Інструкцыя па паэтычнай творчасці. У дапамогу графаманам, няздарам, шкалярам і няўпэўненым (схільным заніжаць ступень сваёй адоранасці) талентам.
***
Хто вы, мой чытач?
Калі вы ўзяліся чытаць гэтую публікацыю не з цікаўнасці або навуковага інтарэсу, а спадзеючыся знайсці ў ёй інструкцыю, рэцэпт, майстар-клас і г.д. па вырабе якасных паэтычных тэкстаў (абнадзейваю: так, знойдзеце), то існуе вялікая верагоднасць, што прыродаю вам пісаць вершы не дадзена — вы далёкі ад паэзіі чалавек, які прымазваецца да яе з таго ці іншага боку з той ці іншай мэтаю тым ці іншым чынам. Напрыклад, вы можаце быць графаманам і мегаламанам, які прагне славы паэта. Або — гультаяватым школьнікам, якому трэба напісаць сачыненне, а настаўнік дазваляе рабіць гэта пры жаданні вершамі, вось вы і вырашылі спрасціць сабе задачу — замест доўгага празаічнага тэксту накрэмзаць хутчэй пару слупкоў паэтычнага і абтрэсці рукі. Таксама не здзіўлюся, калі вы знаходзіцеся ў пошуку бізнес-ідэй і прыглядаецеся да такога варыянту заробку, як складанне рыфмаванак-віншавалак: бываюць у продажы друкаваныя зборнічкі нізкагатунковых, сякераю зробленых недавершаў на ўсе выпадкі жыцця, поўна ўсялякіх прымітыўных, недарэчных, няшчырых рыфмаваных віншаванняў у інтэрнэце, а некаторыя рыфмавальнікі пішуць іх на замову — персанальна, для ўшаноўвання асобна ўзятага чалавека, з узгадваннем яго імя, асабістых якасцей, прафесійных дасягненняў і г.д. Да прыкладу, на нейкай біржы капірайтараў я знайшоў акаунт аднаго не тое каб знакамітага, але, скажам так, не апошняга ў беларускай літаратуры паэта, які, аказваецца, зарабляе такім чынам — вершамі на замову (не ведаю, асноўны гэта заробак ці дадатковы). Мне запомнілася, што ў сваім партфоліо ён змясціў, акрамя ўсяго іншага, верш, прызначаны для ўсхвалення аднаго канкрэтнага (было названа прозвішча) універсітэцкага выкладчыка (паводле зместу той оды я зрабіў выснову, што яе ўрачыста зачыталі студэнты, падносячы выкладчыку традыцыйны букет у дзень экзамену, г.зн. паспрабавалі такім чынам задобрыць чалавека, упаўнаважанага пакараць іх завалам ці ашчаслівіць халяваю).
Паэты ад бога і рамеснікі ад паэзіі
Такім чынам, калі да гэтага майго тэксту вы маеце выключна практычны інтарэс (жаданне навучыцца пісаць вершы), то я схіляюся да высновы, што вы не паэт, паколькі прыроджанаму паэту ніякія інструктажы і падручнікі па вершаскладанні не патрэбны: радкі ў яго самі льюцца, толькі паспявай запісваць, або часам даюцца цяжка, вымучваюцца, але ўсё роўна ў выніку атрымліваюцца гарманічнымі, дасканалымі — і ўражваюць, захапляюць чытача.
Аднак і рамеснікі ад паэзіі маюць права на жыццё, ніхто не забароніць ім стругаць свае крывыя і каструбаватыя вырабы, да таго ж масавы спажывец не вызначаецца літаратурным густам — ахвотна глытае ўсё, што яму ўпіхваюць у рот. Вось для такіх рамеснікаў і будзе карысным гэты артыкульчык — магчыма, прачытаўшы яго, яны навучацца надаваць сваёй слоўнай прадукцыі хаця б нейкае аддаленае падабенства да твораў мастацтва. Акрамя таго, знаёмства з гэтым тэкстам дапаможа аб’ектыўна ацаніць сілу свайго дару людзям, якія ўпершыню адчулі покліч да творчасці паэтычнага характару, што-нішто напісалі і сумняваюцца, ці варта працягваць, ці атрымаецца што-небудзь годнае з гэтых практыкаванняў.
