25.02.2026

У дзяцінстве я баяўся загінуць на вайне

Калі мне было гадоў пяць (яшчэ пры Саюзе), я сур’ёзна лічыў, што па дасягненні прызыўнога ўзросту вымушаны буду пайсці на вайну і, вядома ж, магу не вярнуцца адтуль жывым. Хто, з кім і за што будзе ваяваць, не задумваўся, ведаў толькі (па фільмах і расповедах дарослых) пра знешнюю, бачную сутнасць вайны — забіванне адных людзей іншымі.

Я лічыў, што і мне давядзецца паўдзельнічаць у такіх падзеях, таму, што меў вельмі павярхоўнае і аблуднае ўяўленне пра тэрміновую службу ў войску — атаясамліваў яе з рэальнай вайною. Калі, напрыклад, казалі, што кагосьці забралі ў армію, то гэтае паведамленне ўспрымалася мною як навіна пра адпраўку чалавека на вайну. Гартаючы бацькаў армейскі альбом, я думаў, што паказаныя на здымках людзі таксама забівалі і самі маглі загінуць у баі.

Па тэлевізары па суботах ці нядзелях ішла перадача пра армію, называлася «Служу Савецкаму Саюзу». Цьмяна памятаю мільганне нейкіх не звязаных аднаго з адным фрагменцікаў (ці то застаўкі, што паўтараліся ва ўсіх выпусках, ці то анонсы): бягуць, страляюць, б’юцца людзі, ідзе тэхніка, штосьці гарыць, штосьці ўзрываецца… Добра адбіўся ў памяці такі эпізод: па снезе нясецца танк, баец кладзецца паміж гусеніц і, калі танк праязджае, шпурляе ўслед яму гранату. З цікаўнасцю і жахам сузіраючы такога кшталту сцэны, я не падазраваў, што ўсё гэта — вучэнні, думаў, што паказваюць сапраўдную вайну. Хто, з кім і за што ваюе, паўтару, не ведаў і не задумваўся, але быў упэўнены, што гэта ў нашай краіне і што мяне гэтае ліха не абміне.

Калі штосьці ў перадачы было незразумела, я пытаўся, і мне, не ведаючы пра маё наіўнае, літаральнае ўспрыманне падзей на экране, тлумачылі ў такім сэнсе, што вось, маўляў, гэтыя тых забіваюць, гэтае прыстасаванне разбурае тыя аб’екты і г.д., — карацей, тлумачылі без агаворкі наконт умоўнасці падзей.

Часам старэйшыя цікавіліся ў мяне, чым я хачу займацца ў арміі (кажучы дарослай моваю, у якіх войсках хачу служыць), а таксама падчас прагляду ваеннага кантэнту па тэлевізары (мастацкія фільмы і вышэйзгаданая перадача) падбадзёрвалі-заахвочвалі: вырасцеш, пойдзеш у армію — таксама навучышся (біцца, страляць, пераадольваць перашкоды і г.д.). Аптымістычны, бадзёры тон, якім дарослыя вялі гаворку пра будучае салдацкае жыццё хлопчыкаў, даводзіў мне, што служба — гэта добра, пачэсна, прэстыжна, і я хацеў у салдаты, але ў той жа час вельмі перажываў, што магу быць забітым. І ўвогуле, сёння мне здаецца, што на самай справе тагачаснае маё жаданне служыць = ваяваць было трансфармаваным жаданнем дагадзіць аўтарытэтным суразмоўцам, апраўдаць іх чаканні.

Як ні дзіўна і як ні прыкра, у мірны час я пакутаваў ад вайны. Нават уласцівыя ўсім дзецям летуценні пра самастойнае, дарослае жыццё азмрочваліся ў мяне страхам наконт верагоднасці абрыву яго ў самым росквіце.

Баяўся, не хацеў гінуць (часам мне нават снілася, што мяне забіваюць на вайне стрэлам у жывот), аднак такімі сваімі перажываннямі не дзяліўся, паколькі мне і ў галаву не прыходзіла, што можа быць інакш: усе хлопчыкі вырастаюць і ідуць у армію = на вайну, і на гэтым кропка, без варыянтаў, такі лёс бачыўся мне адзіна магчымым, непазбежным і не падлягаў абмеркаванню. Але аднойчы я ўсё ж такі прагаварыўся пра свае страхі.

Зайшла гутарка з дарослымі пра маю будучую прафесію, і я, паведаміўшы, кім хачу зрабіцца (шафёрам, касманаўтам, будаўніком і г.д., ужо не памятаю), удакладніў: «Калі дажыву, калі на вайне не заб’юць». Мяне не зразумелі, спыталі, што за вайну маю на ўвазе. Я адказаў, што тую самую, якую па выхадных па тэлевізары паказваюць і на якую ідуць хлопцы, калі вырастаюць. Адказ мой усіх павесяліў, мне растлумачылі маю аблуду, і я адчуў сябе шчаслівым: ура, буду жыць, не заб’юць мяне! Яшчэ і з адным сваім сябрам падзяліўся гэтым радасным адкрыццём: «Ты ведаеш, што ў арміі нас забіваць не будуць? Нас там проста вучыць і трэніраваць будуць, там нікога не забіваюць!» — захоплена, ледзь не са шчаслівымі слязамі, тлумачыў я яму, а ён з няўцямным выразам твару згодна ківаў — ці то пачутае ад мяне не было для яго навіною, ці то ён слабавата даходзіў да сутнасці майго экзальтаванага слоўнага патоку і думаў пра штосьці іншае (дарэчы, у юнацтве яго застрэлілі з паляўнічай стрэльбы ў бытавым канфлікце).

Шчасцем, вядома ж, той мой стан я называю з нацяжкаю і нікому такога не пажадаю, бо гэта шчасце неспадзяванай адмены смяротнага прысуду пасля таго, як асуджаны паспеў пагадзіцца з лёсам і развітацца з жыццём.

© Сяргей Абрамовіч, 2026