Дзесьці гэтымі днямі, у канцы ліпеня 2001-га (ці, магчыма, на пачатку апошняга летняга месяца), я, выпускнік універсітэта, прыбыў на месца размеркавання. Прыбыў крыху раней, чым належала: у накіраванні значылася дата, здаецца, 18 жніўня, але я, засумаваўшы сядзець дома (з універсітэтам развітаўся яшчэ ў чэрвені), выправіўся пацікавіцца, як там маё будучае месца працы.
Паводле дыплома я выкладчык беларускай мовы і літаратуры, і накіравалі мяне ў адно з прафесійна-тэхнічных вучылішчаў майго роднага райцэнтра (жыў я ў вёсцы за 20 км ад яго). Ішла ўступная кампанія, у двары тоўпіліся абітурыенты з бацькамі, у будынак чамусьці нікога не пускалі (напэўна, працоўны дзень яшчэ не пачаўся, бо прыехаў я на адным з ранніх аўтобусаў, што адпраўляўся з маёй вёскі каля сямі гадзін).
На ганку мне заступіў дарогу нейкі энергічны і строгі дзядзька (цвёрды погляд, гучны і рашучы голас, упэўненыя рухі моцнага чалавека), нездаволена-маралізатарскім тонам сказаў выцягнуць рукі з кішэняў і спытаў, на якую спецыяльнасць я збіраюся паступаць. Габарытамі ў параўнанні са мною ён быў не надта ўнушальны, дыхаў мне ў грудзі, але, відаць, твар мой свяціўся бесклапотным юнацтвам і наіўнасцю (зрэшты, мне і цяпер часам кажуць, што выглядаю маладзейшым за свае гады), ды і прыехаў я ў вопратцы зусім не дзелавога стылю (джынсавыя штаны і кашуля), таму гэткая сустрэча мяне не здзівіла.
Збянтэжаны маім адказам (нават не паверыў, пакуль не ўбачыў дакументы — дыплом з накіраваннем), дзядзька правёў мяне ў кабінет дырэктара — хударлявага сівога ці то пенсіянера, ці то амаль пенсіянера. Сядзела там яшчэ і нейкая цётка сярэдніх гадоў, па ўсім відаць намесніца, і маладая сакратарка з прыёмнай.
— Дзіўна, мы не падавалі заяўку, у нас яшчэ свая настаўніца ёсць, ёй на пенсію праз год, — паціскалі ўсе трое плячыма, перадаючы адно аднаму прад'яўленае мною накіраванне.
— А вось фізрук нам патрэбен, наш сышоў нечакана, а новага мы ніяк знайсці не можам. Фізруком пойдзеце да нас? — прапанавала цётка.
— Не, не пойдзе ён, — задуменна-замілавана, з летуценнай усмешкаю, прамовіў дырэктар, не даўшы мне адказаць. — Вы ж бачыце, у яго дыплом з адзнакаю, гэта яго любімы прадмет, прызванне. Хіба марна ён пяць гадоў яму прысвяціў? Так жа, малады чалавек?
Я пацвердзіў, і цалкам шчыра, бо фізкультуру не любіў са школьных гадоў, у значнай ступені з-за неабходнасці кожны раз цягаць з дому дзеля гэтага ўрока лішні цяжар — таптаць у сумку з кнігамі ці перці асобна ў поліэтыленавым пакеце спартыўную форму (захоўванне яе ў школе было не прадугледжана) — і пераапранацца, таўкучыся разам з усімі ў цёмным (без вокнаў, з кволай лямпачкаю пад запырсканым пабелкаю плафонам), брудным катуху, што прасмярдзеў чужым потам (ва ўніверсітэце ўмовы былі лепшыя, але стэрэатып ужо выпрацаваўся, і заняткі па фізпадрыхтоўцы ўспрымаліся як недарэчнасць, неабходнасць наведваць іх раздражняла, з ахвотаю я толькі цягаў жалеззе ў трэнажорцы, на першым курсе, а да другога яе за лета пераабсталявалі пад відэазалу).
Прамовіўшы дзеля прыстойнасці яшчэ некалькі шкадаванняў у сэнсе «вой-вой, якая прыкрая памылка адбылася... Як шкада, што не атрымаецца ўзяць маладога чалавека...», мне нашчоўкалі на друкавальнай машынцы паперку пра тое, што ўзяць мяне на працу не могуць з прычыны адсутнасці вакансіі, і паехаў я з той цыдулкаю ва ўніверсітэт. Там мне далі накіраванне ў іншае месца, а да адмовы ПТВ прыклалі ягоную ж заяўку на настаўніка беларускай мовы і абурана сказалі, што адправяць два гэтыя ўзаемавыключальныя дакументы ў Міністэрства адукацыі, каб там пабачылі, як вучылішча раскідваецца каштоўнымі кадрамі, і каб разабраліся з гэтым бязладдзем і марнатраўствам: спачатку просяць спецыяліста, а потым, атрымаўшы самага што ні ёсць высакакласнага, выдатніка, адфутбольваюць.
Ці было якое разбіральніцтва, не ведаю: я зацікаўленасці не выявіў, ніякіх заяў ці скаргаў не пісаў, таму мяне ніхто пра развіццё сітуацыі не інфармаваў. Мне было ўсё роўна, бо мяне запрашалі ў аспірантуру і я меў намер гэтае запрашэнне прыняць, г.зн. меркаваў, што параблю месяц-другі і вярнуся ў альма-матэр.
Але ўсё пайшло па іншым сцэнарыі. Апісваць яго дэталёва было б доўга, таму выкладу ў агульных рысах. Адпрацаваў я тры гады ў вясковай школе, і школа тая на трэцім годзе незнарок выштурхнула мяне ў журналістыку: адміністрацыя папрасіла напісаць у раённую газету артыкул пра наша школьнае жыццё, я напісаў, але тут умяшаўся раённы аддзел адукацыі і параіў адпраўляць тэкст не ў раённую, а адразу ў рэспубліканскую прэсу — у ведамаснае выданне Міністэрства адукацыі «Настаўніцкая газета», там яго надрукавалі, а мне патэлефанавалі і прапанавалі пісаць яшчэ, я адгукнуўся (добрым стымулам былі вялікія ганарары, з трэцюю частку настаўніцкай зарплаты за тэкст на паўпаласы), стаў пісаць і ў іншыя газеты, захапіўся — і ў пачатку чарговага навучальнага года ўжо не сляпіўся над крамзолямі двоечнікаў, а калясіў па краіне з дыктафонам і фотаапаратам, з'яўляючыся супрацоўнікам адной (пазней заняпалай і ліквідаванай) рэспубліканскай газеты і, адпаведна, сталічным жыхаром.
Праўда, праз паўтара года стаміўся туляцца па здымных кватэрах і вярнуўся ў родную стыхію, у правінцыю, дзе і цяпер жыву, працягваючы зарабляць хлеб журналісцкім рамяством у раённай газеце (толькі, так ужо склаліся абставіны, не на сваёй малой радзіме). Тут адразу (праз якіх пару тыдняў пасля ўладкавання на працу) атрымаў інтэрнат, пасля — службовую кватэру, а пасля і ўласную пабудаваў.
А мог жа калісьці запярэчыць дырэктару вучылішча, схапіцца за прапанову яго падначаленай і падацца ў фізрукі — і хто ведае, як бы тады склаўся мой прафесійны шлях, ды і асабістае жыццё?
© Сяргей Абрамовіч, 2021