— Афіцыйная версія — утапілася. Але дзе гарантыя, што не ўкралі на здзек адмарозкі якія-небудзь? — мяркуе дзябёлы, жвавы і гаваркі пенсіянер. — Вабная была, усё пры ёй, — на гэтых словах робіць шараімітавальныя жэсты каля грудзей і клубоў. — Пяцьдзясят гадоў мела — сакавітая, самы росквіт. Ехалі, убачылі, запіхнулі ў машыну, вопратку знарок каля вады кінулі, каб са следу збіць.
У дзяцінстве пяцьдзясят гадоў здаваліся мне старасцю, у юнацтве — панылай парою, калі чалавек яшчэ не трухлявы, але ўжо не цікавіцца (так мне думалася) супрацьлеглым полам, а калі дажыву да веку гэтага настрашанага паскуднымі бандыцкімі кінамі мужыка, дык, хто ведае, можа, таксама перадпенсіянеркі маладухамі ўбачацца і кроў маю хваляваць будуць.
Пакуль што — не. Нават трыццацігадовым, чые абліччы зведалі далікатны, ненавязлівы дотык сур’ёзнага ўзросту, спачуваю. Хачу, каб не старэлі. Няхай застаюцца якімі ёсць. І адны не ходзяць, каб не ўкралі.
© Сяргей Абрамовіч, 2026