Што я за такі выкладчык вершаскладання?
Мяркую, што ў чытачоў можа ўзнікнуць пытанне, кім з’яўляюся я сам у літаратурным свеце і, у прыватнасці, якія маю адносіны да паэзіі. Асобныя дэталі маёй творчай і прафесійнай біяграфіі мільгаюць у іншых маіх публікацыях, паўтараць іх не буду. Што ж да вершаў, сам я іх амаль не пішу, у інтэрнэце можна знайсці толькі сем (удакладненне ад 06.07.2025: ужо больш) маіх рыфмаваных тэкстаў, да таго ж тры з іх напісаныя з выкарыстаннем фальклорных вобразаў і сюжэтных хадоў, а адзін з’яўляецца па сутнасці перакладам вядомай старой песні на сучасны лад. Але чытанне літаратуры з аднаго боку, літаратуразнаўства і літаратурная крытыка з другога і стварэнне ўласных літаратурных твораў з трэцяга — гэта розныя віды дзейнасці, і асобе, якая аналізуе і ацэньвае вершы, не абавязкова самой быць паэтам, і нават лепш ім не быць — каб пазбегнуць неаб’ектыўнасці, прадузятасці (напрыклад, ад зайздрасці, калі вершы, якія аналізуе крытык, акажуцца лепшымі за яго ўласныя).
На працягу трох гадоў я выкладаў мову і літаратуру ў школе і ў той перыяд неяк захапіўся навучаннем дзяцей вершаскладанню. На самай справе ўсё гэта было пусканнем пылу ў вочы начальству, прафанацыяй і марнаваннем часу: школьнае кіраўніцтва любіла, калі педагог дакладваў, што працуе паводле якой-небудзь сучаснай інавацыйнай методыкі, асвойвае нейкія прагрэсіўныя замежныя педагагічныя тэхналогіі і г.д., вось я і дурыў дырэктару ды завучу галовы, казыраючы, што апрабоўваю ні многа ні мала свой аўтарскі метад стымулявання творчай актыўнасці, канчатковым вынікам выкарыстання якога становіцца напісанне верша любым вучнем, незалежна ад яго інтэлектуальнага ўзроўню. Мянціў я пра гэта языком і ў школе, і пры выпадку на раённым узроўні — набіваў сабе кошт, пераплёўваючы ўсіх, хто працаваў паводле методык, узятых з педагагічнай літаратуры (а я — о-го-го, сваю распрацоўваю!), і ў нейкі момант нават сам паверыў, што здолеў дабіцца поспехаў у навучанні паэтычнаму рамяству. Крэсліў на дошцы нейкую табліцу, упісваў у яе нейкія словы, прасіў дзяцей назваць асацыяцыі, што ўзнікаюць у сувязі з гэтымі словамі, таксама ўпісваў іх у табліцу, пасля дзеці падбіралі з гэтай табліцы словы, што рыфмуюцца, і ў выніку з маёй дапамогаю вымучвалі які-небудзь чатырохрадковік. Напрыклад, адзін хлопчык, калі мы складалі верш на тэму бяспекі дарожнага руху, змайстраваў вось што:
Еду я на веласіпедзе,
А за мной — «Фальксваген Пасат».
Я яму: «Куды ты едзеш?!»,
А ён мне: «Пайшоў ты ў [антонім назоўніка "перад"]!».
А за мной — «Фальксваген Пасат».
Я яму: «Куды ты едзеш?!»,
А ён мне: «Пайшоў ты ў [антонім назоўніка "перад"]!».
