— Я з вамі размаўляю — і ў мяне проста душа радуецца, што бачу чалавека, які асвятляе жыццё нашай Айчыны, — са шчаслівай замілаванай усмешкаю гаварыў мне дзядок, прыціскаючы правую руку да сэрца (менавіта так і сказаў, наконт душы і Айчыны — цытата).
Гэта было летам 2007 ці 2008 года. Я, маючы за плячыма паўтара года працы ў рэспубліканскай прэсе, але не прыжыўшся ў сталіцы, пачынаў свой (сёння ўжо трынаццацігадовы) шлях на ніве правінцыйнай газетнай журналістыкі і аднойчы, катаючыся па раёне ў пошуку тэм для публікацый, зазірнуў сюды, у Лаўрэнавічы (цяпер тут ужо і ўказальніка з назваю няма). Мабільная сувязь да гэтай вёскі тады не даставала, закінутыя дамы ледзь бачныя былі скрозь зараснікі травы, кустоўя і дрэў, і толькі адна сядзіба аказалася заселенаю. Жылі ў ёй дзядок з бабулькаю. З'яўленню чалавека яны вельмі ўзрадаваліся, мой прыезд стаў святам у чарадзе іх адзінокіх дзён.
— Баба мая баіцца тут, страшна ёй, асабліва начамі, а я смяюся: чаго баяцца? — весела распавядаў гаспадар пра сваё жыццё-быццё. — Тут зацішна, мы адны, нікому да нас ніякай справы няма, ніхто сюды не паедзе, толькі лісы часам з лесу забягаюць.
Ён, відаць, у нейкай ступені выдаваў жаданае за сапраўднае, бадзёрыўся, бо мне, напрыклад, нават удзень знаходзіцца там было вусцішна: у ваколіцах ні душы, толькі аўтакрама павінна заязджаць два разы на тыдзень, і адчуванне закінутасці, нейкай катастрофы, асуджанасці і незваротнасці ўзмацнялася, калі позірк трапляў на добрую яшчэ, моцную асфальтавую дарогу сярод дзікіх зараснікаў — сведчанне таго, што тут некалі кіпела жыццё. Цяпер яна схаваная дзёрнам, толькі дзе-нідзе выглядвае парэпаны асфальт.
Зрэшты, дзядуля аказаўся франтавіком, дзеля прапанаванага мною фатаграфавання апрануў пінжак са шматлікімі ўзнагародамі, так што не выключаю і 100-працэнтнай шчырасці яго слоў пра адсутнасць страху.
І вось у мінулую нядзелю я, праязджаючы паблізу, зноў наведаў гэтую вёску (які вецер занёс мяне ў такую глуш — асобная размова, заглыбляцца ў падрабязнасці не буду). Месца, на якім размяшчалася сядзіба апошніх жыхароў, пазнаў па дзікім вінаградзе: тады, больш за дзесяць гадоў таму, ён абцягваў плот каля ўваходу ў двор, цяпер плыве па зямлі, аблытаў дрэвы і кустоўе, а на ніжэйпрыведзеным здымку ім пакрыты груд невядома чаго з правага боку ад закінутага хлева (ні хаты, ні плота ўжо няма, на здымку — усё, што засталося).
Па суседстве з рэшткамі гэтай сядзібы заўважныя сляды яшчэ адной: развалены хлеў, побач з ім — руіны нейкай драбнейшай гаспадарчай пабудовы.
І больш нічога, ніякіх слядоў жылля на працягу ўсёй вуліцы, усе сядзібы знесеныя (ці закапаныя, дэталямі не валодаю).
Зводдаль ад зніклай вёскі бачныя рэшткі фермы, што забяспечвала, відавочна, занятасць мясцовага насельніцтва.
Паехаў я адсюль з сумам і паловаю меха яблыкаў (больш не знайшлося).
© Сяргей Абрамовіч, 2021