05.01.2022

Як складаць добрыя вершы і выпраўляць няўдалыя

У дапамогу графаманам, няздарам, шкалярам і няўпэўненым (схільным заніжаць ступень сваёй адоранасці) талентам

Хто вы, мой чытач?

Калі вы ўзяліся чытаць гэтую публікацыю не з цікаўнасці або навуковага інтарэсу, а спадзеючыся знайсці ў ёй інструкцыю, рэцэпт, майстар-клас і г.д. па вырабе якасных паэтычных тэкстаў (абнадзейваю: так, знойдзеце), то існуе вялікая верагоднасць, што прыродаю вам пісаць вершы не дадзена — вы далёкі ад паэзіі чалавек, які прымазваецца да яе з таго ці іншага боку з той ці іншай мэтаю тым ці іншым чынам. Напрыклад, вы можаце быць графаманам і мегаламанам, які прагне славы паэта. Або — гультаяватым школьнікам, якому трэба напісаць сачыненне, а настаўнік дазваляе рабіць гэта пры жаданні вершамі, вось вы і вырашылі спрасціць сабе задачу — замест доўгага празаічнага тэксту накрэмзаць хутчэй пару слупкоў паэтычнага і абтрэсці рукі. Таксама не здзіўлюся, калі вы знаходзіцеся ў пошуку бізнес-ідэй і прыглядаецеся да такога варыянту заробку, як складанне рыфмаванак-віншавалак: бываюць у продажы друкаваныя зборнічкі нізкагатунковых, сякераю зробленых недавершаў на ўсе выпадкі жыцця, поўна ўсялякіх прымітыўных, недарэчных, няшчырых рыфмаваных віншаванняў у інтэрнэце, а некаторыя рыфмавальнікі пішуць іх на замову — персанальна, для ўшаноўвання асобна ўзятага чалавека, з узгадваннем яго імя, асабістых якасцей, прафесійных дасягненняў і г.д. Да прыкладу, на нейкай біржы капірайтараў я знайшоў акаунт аднаго не тое каб знакамітага, але, скажам так, не апошняга ў беларускай літаратуры паэта, які, аказваецца, зарабляе такім чынам — вершамі на замову (не ведаю, асноўны гэта заробак ці дадатковы). Мне запомнілася, што ў сваім партфоліо ён змясціў, акрамя ўсяго іншага, верш, прызначаны для ўсхвалення аднаго канкрэтнага (было названа прозвішча) універсітэцкага выкладчыка (паводле зместу той оды я зрабіў выснову, што яе ўрачыста зачыталі студэнты, падносячы выкладчыку традыцыйны букет у дзень экзамену, г.зн. паспрабавалі такім чынам задобрыць чалавека, упаўнаважанага пакараць іх завалам ці ашчаслівіць халяваю).

Паэты ад бога і рамеснікі ад паэзіі

Такім чынам, калі да гэтага майго тэксту вы маеце выключна практычны інтарэс (жаданне навучыцца пісаць вершы), то я схіляюся да высновы, што вы не паэт, паколькі прыроджанаму паэту ніякія інструктажы і падручнікі па вершаскладанні не патрэбны: радкі ў яго самі льюцца, толькі паспявай запісваць, або часам даюцца цяжка, вымучваюцца, але ўсё роўна ў выніку атрымліваюцца гарманічнымі, дасканалымі — і ўражваюць, захапляюць чытача.

Аднак і рамеснікі ад паэзіі маюць права на жыццё, ніхто не забароніць ім стругаць свае крывыя і каструбаватыя вырабы, да таго ж масавы спажывец не вызначаецца літаратурным густам — ахвотна глытае ўсё, што яму ўпіхваюць у рот. Вось для такіх рамеснікаў і будзе карысным гэты артыкульчык — магчыма, прачытаўшы яго, яны навучацца надаваць сваёй слоўнай прадукцыі хаця б нейкае аддаленае падабенства да твораў мастацтва. Акрамя таго, знаёмства з гэтым тэкстам дапаможа аб'ектыўна ацаніць сілу свайго дару людзям, якія ўпершыню адчулі покліч да творчасці паэтычнага характару, што-нішто напісалі і сумняваюцца, ці варта працягваць, ці атрымаецца што-небудзь годнае з гэтых практыкаванняў.