Пазней я перайшоў працаваць у адну рэдакцыю, што выпускала дзіцячую газету і дзіцячы часопіс. Чытачы часта дасылалі нам для апублікавання свае вершы, і зусім слабыя мы адхілялі, а больш-менш вартыя ўвагі друкавалі. У той перыяд мне давялося напісаць для часопіса некалькі вершаў за аднаго чалавека (г.зн. я напісаў, а аўтарам была ўказана іншая асоба): аднойчы рэдактарша прынесла мне вельмі каравыя, бездапаможныя, ну зусім ніякія, проста інвалідныя вершы нейкай сваёй знаёмай, якая хацела паступаць на журфак і якой для паступлення трэба было падаць у прыёмную камісію, акрамя ўсяго іншага, некалькі выразак са сваімі друкаванымі публікацыямі, але друкаваных публікацый паненка, імкнучыся ў журналістыку, на той момант яшчэ не мела, а час падціскаў, уступная кампанія на носе, — вось і накрэмзала яна як магла зарыфмаваныя радкі і папрасіла рэдактаршу гэтае ўбоства надрукаваць, а рэдактарша ў сваю чаргу папрасіла мяне надаць яму прыстойны выгляд, каб не сорамна было ўпіхнуць на старонкі часопіса, — і я выканаў просьбу, фактычна напісаўшы нанава вершы на аснове паказаных мне няўклюдных, абы-як сфармуляваных, нягеглых, народжаных неданошанымі думак (не скажу, што ў мяне атрымалася бог ведае якая прыгажосць, аднак самі разумееце, гэта была спроба зрабіць цукерку з адной вельмі спецыфічнай субстанцыі).
Тры прыкметы добрага верша
Дык як жа напісаць добры верш? Спачатку давайце ўмовімся, што верш можна назваць добрым, дасканалым, калі яму ўласцівыя наступныя прыкметы: 1) наяўнасць рыфмы; 2) захаванне памеру і рытму; 3) ясны сэнс і праўдападобнасць апісаных у ім рэалій. Цяпер коратка разгледзім кожную прыкмету.
1. Няўнасць рыфмы. Існуе меркаванне, што яна не абавязкова патрэбна (і нават ёсць літаратуразнаўчы тэрмін «белы верш», г.зн. верш без рыфмы). Але, па-першае, прафесіянал імгненна адрозніць верш без рыфмы, напісаны сапраўдным майстрам паэтычнага радка, ад кучы слоў, накіданых абы-як няздараю, а па-другое, масавы чытач, наадварот, прачытаўшы белы верш, нават калі той належыць пяру сапраўднага паэта, пацісне плячыма: што за нескладуха… Таму, робячы першыя крокі ў паэзіі, спачатку ўсё ж асвойце класіку, і толькі дасягнуўшы вышынь дазволіце сабе вольнасці, эксперыменты, эпатаж і іншыя выхады за рамкі.
2. Захаванне памеру і рытму. Вельмі-вельмі пажадана, каб, па-першае, зарыфмаваныя паміж сабою радкі мелі аднолькавую даўжыню паводле колькасці складоў (г.зн. калі падзяліць на склады словы, з якіх складзены гэтыя радкі, то колькасць складоў павінна аказацца ў кожным радку аднолькавай) і, па-другое, каб націскі ў зарыфмаваных паміж сабою радках падалі на адны і тыя ж паводле парадку склады. Строга прытрымлівацца памеру і рытму часам не ўдаецца нават сапраўдным паэтам. Напрыклад, назіраецца разнабой у вершы Францішка Багушэвіча «Ахвяра»: у радку «Маліся ж, бабулька, да бога» 9 складоў, і націскі падаюць на 2-гі, 5-ты, 8-мы, а ў зарыфмаваным з ім радку «Не жадаў бы ніколі чужога» складоў не 9, як варта было б, а 10, і націскі падаюць на 3-ці, 6-ты, 9-ты. Але ўсё ж да эталоннай дасканаласці неабходна імкнуцца, асабліва пачаткоўцу, які з Багушэвічам і іншымі класікамі ці сучаснымі знакамітасцямі нават побач не стаяў.
