07.02.2020

Ліхтарыкі майго дзяцінства і юнацтва

Карманный фонарик

У малодшашкольным узросце мне вельмі хацелася мець уласны кішэнны ліхтарык, але жаданне гэтае я нават не агучваў бацькам, бо лічыў няспраўджвальным: бачыў, што жывём небагата, і некалькі ліхтарыкаў у нас перабыло (не чыіх-небудзь уласных, а для агульнага карыстання), і калі кожны з іх псаваўся без магчымасці рамонту, то да набыцця новага мінала даволі шмат часу, паколькі гэтая рэч лічылася не самай патрэбнаю ў нашым побыце (інтэрнацкі пакой), трымалі яе на выпадак знікнення электрычнасці, ды і то як пэўную раскошу, бо добра абыходзіліся свечкаю. А яшчэ раней, у дашкольным узросце, я пэўны час нават гуляў з абломкам ліхтарыка — кавалак корпуса і раскідвальнік святла — уяўляў, што гэта цэлы і дзейны прыбор і я ім свячу.

Аднойчы, слухаючы па радыё ці то мастацкі, ці то публіцыстычны твор нейкага пісьменніка, ці то яго ўспаміны, я быў уражаны пасажам наступнага зместу (даслоўна, вядома ж, ужо не прывяду, але пастараюся перадаць сутнасць): «У сучасных дзяцей шмат найцікавейшых цацак, іх нічым не здзівіш, і хочацца ім яшчэ больш, — наракаў аўтар, і ў тоне яго гучалі настальгія, дакор і павучанне. — А вось у гады майго галоднага вясковага дзяцінства нічога такога незвычайнага мы не мелі, і самай лепшай цацкаю быў для кожнага з нас кішэнны ліхтарык. Мы бегалі з імі па начах, лавілі святлячкоў, і нам было цікава, і ніякіх іншых забаў мы не шукалі і цацак не прасілі». На той момант я меў і машынкі, і пісталеты, і канструктары, а ліхтарыка не меў і таму, слухаючы радыё, цацкава-забаўнаму аспекту буркуновага дзяцінства пазайздросціў.

Верагодна, тады спрацаваў прынцып «Там добра, дзе нас няма», але не магу не адзначыць і тое, што пісьменнік скаціўся ў банальнасці і рэзанёрства, не стрымаў старэчага жадання паківаць пальцам і пачытаць маралі, разнудзеўся. Любому дзіцёнку цікавыя любыя цацкі, як прынесеныя з крамы стандартныя, традыцыйныя, так і здабытыя іншымі спосабамі і не прызначаныя ўласна для дзяцей. У мяне, напрыклад, разам з фабрычнымі цацкамі ляжалі нацяганыя з бацькавай працы клапаны ад рухавіка ўнутранага згарання, дэталі разабраных спідометраў (магніты, падшыпнікі, колцы лічыльніка і інш.), руль ад грузавіка ГАЗ-53, знойдзеныя на вуліцы медны балончык ад халадзільніка, элемент карбюратара ад мапеда — і ўсё было мне дарагім, я засмучаўся, калі якая-небудзь дробязь гублялася, а калі знаходзіў яе (закацілася пад шафу ці яшчэ куды схавалася) — радаваўся.

У сярэдняшкольным узросце я стаў майстраваць падабенствы ліхтарыкаў з розных дэталей, батарэек і лямпачак, дзе-небудзь знойдзеных ці выменяных на што-небудзь у сяброў, а аднойчы на Новы год мне падаравалі сапраўдны, паўнавартасны ліхтарык, куплены на нашым вясковым базарчыку. Алкалінавых батарэек і светладыёдных лямпачак мы тады яшчэ не ведалі (верагодна, яны ўжо існавалі, але да нашай глыбінкі пакуль што не дайшлі), і таму ліхтарыкі прынята было выкарыстоўваць ашчадна, уключаючы ненадоўга, толькі пры пільнай патрэбе, бо вугальныя элементы сілкавання хутка садзіліся. Не стаў выключэннем і атрыманы мною навагодні падарунак, рэсурс батарэек даводзілася берагчы.

Пазней я, сабраўшы з ашчаджаных кішэнных грошай нейкую даволі значную суму, купіў у райцэнтры акумулятарны ліхтарык (лямпачка — яшчэ старая, напальвання, на 3,5 вольта), які для зарадкі ўстаўляўся ў разетку, і быў вельмі задаволены набыткам. Былі задаволены і мае сябры — тым, што ў нашай кампаніі з'явілася як мінімум адна пастаянная, надзейная крыніца святла, з якою мы цяпер маглі лазіць па падвалах, гарышчах і швэндацца ноччу па ўсялякіх іншых цёмных мясцінах (сябры мае ўласных ліхтарыкаў не мелі і толькі часам бралі з дазволу бацькоў або ўпотайкі агульныя).

Световой круг от карманного фонарика

Световой круг от карманного фонарика

На жаль, той ліхтарык аднойчы я забыў у вёсцы, у якую мы з бацькамі кожнае лета ездзілі гасцяваць, ён праляжаў там год без зарадкі, і акумулятары сапсаваліся.

Чарговы раз я набыў ліхтарык, калі паступіў ва ўніверсітэт і, прыязджаючы на выхадныя з Мінска ў родную вёску, вымушаны быў ісці ў цемры кіламетры два полем, у тым ліку ўздоўж рэчкі і праз забалочаную нізіну. Купіў яго ў сталічным універмагу. Паводле сённяшніх мерак гэта ўжо ці не антыкварыят: з лямпачкай напальвання і сапраўдным шклом (сучасныя — з пластыкам), з металічным раскідвальнікам (сучасныя — пластыкавыя з люстраным пакрыццём, або ўвогуле замест іх патокам святла кіруе павелічальная лінза, зноў жа пластыкавая), цяжкі з прычыны ўкамплектаванасці дзвюма вялізнымі батарэйкамі тыпу D (балванкі таўшчынёю з дзяржанне рыдлёўкі).

Фонарик с двумя батарейками

Рарытэт захоўваецца ў мяне дагэтуль (на здымках — менавіта ён), і некалькі лямпачак да яго (у продажы такіх не бачыў ужо шмат гадоў, не выпускаюць відаць). Нядаўна я нават дзеля смеху купіў батарэйкі і карыстаўся ліхтаром свайго юнацтва (у падвал схадзіць, у машыне вечарам пакорпацца і г.д.). Магутнасць зусім не тая, што ў сучасных светладыёдных, але мяккае, цёплае святло і ўтвораны ім на доле і на сценах колападобны малюнак, што нагадвае то сонца, то поўню, то шаравую маланку, цешаць вока і абуджаюць прыемную настальгію.

Световой круг на стене

Карманный фонарик

© Сяргей Абрамовіч, 2020