16.02.2026

Невукі забаўляюць невукаў, а тыя думаюць, што гэта асвета

Трапіў мне ў інтэрнэце на вочы невядома кім складзены чатырохрадковік на побытавую тэму з прэтэнзіяй на досціп. Подпіс пад рыфмаванкаю паведамляў, што яна скапіравана з сацсетак — з нейкай старонкі, закліканай прапагандаваць беларускую мову.

Нямала захопленых водгукаў атрымаў гэты няхітры слоўны выраб: глыбіня думкі, вытанчанасць гумару, нечаканасць вобразаў… І ніводзін каментатар не адзначыў памылку — словазлучэнне «пайшоў за хлебам».

Недарэчнасць рыфмавалася з «небам» — калі напісаць пра хлеб правільна, сапраўды па-беларуску, то рыфма знікне. Як выйсці з такога становішча, мае пастаянныя чытачы ведаюць, я тлумачыў. Вядома ж, аўтар чатырохрадковіка не абавязаны з'яўляцца маім пастаянным чытачом ці хаця б прачытаць мой артыкул пра асновы вершаскладання для пачаткоўцаў, але любы пісьменны чалавек сам разумее, што калі ў творы ёсць хіба, то ёй варта даць рады, а дзеля гэтага над творам спатрэбіцца папрацаваць, бо без намаганняў аўтара ці рэдактара агрэх не знікне. Такім чынам, я маю тры версіі паходжання рыфмы «небам/за хлебам»: 1) аўтар павярхоўна ведае мову; 2) аўтар пасрэдны паэт; 3) аўтар гультай і не паважае аўдыторыю — свядома падсунуў недароблены прадукт, маўляў, праглыне народ і не заўважыць, а калі заўважыць, дык няхай дзякуе і за такое дабро.

Аналагічную памылку зрабіў неяк адзін аператар мабільнай сувязі, калі запрасіў усіх праз інтэрнэт «за кавай» у сетку кавярняў, у якой працуюць інваліды (моднага слоўца «інклюзіўная» і няўклюднай канструкцыі «людзі з інваліднасцю» ад мяне не чакайце).

Колькі разоў я цікавіўся ўсялякімі інфармацыйнымі рэсурсамі, якія дэкларуюць сваёй мэтаю прасоўванне беларускай мовы (блогі, старонкі ў сацсетках, тэле- і радыёперадачы), заўсёды з першага позірку ці на першай-другой хвіліне прагляду/праслухоўвання заўважаў грубыя памылкі. Яшчэ адзін прыклад: сядзеў у тэлефоне, мільганула прысвечаная мове суполка ў сацсетцы, зазірнуў — убачыў невялікі, пазіцый на дваццаць, спіс самабытных беларускіх слоў з перакладам на рускую, і насупраць слова «каптур» у ім стаяла «панамка».

Хто стварае і вядзе гэтыя старонкі? Нейкія шкаляры адчулі пакліканне і ўявілі сябе валадарамі слова? Ці прадпрымальныя асобы шукаюць больш-менш вольную нішу ў інфармацыйнай прасторы, каб навабіць і манетызаваць аўдыторыю? Прыцягне такі дзеяч сабе сотні ці тысячы падпісчыкаў узнёслаю ідэяй захавання роднай мовы і дурыць іх нізкагатунковым прадуктам (бо на высакаякасны ведаў не стае), а непераборлівы натоўп, маючы пра мову яшчэ больш павярхоўнае ўяўленне, захоплена і ўдзячна спажывае ўрачыста паднесеную яму лухту.

© Сяргей Абрамовіч, 2026