3. Ясны сэнс і праўдападобнасць паказаных у вершы рэалій. Нават калі змест верша грунтуецца на перадачы эмоцый (г.зн. у ім мала канкрэтыкі), ці калі ён мае фантастычны сюжэт, чытач павінен лёгка разумець, пра што ідзе гаворка, а ўсё прыдуманае павінна выглядаць пераканаўча (пераканаўчасць маю на ўвазе мастацкую, г.зн. чытач усведамляе, што мае справу з фантастыкай, але захапляецца ёю, ужываецца ў створаны аўтарам нерэальны свет, прымае прапанаваныя аўтарам правілы гульні). Часам маладыя паэты-пачаткоўцы (называю іх паэтамі ўмоўна, авансам), замахнуўшыся ўразіць аўдыторыю чым-небудзь складаным і глыбакадумным, нагрувашчваюць вычварныя слоўныя канструкцыі, імітуюць моцныя перажыванні, жангліруюць філасофскімі паняццямі, глыбінны сэнс якіх у сваім узросце яшчэ не здольныя спасцігнуць, — і на выхадзе атрымліваецца штосьці недарэчна прэтэнцыёзнае, пустое, інфантыльнае, пераймальніцкае (прыклады прыводзіць не буду, каб не пакрыўдзіць каго-небудзь і не адбіць на старце ахвоту да самаўдасканалення ў паэтычнай творчасці). А вось сапраўдны ўладар слова можа, наадварот, наплесці якой-небудзь непрыхаванай лухты, але выглядаць яна будзе сімпатычна — дурасліва-жартоўна, гарэзліва. У якасці прыкладу працытую па памяці (няхай аўтар даруе, калі ў дэталях памылюся) урывак верша Юрася Барысевіча «Адняты»:
Ты жывеш як быццам недалёка —
На мяжы егіпецкіх снягоў.
Вымяраеш спадчыну барока
Крыламі збянтэжаных крукоў.
Ходзіш між сучасных саркафагаў,
Чуеш подых д'ябла з-пад зямлі,
П'еш віно з махроў чырвоных сцягаў,
Абмінаеш у пад'ездзе Віскулі.
[...]
На мяжы егіпецкіх снягоў.
Вымяраеш спадчыну барока
Крыламі збянтэжаных крукоў.
Ходзіш між сучасных саркафагаў,
Чуеш подых д'ябла з-пад зямлі,
П'еш віно з махроў чырвоных сцягаў,
Абмінаеш у пад'ездзе Віскулі.
[...]
Тэхналогія рыфмавання
І цяпер — методыка прывядзення верша ў адпаведнасць вышэйразгледжаным прыкметам. Паўтару: пісаць добрыя вершы не кожнаму дадзена, таму калі не атрымліваецца, калі ваш твор ніяк не жадае ўціскацца ў пазначаныя мною рамкі, то, магчыма, лепш і не пяцца, хопіць чалавецтву паэтаў і без вас. Калі ўсё ж такі жаданне пакінуць след у гісторыі паэзіі неадольнае, то дзейнічайце наступным чынам.