Што я за такі выкладчык вершаскладання?

Мяркую, што ў чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, кім з'яўляюся я сам у літаратурным свеце і, у прыватнасці, якія маю адносіны да паэзіі. Асобныя дэталі маёй творчай і прафесійнай біяграфіі мільгаюць у іншых маіх публікацыях, паўтараць іх не буду. Што ж да вершаў, сам я іх амаль не пішу: на сённяшні дзень у інтэрнэце можна знайсці толькі чатыры рыфмаваныя тэксты, што выйшлі з-пад майго пяра, да таго ж два з іх напісаныя з выкарыстаннем фальклорных вобразаў і сюжэтных хадоў, а адзін з'яўляецца па сутнасці перакладам вядомай старой песні на сучасны лад. Але чытанне літаратуры з аднаго боку, літаратуразнаўства і літаратурная крытыка з другога і стварэнне ўласных літаратурных твораў з трэцяга — гэта розныя віды дзейнасці, і асобе, якая аналізуе і ацэньвае вершы, не абавязкова самой быць паэтам, і нават лепш ім не быць — каб пазбегнуць неаб'ектыўнасці, прадузятасці (напрыклад, ад зайздрасці, калі вершы, якія аналізуе крытык, акажуцца лепшымі за яго ўласныя).

На працягу трох гадоў я выкладаў мову і літаратуру ў школе і ў той перыяд неяк захапіўся навучаннем дзяцей вершаскладанню. На самай справе ўсё гэта было пусканнем пылу ў вочы начальству, прафанацыяй і марнаваннем часу: школьнае кіраўніцтва любіла, калі педагог дакладваў, што працуе паводле якой-небудзь сучаснай інавацыйнай методыкі, асвойвае нейкія прагрэсіўныя замежныя педагагічныя тэхналогіі і г.д., вось я і дурыў дырэктару ды завучу галовы, казыраючы, што апрабоўваю ні многа ні мала свой аўтарскі метад стымулявання творчай актыўнасці, канчатковым вынікам выкарыстання якога становіцца напісанне верша любым вучнем, незалежна ад яго інтэлектуальнага ўзроўню. Мянціў я пра гэта языком і ў школе, і пры выпадку на раённым узроўні — набіваў сабе кошт, пераплёўваючы ўсіх, хто працаваў паводле методык, узятых з педагагічнай літаратуры (а я — о-го-го, сваю распрацоўваю!), і ў нейкі момант нават сам паверыў, што здолеў дабіцца поспехаў у навучанні паэтычнаму рамяству. Крэсліў на дошцы нейкую табліцу, упісваў у яе нейкія словы, прасіў дзяцей назваць асацыяцыі, што ўзнікаюць у сувязі з гэтымі словамі, таксама ўпісваў іх у табліцу, пасля дзеці падбіралі з гэтай табліцы словы, што рыфмуюцца, і ў выніку з маёй дапамогаю вымучвалі які-небудзь чатырохрадковік. Напрыклад, адзін хлопчык, калі мы складалі верш на тэму бяспекі дарожнага руху, змайстраваў вось што:

Еду я на веласіпедзе,
А за мной — «Фальксваген Пасат».
Я яму: «Куды ты едзеш?!»,
А ён мне: «Пайшоў ты ў [антонім назоўніка "перад"]!».

Пазней я перайшоў працаваць у адну рэдакцыю, што выпускала дзіцячую газету і дзіцячы часопіс. Чытачы часта дасылалі нам для апублікавання свае вершы, і зусім слабыя мы адхілялі, а больш-менш вартыя ўвагі друкавалі. У той перыяд мне давялося напісаць для часопіса некалькі вершаў за аднаго чалавека (г.зн. я напісаў, а аўтарам была ўказана іншая асоба): аднойчы рэдактарша прынесла мне вельмі каравыя, бездапаможныя, ну зусім ніякія, проста інвалідныя вершы нейкай сваёй знаёмай, якая хацела паступаць на журфак і якой для паступлення трэба было падаць у прыёмную камісію, акрамя ўсяго іншага, некалькі выразак са сваімі друкаванымі публікацыямі, але друкаваных публікацый паненка, імкнучыся ў журналістыку, на той момант яшчэ не мела, а час падціскаў, уступная кампанія на носе, — вось і накрэмзала яна як магла зарыфмаваныя радкі і папрасіла рэдактаршу гэтае ўбоства надрукаваць, а рэдактарша ў сваю чаргу папрасіла мяне надаць яму прыстойны выгляд, каб не сорамна было ўпіхнуць на старонкі часопіса, — і я выканаў просьбу, фактычна напісаўшы нанава вершы на аснове паказаных мне няўклюдных, абы-як сфармуляваных, нягеглых, народжаных неданошанымі думак (не скажу, што ў мяне атрымалася бог ведае якая прыгажосць, аднак самі разумееце, гэта была спроба зрабіць цукерку з адной вельмі спецыфічнай субстанцыі).

