На самай справе наўрад ці я, наіўны і нявопытны, салага, хапаў зоркі з неба, але вельмі стараўся, вёў урокі заўсёды эмацыйна і быў грунтоўна да іх падрыхтаваны: добрасумленна пісаў падрабязныя планы, рыхтаваў раздатачны матэрыял (рукапісныя, паколькі камп'ютарызацыя ў тую эпоху нас яшчэ не надта ахапіла, карткі), словам, выкладваўся — і таму, відаць, проста выклікаў сімпатыю ў жанчыны перадпенсійнага ўзросту як малады чалавек, абуджаў у ёй штосьці настальгічнае, мацярынскае і г.д.
У будынку ліцэя ў тыя часы займаліся і некаторыя студэнты. Аднойчы адразу пасля майго ўрока літаратуры ў кабінет павінны былі прыйсці першакурснікі, што вучыліся на нейкай ці то эканамічнай, ці то кіраўнічай спецыяльнасці (ці то маркетынг, ці то менеджмент, ці то яшчэ нешта чорт ведае што). Празвінеў званок, а я крыху захапіўся разважаннямі наконт усялякіх высокіх матэрый і працягваў пафасна, артыстычна дурыць класу галовы нейкімі абстракцыямі накшталт сэнсу жыцця і вернасці ідэалам. Дзеці пакорна слухалі маю ўзнёслую лухту, а студэнты бесцырымонна адчынілі дзверы, некалькі чалавек увайшлі, але вымушаныя былі спыніцца, паколькі ўсе парты былі занятыя і ліцэісты не збіраліся іх вызваляць, пакуль я не абвяшчу заканчэнне ўрока. Я ўзвысіў голас, каб перасіліць шум з калідора, і экзальтавана працягваў гаварыць... не, ужо не гаварыць, а выкрыкваць, як на мітынгу, напышлівыя сентэнцыі.
Калі выразнай знешнасці юнак (рост мой тады быў 183 см, на ўрокі я прыходзіў у касцюме) з агнём у вачах, размахваючы рукамі, апантана вяшчае публіцы штосьці на духоўныя тэмы, гэта, напэўна, выглядае даволі эфектна, па меншай меры абуджае цікаўнасць да прамоўцы. Таму нядзіўна, што калі я адпусціў дзяцей і стаў збіраць са стала свае паперы, да мяне падышла студэнтка і спытала, калі ў мяне яшчэ будуць урокі і ці можна ёй на іх прысутнічаць.
Гэта была смуглявая зграбная дзяўчына са спакуслівай фігураю (вопратка шчыльна аблягала цела, дэманструючы наяўнасць апетытных круглявасцей усюды, дзе ім у жанчыны пажадана быць), з чорнымі роўнымі валасамі, сабранымі ў пальму, афарбаваную ў сіні колер, гардэроб яе таксама складаўся з чорных і сініх элементаў, гэтая ж палітра з'яўлялася асноваю макіяжу з манікюрам — карацей, перада мною стаяла вельмі кідкая, дагледжаная, выпешчаная, раскошная прадстаўніца супрацьлеглага полу і прасіла мяне ўвесці яе ў свет прыгожага пісьменства. Я падумаў, што гэта розыгрыш, што зорна-мадэльнай знешнасці прыгажуня, магчыма, проста вытанчана іранізуе з прамаўляных мною хвіліну таму не з гэтага свету словаў, але дзяўчына растлумачыла, што ў школе любіла ўрокі літаратуры і цяпер, на першым курсе свайго прагматычнага факультэта, адчувае настальгію па іх. Я, зразумела, згадзіўся, каб яна прыходзіла.
Прадставілася яна Ксеніяй і сказала, што з Бабруйска, з сям'і нейкіх дзелавых людзей, бізнесменаў.
Дзеці на з'яўленне дзяўчыны амаль ніяк не адрэагавалі (магчыма, падумалі, што гэта таксама практыкантка), і толькі адзін схільны да ўсялякіх выбрыкаў шалапут, калі я задаў нейкае пытанне па тэме ўрока і спытаў, хто хоча на яго адказаць, кінуў рэпліку:
— А няхай адкажа вунь тая дзяўчына з апошняй парты.
Я спакойна растлумачыў, што гэта не вучаніца і прысутнічае яна на ўроку з пэўнай патрэбы і з майго ведама.
Настаўніца пасля ўрока спытала мяне (сам-насам), што гэта за таямнічая госця, я сказаў усё як ёсць і атрымаў чарговую порцыю пахвалы: вось, маўляў, які я таленавіты, захапіў сваім прадметам нават выпадковага чалавека збоку.
А пасля наступнага прыходу Ксеніі на ўрок, калі мы з ёю дамаўляліся ў калідоры наконт чарговай сустрэчы ў гасцях у літаратуры (мабільная сувязь тады яшчэ толькі пачынала развівацца і была даступная не кожнаму), Лера Мікітаўна падышла да нас і задала дзяўчыне пару пытанняў пра яе вучобу і сям'ю. Ксенія ў двух словах паведаміла, хто яна і адкуль, і настаўніца па сваёй звычцы кінулася расхвальваць мяне, але цяпер ужо не мне самому, а гэтай дзяўчыне: маўляў, пашанцавала вам, што вы трапілі на ўрокі да гэтага таленавітага маладога чалавека, у яго вельмі цікава і г.д. Мая куратарша нежартоўна захапілася ўслаўленнем мяне, яе панесла нястрымна і далёка, і ў нейкі момант яна ляпнула такое, што мяне ахапіла адчайнае жаданне імгненна праваліцца пад зямлю:
— Вы не зважайце, што ён з небагатых слаёў грамадства, педагог, затое адораны і сумленны чалавек з чыстымі памкненнямі і высокімі маральнымі прынцыпамі. Такіх людзей трэба падтрымліваць, і гэта, напэўна, лёс, што вы сустрэліся: ён здольны даць вам тое, у чым вы адчуваеце патрэбу, — далучыць вас да цудоўнага і вечнага, а яму, у сваю чаргу, будзе добра з вамі, ён будзе абаронены ад жыццёвых нягод, ад клопату пра хлеб надзённы. А я, дарэчы, калі вас упершыню ўбачыла, то падумала, што вы яго нявеста і прыйшлі пракантраляваць яго з прычыны рэўнасці, каб ён тут на якую-небудзь дзяўчыну вока не паклаў, і, як відаць, недалёка была ад ісціны — і гэтак далей у такім духу.
Зніякавелая Ксенія маўчала, я таксама нічога не адказаў, і размова пацекла ў іншае рэчышча. На наступны ўрок дзяўчына не з'явілася, і я адчуў палёгку, бо сустрэўшы яе адчуваў бы сябе няёмка з прычыны гэтага недарэчнага сватання.
Я не ўбачыў яе да канца практыкі, не перасекся з ёю нідзе да сканчэння ўніверсітэта — карацей, нам наканаваныя былі толькі тры сустрэчы. Ні на якія асабістыя адносіны з ёй я не разлічваў з самага пачатку, паколькі прыналежнасць да розных сацыяльных слаёў бачылася мне (ды і цяпер бачыцца) непераадольнай перашкодаю, але ўсё ж пасля не аднойчы ўспамінаў Ксенію з тугой — і з прыкрасцю да Леры Мікітаўны: дзяўчына, вядома ж, падабалася мне, і калі б у настаўніцы ў той трагічны для мяне дзень не зашкаліла экзальтацыя, мы, верагодна, пабачыліся б яшчэ не раз, найменшае — да канца маёй практыкі.
© Сяргей Абрамовіч, 2021