Запісвайце ўсё, што прыйдзе ў галаву, і як атрымаецца, не задумваючыся. А пасля, усё зафіксаваўшы, адчуўшы, што паток слоў скончыўся і настала палёгка, прачытайце напісанае і скажыце шчыра сам сабе, ці адпавядае гэты набор лексічных адзінак адначасова ўсім тром прыкметам добрага верша. Калі адпавядае на 100 %, то вы, верагодна, паэт з вялікімі перспектывамі. Калі адпаведнасць няпоўная, з нешматлікімі шурпатасцямі, то вы таксама паэт з вялікімі перспектывамі, а гэтыя шурпатасці без маіх падказак заўважыце і падправіце. Калі ж хібы пераважаюць над мастацкімі ўдачамі, то баюся, што ваша доля — быць рамеснікам ад літаратуры, цешыцца роляю маргінала. Каб пазбегнуць яе, увогуле сыдзіце з літаратурнай сцяжыны, або набірайцеся цярпення і выраўноўвайце ў сваіх падабенствах вершаў усё крывое, шліфуйце ўсё шурпатае, залеплівайце ўсе дзіркі і зразайце ўсе недарэчныя выступы і г.д. Іншымі словамі — метадычна, карпатліва, уседліва (ці між іншым, на хаду, у працэсе выканання ўсялякай штодзённай працы) зноў і зноў пракручвайце ў думках напісанае і шукайце замену ўсім няўдалым фрагментам: не рыфмуюцца два радкі — падбірайце іншыя словы для заканчэння то аднаго, то другога; радкі, якія павінны быць аднолькавымі па даўжыні, розныя — выраўноўвайце, замяняйце доўгія словы кароткімі ці кароткія доўгімі; нейкая фраза гучыць або занадта наіўна, прымітыўна, або занадта мудрагеліста — мяняйце фармуліроўку адпаведна на больш салідную ці простую (пры гэтым можа збіцца рытм ці знікнуць рыфма — і давядзецца выпраўляць гэты новы дэфект, іншага выйсця няма). Як доўга пілаваць-габляваць-шліфаваць? Пакуль не даведзяце свой рыфмаваны выраб да дасканаласці, або пакуль не вырашыце, што ўсё, хопіць, чытач спажыве і такое, а мне дастаткова рэпутацыі паэта сярэдняй рукі (або — пачаткоўца, няздары і г.д.).
Вершы, якім лепш было б застацца ў глыбіны душы
Прыклад сітуацыі, калі прэтэндэнт на тытул паэта поспехамі ў творчасці пахваліцца не можа і працаваць над сабою ў напрамку ўдасканалення свайго вершаскладальніцкага майстэрства не хоча, але перакананы ў тым, што ён варты прызнання і шанавання, — і засмучаецца, і крыўдзіцца, жаданай славы не атрымаўшы.
Запаўняючы кабінет смуродам курыва, да мяне ўвайшла грамадзянка гадоў 50-ці, жыхарка ўскраіны горада, цялятніца ў калгасе (так-так, працуе менавіта там — нягледзячы на бачную ў знешнасці і адчувальную ў гаворцы прыналежнасць да дыяспары, за прадстаўнікамі якой замацавалася рэпутацыя людзей, далёкіх ад сельскай гаспадаркі і блізкіх да вакзалаў ды базараў). Дастала спісаны буйным каравым почыркам тонкі, з паўагульны сшытак, патрапаны і брудны нататнік:
— Я хачу з вамі супрацоўнічаць. Паслухайце, калі ласка, мае вершы (прачытаць вам будзе цяжка) і скажыце, ці варта мне далей пісаць, каб вы гэта друкавалі.
Вершы (калі можна іх так назваць з іх дрэннай рыфмаю, жудасным метрычным разнабоем, недарэчна, няўклюдна сфармуляванымі думкамі і мноствам граматычных памылак), на рускай мове, аказаліся ўсе пра Бога, прычым напісаныя пераважна ў форме звароту да гэтага персанажа: аўтарка то просіць яго пра што-небудзь, то прызнаецца яму ў любові і адданасці, то проста з пашанаю прамаўляе яго абазначэнне («о господи», «о боже мой» і г.д.) як выклічнік ці элемент для сувязі слоў (з улікам спецыфікі моманту далікатнічаю і, асцерагаючыся ўвярэдзіць чые-небудзь рэлігійныя пачуцці, не называю гэты элемент словам-паразітам). Прыклады прыводзіць не буду, паколькі, нягледзячы на ўсю недасканаласць гэтых тэкстаў і адсутнасць у іх хоць кропелькі літаратурнай каштоўнасці, яны маюць аўтара, у якога я не прасіў дазволу на выкарыстанне твораў, але пакажу (зымітую, спарадзірую) штосьці блізкае паводле зместу і формы, перадаўшы ўрыўкі арыгіналаў сваімі словамі.