Тры прыкметы добрага верша

Дык як жа напісаць добры верш? Спачатку давайце ўмовімся, што верш можна назваць добрым, дасканалым, калі яму ўласцівыя наступныя прыкметы: 1) наяўнасць рыфмы; 2) захаванне памеру і рытму; 3) ясны сэнс і праўдападобнасць апісаных у ім рэалій. Цяпер коратка разгледзім кожную прыкмету.

1. Няўнасць рыфмы. Існуе меркаванне, што яна не абавязкова патрэбна (і нават ёсць літаратуразнаўчы тэрмін «белы верш», г.зн. верш без рыфмы). Але, па-першае, прафесіянал імгненна адрозніць верш без рыфмы, напісаны сапраўдным майстрам паэтычнага радка, ад кучы слоў, накіданых абы-як няздараю, а па-другое, масавы чытач, наадварот, прачытаўшы белы верш, нават калі той належыць пяру сапраўднага паэта, пацісне плячыма: што за нескладуха... Таму, робячы першыя крокі ў паэзіі, спачатку ўсё ж асвойце класіку, і толькі дасягнуўшы вышынь дазволіце сабе вольнасці, эксперыменты, эпатаж і іншыя выхады за рамкі.

2. Захаванне памеру і рытму. Вельмі-вельмі пажадана, каб, па-першае, зарыфмаваныя паміж сабою радкі мелі аднолькавую даўжыню паводле колькасці складоў (г.зн. калі падзяліць на склады словы, з якіх складзены гэтыя радкі, то колькасць складоў павінна аказацца ў кожным радку аднолькавай), і, па-другое, каб націскі ў зарыфмаваных паміж сабою радках падалі на адны і тыя ж паводле парадку склады. Строга прытрымлівацца памеру і рытму часам не ўдаецца нават сапраўдным паэтам. Напрыклад, назіраецца разнабой у вершы Францішка Багушэвіча «Ахвяра»: у радку «Маліся ж, бабулька, да бога» 9 складоў, і націскі падаюць на 2-гі, 5-ты, 8-мы, а ў зарыфмаваным з ім радку «Не жадаў бы ніколі чужога» складоў не 9, як варта было б, а 10, і націскі падаюць на 3-ці, 6-ты, 9-ты. Але ўсё ж да эталоннай дасканаласці неабходна імкнуцца, асабліва пачаткоўцу, які з Багушэвічам і іншымі класікамі ці сучаснымі знакамітасцямі нават побач не стаяў.

3. Ясны сэнс і праўдападобнасць паказаных у вершы рэалій. Нават калі змест верша грунтуецца на перадачы эмоцый (г.зн. у ім мала канкрэтыкі), ці калі ён мае фантастычны сюжэт, чытач павінен лёгка разумець, пра што ідзе гаворка, а ўсё прыдуманае павінна выглядаць пераканаўча (пераканаўчасць маю на ўвазе мастацкую, г.зн. чытач усведамляе, што мае справу з фантастыкай, але захапляецца ёю, ужываецца ў створаны аўтарам нерэальны свет, прымае прапанаваныя аўтарам правілы гульні). Часам маладыя паэты-пачаткоўцы (называю іх паэтамі ўмоўна, авансам), замахнуўшыся ўразіць аўдыторыю чым-небудзь складаным і глыбакадумным, нагрувашчваюць вычварныя слоўныя канструкцыі, імітуюць моцныя перажыванні, жангліруюць філасофскімі паняццямі, глыбінны сэнс якіх у сваім узросце яшчэ не здольныя спасцігнуць, — і на выхадзе атрымліваецца штосьці недарэчна прэтэнцыёзнае, пустое, інфантыльнае, пераймальніцкае (прыклады прыводзіць не буду, каб не пакрыўдзіць каго-небудзь і не адбіць на старце ахвоту да самаўдасканалення ў паэтычнай творчасці). А вось сапраўдны ўладар слова можа, наадварот, наплесці якой-небудзь непрыхаванай лухты, але выглядаць яна будзе сімпатычна — дурасліва-жартоўна, гарэзліва. У якасці прыкладу працытую па памяці (няхай аўтар даруе, калі ў дэталях памылюся) урывак верша Юрася Барысевіча «Адняты»:

