Туга і адчай ахопліваюць, калі бачу важкіх і распоўзлых жанчын з пустымі позіркамі, якіх памятаю лёгкімі, паветранымі дзяўчатамі з агеньчыкам у вачах. Няўклюдныя, запаволеныя рухі, цяжкія, стомленыя, хоць адначасова добрыя, а часам і вясёлыя, выразы твараў… Калі сустрэну першы раз, не бачыўшы юнаю, то нічога, а калі ёсць з чым параўнаць, то жаль сцісне сэрца.
Седзячы на касе стажоркаю, сарамліва апускала позірк, бо адчувала ў маёй увазе кампанент цікаўнасці да супрацьлеглага полу: прыйшоў як кліент і не застаўся абыякавым да яе прыгажосці. А сёння мае дваіх дзяцей, процьму гаспадарчых клопатаў, рэдкія валасы, абвіслыя шчокі, тоўстыя пальцы, цела разліваецца кісялём, дзесьці напінаючы вопратку, дзесьці вывальваючыся з яе.
Гэткімі самымі метамарфозамі пазначана і тая, што сустракае мяне ў прыёмнай начальніка адной шарагі, у якую часам звяртаюся. Калісьці рэагавала на маё з’яўленне таксама сарамліва і, здавалася мне, з надзеяй, з жаданнем, каб мэтаю візіту не абмежаваўся і паспрабаваў пазнаёміцца бліжэй. Хацеў, але, як і з прадаўшчыцай, не адважваўся: непрэстыжна, прынясі-падай, не мой узровень, у масавай свядомасці да гэтай прафесіі паблажліва-іранічнае стаўленне з намёкам на вядомую непрыстойнасць.
Упэўнена, па-апякунску, адчуваючы сябе гаспадыняю, а ўва мне бачачы сціплага і зніякавелага госця, прымала мяне на медаглядах (лячыцца тады не было патрэбы: не хварэў у юнацтве). Я крадком пазіраў на рэльефныя фрагменты яе цела, лавіў позіркам рухі і шкадаваў, што нехта шчаслівы мяне апярэдзіў: на пальцы — шлюбны пярсцёнак. А сёння… Не, не патаўсцела, наадварот, высахла, бы трэска, скура твару чэрап аблягае — мумія.
Журуся, убачыўшы іх і да іх падобных, нібыта з каханай дзяўчынаю развітаўся назаўсёды. А так яно і ёсць: кожную, хаця б неўсвядомлена, у глыбіні псіхікі, жадаў мець за спадарожніцу жыцця, нават тых, што сядзелі на непрэстыжных пасадах (такім палкім быў у юнацтве: колькі прыгожых сустрэну, столькі разоў закахаюся). І цяпер іх — колішніх няма, гэта ўжо іншыя асобы, значыць, вось яно, развітанне назаўсёды.
Вядома ж, і сам не памаладзеў, лысы, зубы сто разоў лечаныя, то раз’емся, то, унатурыўшыся, да шкілета схуднею (аптымальны ўзровень утрымліваць не даю рады). Але ў люстэрку паказваюся толькі голячыся, а гэта ранішнія зборы на працу, няма калі падчас іх разважаць пра хуткаплыннасць і незваротнасць часу, таму і адчуваю сябе тым даўнім юнаком, які пераборліва разглядае дзяўчат, ацэньваючы прыдатнасць/непрыдатнасць сабе да пары.
© Сяргей Абрамовіч, 2026