Напрыклад, вось такі зварот да Ўсявышняга:
Отец небесный, помоги,
Прости мне все мои грехи.
Моя душа лишь для тебя,
Так сильно я люблю тебя.
Закрыла я свою душу [чытала яна з націскам на другі гук «у», на беларускі лад],
И никого я не впущу.
Отец небесный, только ты
В мою душу [націск тамсама] ко мне приди — і г.д.
Прости мне все мои грехи.
Моя душа лишь для тебя,
Так сильно я люблю тебя.
Закрыла я свою душу [чытала яна з націскам на другі гук «у», на беларускі лад],
И никого я не впущу.
Отец небесный, только ты
В мою душу [націск тамсама] ко мне приди — і г.д.
А вось спатканне са спачылымі продкамі (відаць, у раі):
Я вижу сон: взлетела в небеса,
А там прекрасные церквя
И золотые купола.
Стоят дома, из золота они,
О боже, никогда я не видела такой красоты!
Ко мне идут отец и мать,
За ними идут люди, человек двадцать пять [гэты радок — цытата, не стрымаўся, каб не прывесці] — і г.д.
А там прекрасные церквя
И золотые купола.
Стоят дома, из золота они,
О боже, никогда я не видела такой красоты!
Ко мне идут отец и мать,
За ними идут люди, человек двадцать пять [гэты радок — цытата, не стрымаўся, каб не прывесці] — і г.д.
Выслухоўваючы шэдэўры, пасля кожнага я выносіў аднолькавы вердыкт:
— Не пойдзе.
— Не пойдзе, так? — пакорліва, жаласліва, асуджана пыталася наведніца. — Непрыгожа? — і пераходзіла да наступнага тэксту.
Калі ўвесь нататнік быў прачытаны, паэтэса папрасіла растлумачыць, у чым недахопы яе вершаў і як трэба пісаць, што трэба ў іх выправіць, каб мы іх надрукавалі:
— Я чытала іх людзям, з якімі мы разам у царкву ходзім, і ім спадабалася. Я хачу, каб яны гэта і ў газеце ўбачылі. Але што не так у маіх вершах, скажыце, бо я непісьменная, я не разбіраюся ў гэтым, не ведаю, як трэба.
Растлумачыць я не здолеў. Слова «рыфма» суразмоўніца не разумела, я замяняў яго на «сугучнасць», «падобнасць», «складнасць», «супадзенне літар», але яна толькі перапытвала, а што ж гэта значыць. Калі намагаўся давесці, што зарыфмаваныя паміж сабою радкі павінны мець аднолькавую даўжыню паводле колькасці складоў, яна адказвала, што ў такім разе не зможа выказаць сваю думку.
— А трэба намагацца і вельмі доўга працаваць над вершам, няхай сабе і цэлы тыдзень, і цэлы месяц, каб укласці вашу думку ў радок патрэбнай даўжыні, — цярпліва даводзіў я.
— Але ж я ўклала ў гэты радок душу, ён ідзе з маёй душы, а калі я яго перараблю, як вы кажаце, то гэта ўжо будзе не з душы, — адстойвала яна аўтэнтычнасць сваіх твораў. — Ды і непісьменная я, не ўмею перарабляць, я не разумею, як трэба.