Ты жывеш як быццам недалёка —
На мяжы егіпецкіх снягоў.
Вымяраеш спадчыну барока
Крыламі збянтэжаных крукоў.
Ходзіш між сучасных саркафагаў,
Чуеш подых д'ябла з-пад зямлі,
П'еш віно з махроў чырвоных сцягаў,
Абмінаеш у пад'ездзе Віскулі.

[...]

Інструкцыя па рыфмаванні

І цяпер — методыка прывядзення верша ў адпаведнасць вышэйразгледжаным прыкметам.

Паўтару: пісаць добрыя вершы не кожнаму дадзена, таму калі не атрымліваецца, калі ваш твор ніяк не жадае ўціскацца ў пазначаныя мною рамкі, то, магчыма, лепш і не пяцца, хопіць чалавецтву паэтаў і без вас. Калі ўсё ж такі жаданне пакінуць след у гісторыі паэзіі неадольнае, то дзейнічайце наступным чынам:

1. Запісвайце ўсё, што прыйдзе ў галаву, і як атрымаецца, не задумваючыся.

2. Калі ўсё запісана, паток слоў скончыўся, прыйшло адчуванне палёгкі, прачытайце напісанае і скажыце шчыра сам сабе, ці адпавядае гэты набор лексічных адзінак адначасова ўсім тром прыкметам добрага верша. Калі адпавядае на 100 %, то вы, верагодна, паэт з вялікімі перспектывамі. Калі адпаведнасць няпоўная, з нешматлікімі шурпатасцямі, то вы таксама паэт з вялікімі перспектывамі, а гэтыя шурпатасці без маіх падказак заўважыце і падправіце. Калі ж хібы пераважаюць над мастацкімі ўдачамі, то баюся, што ваша доля — быць рамеснікам ад літаратуры, цешыцца роляю маргінала. Каб пазбегнуць яе, увогуле сыдзіце з літаратурнай сцяжыны, або набірайцеся цярпення і выраўноўвайце ў сваіх падабенствах вершаў усё крывое, шліфуйце ўсё шурпатае, залеплівайце ўсе дзіркі і зразайце ўсе недарэчныя выступы і г.д. Іншымі словамі — метадычна, карпатліва, уседліва (ці між іншым, на хаду, у працэсе выканання ўсялякай штодзённай працы) зноў і зноў пракручвайце ў думках напісанае і шукайце замену ўсім няўдалым фрагментам: не рыфмуюцца два радкі — падбірайце іншыя словы для заканчэння то аднаго, то другога; радкі, якія павінны быць аднолькавымі па даўжыні, розныя — выраўноўвайце, замяняйце доўгія словы кароткімі ці кароткія доўгімі; нейкая фраза гучыць або занадта наіўна, прымітыўна, або занадта мудрагеліста — мяняйце фармуліроўку адпаведна на больш салідную ці простую (пры гэтым можа збіцца рытм ці знікнуць рыфма — і давядзецца выпраўляць гэты новы дэфект, іншага выйсця няма). Як доўга пілаваць-габляваць-шліфаваць? Пакуль не даведзяце свой рыфмаваны выраб да дасканаласці, або пакуль не вырашыце, што ўсё, хопіць, чытач спажыве і такое, а мне дастаткова рэпутацыі паэта сярэдняй рукі (або — пачаткоўца, няздары і г.д.).

__________

У працяг тэмы — артыкул «Вершы, якім лепш было б застацца ў глыбіні душы».