Дарэчы, душа аўтаркі, як і Бог, фігуруе таксама ва ўсіх прачытаных мне наведніцаю вершах: якім бы ні быў ход аповеду, вершаскладальніца абавязкова хаця б аднойчы прыгадае сваю душу. У нейкім вершы нават назвала яе храмам (ужыла словазлучэнне «храм моей души»), і мая вышэйпрыведзеная імітацыя яе верша з запрашэннем Бога ў душу сфармулявана не на пустым месцы: у аўтаркі ёсць выказванне менавіта такога зместу (што душа яе замкнёная для ўсіх і адчынена толькі для Бога). Гэтыя матывы навялі мяне на думку пра схільнасць грамадзянкі да ўяўлення сябе богаабранай асобаю, і падазрэнне маё ўмацавалася, калі падчас гутаркі я далікатна заўважыў, што занадта шмат у вершах рэлігіі і хацелася б пачуць што-небудзь на іншую тэму, — у адказ грамадзянка стала заўзята тлумачыць, як горача яна любіць Бога, і ў плыні гэтых яе палымяных прызнанняў мільгануў пасаж такога кшталту:
— Мы, [тут яна назвала сваю нацыянальнасць], увогуле вельмі шануем Бога, і ён нас ахоўвае, мы з ім адзіныя. Калі, напрыклад, мы што-небудзь святкуем, то першы тост у нас такі: «Ну, Бог наперадзе, а мы за ім», у пачатку застолля мы напаўняем кілішкі, устаём і так прамаўляем.
Спецыфіка бачання гэтай грамадзянкаю жыцця пасля смерці (гл. вышэй радкі пра падарожжа ўва сне на нябёсы) таксама шмат што гаворыць пра яе самаацэнку: сустрэтыя на тым свеце крэўныя жывуць з Богам, а не з грэшнікамі, і ў залатых дамах.
— Ну, дык што, не будзем, значыць, з вамі супрацоўнічаць? — бачачы маю непахіснасць (нежаданне публікаваць вершы), спытала суразмоўніца рашуча, сур’ёзна, па-дзелавому і злёгку ганарыста, з усплёскам пачуцця ўласнай годнасці.
— Што значыць супрацоўнічаць? Мы хіба на працу вас бяром, ці што, кантракт з вамі заключаем? — асадзіў я апанентку, якая пачала адрывацца ад рэчаіснасці. — Мы ні ў якіх вашых паслугах не маем патрэбы, нічога вам не прапаноўвалі, вы самі да нас прыйшлі, але пакуль што не змаглі прапанаваць нічога, што зацікавіла б нас.
— Ну, пісаць мне далей вершы ці не? Будзе з іх што вартае? — імгненна вярнуўшыся на зямлю, перада мною ўжо зноў сядзела вучаніца, якая прасіла парады і апекавання.
— Ці будзе што вартае, не магу сказаць, пакуль не ўбачу, што вы напішаце. Як напішаце і я прачытаю, так і скажу, добра напісана ці не. А пісаць ці не пісаць, рашайце самі, гэта ваша справа.
— А калі я буду пісаць, то друкаваць вы будзеце?
— Напішаце тое, што можна друкаваць, — надрукуем. Не напішаце — не надрукуем.
Скончылася гутарка тым, што я выбраў найменш страшны верш, надрукаваў на прынтары, падкрэсліў самыя няўдалыя фрагменты, растлумачыў, наколькі гэта атрымалася з такой суразмоўніцай, як трэба іх перапрацаваць, і паабяцаў, што калі яна дасць рады гэтай задачы, то верш апублікуем у газеце напярэдадні Вялікадня. Яна пайшла нібыта падахвочаная і акрыленая, з намерам падумаць над сваім творам і вярнуцца, але з таго часу я яе не бачыў.
Каб ацаніць верш, мне лепш яго ўбачыць, чым пачуць
Здараліся выпадкі, калі тэлефануе мне ў рэдакцыю нейкі дзівак, якому на старасці гадоў (ці дзесьці на падыходзе да яе, хаця аднойчы і юнак фігураваў у такой сітуацыі) стукнула ў галаву рыфма, і просіць ён паслухаць яго верш, а прачытаўшы, пытаецца:
— Ну, як, добра атрымалася? Надрукуеце? Будзе з мяне паэт?
І на слых нібыта няблага, і нават нібыта добра, і нават майстэрства аўтара канстатуеш сам сабе (яму не гаворыш, каб не заганарыўся), і даеш новай зорцы паэтычнага небасхілу зялёнае святло — няхай дасылае ці прыносіць свой тэкст. А пасля чытаеш яго і бачыш, што вершык на самай справе слабенькі, непаўнавартасны, нават нікчэмны. Проста голасам, інтанацыяй аўтар-выканаўца прыхоўвае, нейтралізуе мастацкія хібы, адцягвае ад іх тваю ўвагу, а табе, слухачу, перадаюцца яго ўзбуджанасць, захапленне, надзея (тэлефонны дэбютант хвалюецца і верыць у сябе), ты трапляеш у палон абаяльнасці суразмоўцы і пад музыку яго маўлення патанаеш у свет сваіх думак і перажыванняў — памылкова ўспрымаеш свой эмацыянальны стан як вынік уздзеяння верша: ідэі і вобразы, што зараіліся ў тваёй свядомасці, успрымаеш як прынесеныя туды (у свядомасць) вершаванымі радкамі, у той час як на самай справе гэтыя ідэі і вобразы даўно ўжо з’яўляюцца насельнікамі твайго ўнутранага свету, трапілі сюды з прачытаных табою твораў мастацкай літаратуры і з іншых відаў мастацтва, а таксама з твайго ўласнага жыццёвага вопыту. Калі ж пачуты тэкст пазней трапляе табе ў рукі на паперы, то прыходзіць расчараванне і раскаянне (сеў я ў лужыну — паспяшаўся згоду даць, абнадзеіў чалавека), бо з гэтай паперы перад табою паўстае ва ўсёй прыгажосці (хутчэй агіднасці) голая праўда: нічога сабою аўтар як паэт не ўяўляе, не быў ім і зараз не з’яўляецца, і на старонках выдання, якое паважае сябе, месца яго опусу не знойдзецца.
Можна запярэчыць: калі выканаўца сваіх вершаў зачараваў слухача, значыць, яго і трэба слухаць, а не чытаць, гэта асаблівасць яго творчасці. Аднак калі літаратурны твор сапраўды чагосьці варты, то яго аднолькава прыемна і слухаць, і чытаць. Дайце мне тэкст якой-небудзь прымітыўнай, бессэнсоўнай папсовай недапесенькі — і я грэбліва адкіну яго пасля некалькіх пачатковых радкоў, не маючы сілы чытаць такую лухту да канца, але ўключыце мне гэтую песеньку ў выкананні прыемнага маладога жаночага голасу — і я, існуе верагоднасць, даслухаю яе, не ўдумваючыся ў словы, а цешачыся голасам і смакуючы рамантычныя ўспаміны юнацтва, ну а калі пасадзіць мяне перад экранам, на якім гэтую самую песню будзе выконваць уладальніца гэтага самага голасу і, як высветліцца, спакуслівых, не надта старанна прымаскіраваных вопраткаю формаў, дык увогуле за вушы не адцягнеш, яшчэ і паўторна захачу прагледзець кліп.
Такім чынам, верш, які ўспрымаецца пазітыўна толькі на слых (або на слых і зрокава, калі аўтар чытае яго ўжывую ці на экране), з’яўляецца не творам літаратуры, а канцэртным нумарам, і аснова поспеху гэтага нумара — не мастацкі ўзровень тэксту, а асабістыя якасці аўтара, яго тэмперамент, артыстычнае майстэрства, уменне падаць сябе. Сапраўдную каштоўнасць вершаванага тэксту можна беспамылкова вызначыць толькі праз візуальнае азнаямленне з яго друкаванай версіяй (ці, вядома ж, на дысплэі электроннага прыстасавання). Гэтую выснову я абвяшчаю не як догму, а як сваё меркаванне і як асаблівасць свайго ўспрымання паэзіі.
© Сяргей Абрамовіч, 2022